Зранку 7 красавіка працаўнікі арганізацыі «Заслаўебудіндустрыя», якія ўсталёўваюць агароджу вакол Курапатаў, на аб'екце не працуюць. Вакол Курапатаў ня бачна і будаўнічай тэхнікі.
Напярэдадні, у суботу, будаўнікі завершылі мантаж агароджы вакол Курапацкага лесу з боку кальцавой дарогі і з боку «Экспабелу», днём раней была узьведзеная агароджа з боку рэстарацыі «Поедем-поедім».
Нязробленымі засталіся каля 200 мэтраў агароджы ад Заслаўскай аўтадарогі. У гэтым месцы выкапаныя ямы пад слупкі і нацягнутая будаўнічая вяроўка, але слупы і сетка не ўсталяваныя. Адмыслоўцы не выключаюць, што працы не ўдалося завершыць ужо ў суботу з-за складанага рэльефу ў гэтым месцы.
Між тым «людзі ў цывільным» працягваюць дзяжурыць вакол Курапатаў. Аб 11-й гадзіне там дзяжурыла да 10 супрацоўнікаў. Таксама з раніцы ў нядзелю ў Курапаты пайшлі актывісты. Людзі аглядаюць мясьціны, наведваюць узвышша, названае «Галгофай», ускладаюць кветкі і зьнічы да крыжоў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.