Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расказваў, што за ім сочаць». Што вядома пра затрыманага з выбухоўкай берасьцейскага актывіста


Майсей Мазько
Майсей Мазько

Паплечнікі па пратэстах супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем перакананыя, што патроны і выбухоўку ў машыну Мазько падкінулі.

Навіна пра затрыманьне аднаго з ініцыятараў мясцовага рэфэрэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем Майсея Мазько зьявілася ўвечары 2 красавіка. Машыну, у якой ехаў Мазько, спыніў патруль ДАІ. Майсею патлумачылі, што неабходна праверыць нумары рухавіка і кузава, а таксама агледзець салён. Неўзабаве пасьля гэтага каля пасажырскага сядзеньня даішнікі знайшлі скрутак памерам 5 на 10 сантымэтраў. А ў ім — прадметы, падобныя да паляўнічых патронаў і выбухоўкі.

Зброю ў руках апошні раз трымаў у 1975 годзе

«Я быў на месцы, калі ўсё гэта адбывалася, — расказвае Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк. — Адразу прыехаў, калі даведаўся пра затрыманьне. Майсей расказаў мне, што супрацоўнікі ДАІ адразу запыталі ў яго, ці мае ён забароненыя рэчы ў аўтамабілі. Гэта само па сабе дзіўна. Потым знайшлі гэты пакунак. Мазько кажа, што ня мае да яго дачыненьня. Расказаў, што зброю апошні раз трымаў у 1975 годзе на Кубе. Ён былы марак, трапіў на Кубу на караблі. Мясцовыя далі патрымаць аўтамат Калашнікава. Ніякай зброі ў Майсея ніколі не было, ён ня быў паляўнічым».

Аўтамабіль, у якім знаходзіўся Майсей Мазько ў момант затрыманьня, яму не належыць. Гэта службовы транспарт, якім карыстаецца ня толькі Мазько (ён працуе заўгасам у праваслаўным манастыры). Па словах берасьцейскіх актывістаў, за некалькі дзён да затрыманьня Майсей Мазько заўважыў, што за яго перамяшчэньнямі сочаць невядомыя.

«Мы не надалі гэтаму належнай увагі, шмат падзей было ў апошнія дні, — расказвае Раман Кісьляк. — Майсей расказаў, што заўважыў сачэньне. Аднак ніхто ня думаў, у што гэта можа выліцца. Майсей — актыўны ўдзельнік пратэстаў ад самага пачатку. Яго подпіс стаіць пад большасьцю зваротаў наконт будаўніцтва акумулятарнага заводу. Ён ад самага пачатку прымае актыўны ўдзел ва ўсім, яшчэ пачынаючы са студзеня мінулага году. Майсей разам з жонкай жыве ў Тэльмах, гэта зусім побач з будаўнічай пляцоўкай. У яго двое дарослых дзяцей, якія маюць свае ўласныя сем’і. Яны таксама пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця».

Аўтамабіль Майсея Мазько спынілі на трасе 2 красавіка 2019 году
Аўтамабіль Майсея Мазько спынілі на трасе 2 красавіка 2019 году

«У апошнія дні адчувалася трывожнасьць»

Раніцай 3 красавіка ў доме Майсея Мазько ў Тэльмах адбыўся вобшук. Падчас яго ніякіх забароненых прадметаў і рэчываў сьледчыя не знайшлі.

Пад Берасьцем Майсей Мазько жыве з 80-х гадоў. Нарадзіўся ён у Янаўскім раёне, а неўзабаве пасьля завяршэньня сваёй марской кар’еры перабраўся ў абласны цэнтар, дзе доўгі час працаваў будаўніком. Апошнія 15 гадоў — эканом Сьвята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра.

«Бацька ня мае ніякай зброі, гэта ня той тып чалавека, — сказаў Свабодзе Дзяніс, сын Майсея Мазько. — Ён ніколі ня меў справы са зброяй. Гэта ведаюць усе яго знаёмыя, яго сябры, абсалютна ўсе. Аўтамабіль службовы».

На думку Дзяніса Мазько, падзеі 2 красавіка наўпрост зьвязаныя з грамадзкай актыўнасьцю бацькі і яго ўдзелам у кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

«Ведаеце, апошнімі днямі адчувалася нейкая трывожнасьць, — кажа Дзяніс Мазько. — Не адзін чалавек згадваў, што ёсьць сачэньне. Потым, скажам так, часта заўважалі патрульную машыну міліцэйскую, на дадатак да звычайнага паста ДАІ. Быў пах сытуацыі, так скажам».

Удзел у кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу стаў для Майсея Мазько першай грамадзкай актыўнасьцю. Ён ня быў раней зьвязаны зь недзяржаўнымі арганізацыямі ці апазыцыйнымі палітычнымі партыямі. Родныя пакуль ня маюць кантакту з затрыманым. Раніцай 3 красавіка ў Майсея Мазько зьявіўся адвакат.

«У бацькі ёсьць адвакат, ён ужо працуе, — кажа Дзяніс. — Мы пакуль не адчуваем іншага ціску, сачэньня за сабой. Верагодна, ёсьць праслухоўваньне тэлефонаў. Іншага пакуль не заўважылі нічога».

Па стане на раніцу 3 красавіка ў дачыненьні да Майсея Мазько заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу. Мазько затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Праводзяцца працэсуальна-сьледчыя дзеяньні. Артыкул, па якім падазраюць Майсея Мазько, прадугледжвае пакараньне ад двух гадоў папраўчых прац да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG