Увечары 4 красавіка ў Курапатах пад Менскам адбылася супольная малітва.
Чаму маліліся?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Прывядзём у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».
Удзел у крыжовым шляху ўзялі каля 220 чалавек, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
У крыжовым шляху ўзяў удзел пратэстанцкі сьвятар Антоній Бокун. Спачатку ўдзельнікі шляху набажэнства некалькі малітваў на «Галгофе», а таксама гімн «Магутны Божа», пазьней — спусьціліся ў той бок урочышча крыжовай хадой, дзе сёньня пачалі ставіць плот. Там і па дарозе таксама зачыталі некалькі малітваў.
Вернікі чыталі малітвы і сьпявалі рэлігійныя песьні.
На ўваходзе ва Курапаты і ля «Галгофы» дзяжурылі людзі ў цывільным, вялі відэафіксацыю. Супрацоўнікі міліцыі удзельнікам крыжовага шляху не заміналі.
Сярод удзельнікаў крыжовага шляху быў дарадца амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вацэхоўскі. Таксама ў Курапаты прышлі палітыкі Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, блогеры Эдуард Пальчыс і Антон Матолька, а таксама бізнэсовец Павал Белавус.
Як сказаў адзін зь вернікаў, іх малітвы і сёньняшні чын наўпрост зьвязаныя з ранішнімі падзеямі ў Курапатах.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.