Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Барок пра Курапаты: Або вернем тых, хто там ляжыць, або і нас пахаваюць там


Вячаслаў Барок, архіўнае фота
Вячаслаў Барок, архіўнае фота

Каталіцкі сьвятар Вячаслаў Барок на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выказаўся наконт зносу крыжоў у Курапатах.

«Ва Ўкраіне быў Майдан.
У нас Курапаты.
Гэта наш боль і нашая надзея. Гэта нашая мінуўшчына і нашая будучыня.

Курапаты — гэта наш выбар: або мы вернем тых, хто там ляжыць, або і нас пахаваюць там. Ня быўшы у праблемах у палітыцы, атрымаем кулі ў патыліцы.

Сёньня, каб упісаць свае імёны ў слаўную гісторыю нашага народу, трэба ўзгадаць, адкрыць імёны ўсіх тых, хто загінуў у такіх «курапатах» па ўсёй нашай краіне. Адкрыць архівы...

Ёсьць альтэрнатыва, зрабіць інакш. Той, хто думае інакш, і змагаецца з крыжамі, выступае супраць «дэманстрацыі крыжоў» непазьбежна ў гісторыю ўляпаецца. Але такая гісторыя мае хуткі канец, але ганебны. Крыжа Хрыстовага яшчэ ніхто не перамог.

Сёньня Курапацкія Крыжы сталі для ўсёй Беларусі «знакам бяды» і сымбалем канфрантацыі. І гэта не пярэчыць лёгіцы Крыжа Хрыстовага. Хрыстос казаў: «ня мір, прыйшоў я прынесьці, але меч» (Мц 10,34). Крыж яднае там, дзе ёсьць пакаяньне. Аднак, становіцца памежным слупам там, дзе пачынаецца царства сатаны. Хрысьціянін ня можа апраўдаць зьнеслаўленьне Крыжа, бо гэта рубікон, за які ні на крок не дазваляецца саступіць. Гэты крок вырашае ў якім ты апынесься валадарстве. Адзін крок і ты ўжо не сьвятар Хрыстовы і нават не хрысьціянін. Ты ўжо слуга д’ябла, бо апраўдваеш зло.

Напрыклад, меркаваньне, што з дрэва крыжа, можна штосьці больш карыснае зрабіць, якое было выказана СБ, пасуе таксама да лёгікі сатаны.

Курапаты — гэта момант ісьціны. Паказвае, хто ёсьць хто.

Для Чалавека, гэта магчымасьць стаць у праўдзе, якая вызваліць яго.

Чалавек не баіцца быць у Курапатах. Чаго баяцца Чалавеку: беззаконьня, зьняволеньня, пазбаўленьня працы, амапаўцаў? Чалавек можа баяцца толькі аднаго, перастаць быць Чалавекам.

А перастанем быць людзьмі, калі зробім выгляд, што няма ніякіх Курапатаў, няма там людзкіх костак, не было там ніякіх сотняў тысяч невінавата забітых бязбожнай уладай. Калі іх няма, то і нас няма. Гэтага трэба баяцца, а не чагосьці іншага.

Курапаты — наша Галгофа. Чым далей, тым вышэй угару, тым бліжэй укрыжаваньне, тым бліжэй фінал. Якім ён будзе, кожны абірае сабе сам.

Я выбраў. Я сказаў. Я хачу пакаяньня для ўсёй Беларусі. Я хачу пераменаў і сьветлай будучыні для нашай краіны.

І тут ужо ня важна, ці з крыжам я буду, ці пад крыжам, ці нават на крыжы. Мой фінал у любым выпадку — фінал шчасьлівы, бо гэта фінал пераможцы. Калі я Крыжа не адрокся, то і Хрыстос не адрачэцца ад мяне.

З Крыжам пераможам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG