Абаронцу Курапатаў Валянціну Яроменак вызвалілі з ізалятара часовага ўтрыманьня.
Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку Юлія Сьцяпанава.
Валянціна сказала карэспандэнту Свабоды, што яе пратрымалі ў пастарунку каля сямі гадзінаў і выпусьцілі у 18.30. На яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы: за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Яна кажа, што яе адпусьцілі толькі таму, што трэба было забраць з садка чатырохгадовую дачку. Валянціна кажа, што астатніх актывістаў, якія знаходзяцца ў ІЧУ, будуць трымаць да суду.
Там сярод іншых яна бачыла Паўла Севярынца, Ніну Багінскую, Зьмітра Дашкевіча, Віталя Трыгубава, Арцёма Кляпца.
Валянціна — адна з 15 чалавек, затрыманых у Курапатах 4 красавіка.