У Курапатах зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы, што стаялі ўздоўж Менскай кальцавой дарогі.
«Да гэтага лясгас ня мае ніякага дачыненьня. Нават ня ведаю, што там нешта зьнікла, зараз паеду адмыслова пагляджу. За агароджай – гэта ўжо ня наша тэрыторыя, мы на ёй нічога не рабілі», — пракамэнтаваў зьнікненьне мэталічных крыжоў дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч.
Паласа зямлі між кальцавой і Курапатамі, дзе стаялі мэталічныя крыжы, належыць дарожнай службе.
Цяпер на месцы мэталічных крыжоў з боку кальцавой, уздоуж Курапатаў, высаджвацю дрэвы. Там працуе больш за 10 чалавек. Працаўнікі не кажуць, зь якой яны арганізацыі і сьцьвярджаюць, што калі пачалі сваю працу, пасьля 11.00, мэталічных крыжоў ужо не было. Адзін з рабочых усё ж сказаў, што яны з арганізацыі «Менскбудмантаж», якая абслугоувае пуцепровады і падземныя пераходы на кальцавой.
З боку кальцавой, каля агароджы, засталося толькі 3 мэталічных крыжа, яны знаходзяцца на курапацкай тэрыторыі, унутры масіву. З боку Заслаўскай дарогі усе мэталічныя крыжы засталіся, але яны таксама ўнутры, на тэрыторыі Курапатаў, відаць, таму іх не чапалі.
Паводле актывіста Зьмітра Казакевіча, крыжы стаялі яшчэ раніцай 13 красавіка. «Абыходзіў Курапаты пасьля 8-й раніцы — нічога не заўважыў падазронага».
Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, сёньня ў Курапатах прайшоў суботнік «па прыбіраньні і добраўпарадкаваньні».
«Гэта нашая традыцыйная акцыя перад Вялікаднем і Радуніцай», — сказаў старшыня Менскага абласнога абʼяднаньня прафсаюзаў Віктар Маліноўскі.
Карэспандэнт Свабоды даведаўся поўны сьпіс арганізацый, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў суботніку.
- Менская абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі
- Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі
- Менскі водаканал
- «Белая Русь»
- Чырвоны Крыж
- Фонд Міру
Паводле дырэктара Бараўлянскага лясгасу Аляксандра Мірановіча, на суботніку працавалі каля 150 чалавек.
Знос крыжоў уздоўж МКАД у Курапатах пачаўся 4 красавіка. Тады зьнесьлі 70 крыжоў і паставілі плот вакол урочышча.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла тады працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч сёньня пацьвердзіў Свабодзе, што гатовы вярнуць зьнесеныя драўляныя крыжы ўласьнікам, калі яны пацьвердзяць дакумэнтамі.
«Больш за тое, яны змогуць іх усталяваць у Курапатах зноў, у лесе — але калі зьвернуцца ў мінкультуры і ўсё зацьвердзяць. Але не такія высокія, па 6 мэтраў, якія могуць на галовы людзям пападаць і забіць, а меньшай вышыні, як дагэтуль усталёўвалі. Вось такія, да двух мэтраў вышыні — гэта мне зразумела, што сымбаль магілы, а вялікія тут ня трэба», — сказаў Аляксандар Мірановіч.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.