Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна, паведаміла Свабодзе жонка палітыка Марына Адамовіч. Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца будуць судзіць у панядзелак у судзе Менскага раёну. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец, заклікаўшы людзей прыйсьці ў суд падтрымаць Паўла.
Павал Севярынец быў затрыманы 5 красавіка ў Курапатах разам з актывісткай Нінай Багінскай нібыта для «высьвятленьня асобы» (Багінская ішла «прысароміць» будаўнікоў, Севярынец спрабаваў правесьці стрым). Як паведаміла Свабодзе сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, Ніну Багінскую трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну, а ў панядзелак будуць судзіць.
У той жа дзень у Курапатах затрымалі грамадзкіх актывістаў Вольгу Мікалайчык і Макісіма Вінярскага. Праўдападобна, што суды на імі адбудуцца таксама ў панядзелак 8 красавіка, паведамляе палітык Яўген Афнагель.
Таксама мяркуецца, што адбудзецца суд над былым кандыдатам на прэзыдэнта Міколам Статкевічам, які быў ініцыятарам малітвы за Курапаты ў цэнтры Менску 7 красавіка.