У курапацкім крыжовым шляху 4 красавіка бяруць удзел каля 200 чалавек.
Што адбылося?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Прывядзём у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».
Вернікі чыталі малітвы і сьпявалі рэлігійныя песьні.
На ўваходзе ва Курапаты і ля «Галгофы» дзяжурылі людзі ў цывільным, вялі відэафіксацыю. Супрацоўнікі міліцыі людзям не заміналі.
Як сказаў адзін зь вернікаў, іх малітвы і сёньняшні чын наўпрост зьвязаныя з ранішнімі падзеямі ў Курапатах.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.