Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згарэў адзіны ў Беларусі прытулак для траўмаваных птушак


У вёсцы Майсеевічы пад Асіповічамі згарэў адзіны ў Беларусі прытулак для траўмаваных птушак. Цалкам зьнішчаны зімнік і сховішча кармоў. Загінулі гадаванцы. Праваахоўныя органы высьвятляюць прычыну пажару.

Прытулак некалі стварылі Аляксандар і Жанна Сталяровы, сюды прыводзілі птушак з траўмамі з усяе Беларусі.

Уратавалі ад пажару 9 буслоў. Два страўсы зьбеглі

Акрываўлены страўс
Акрываўлены страўс

Гаспадыня прытулку Жанна Сталярова кажа, што птушнік загарэўся на досьвітку 27 сакавіка. Полымя шугала вышэй за дрэвы. Загінуў адзін бусел, палявы лунь і 400 індычанят, якіх зьбіраліся прадаваць, а на выгадаваныя грошы карміць птушак-«інвалідаў». Каб уратаваць ад сьмерці страўсаў эму, якіх разводзілі таксама дзеля сродкаў на параненых птушак, вальеры давялося адчыніць.

«Два страўсы зьбеглі, і мы ня ведаем, дзе яны. Памяшканьня для птушак няма, індычанят няма, кармоў няма», — кажа пра сытуацыю, у якой апынуўся прытулак, Жанна Сталярова.

Паводле яе, уратаваць удалося 9 буслоў. Не закрануў пажар вальеры з крумкачовымі ды совамі. Два страўсы, якія засталіся, напалоханыя і траўмаваныя. Калі быў пажар, то яны кідаліся на агароджу, каб яе пераскочыць. У выніку пашкодзілі да крыві шыі.

Цяпер патрэбныя будаўнічыя матэрыялы адбудаваць зьнішчанае

Гаспадыня прытулку кажа, што прыяжджалі сьледчыя, якія цяпер высьвятляюць прычыну пажару. Месца здарэньня агароджанае. Сама яна не выказвае здагадак, што магло выклікаць узгараньне.

Паводле Жанны, цяпер на аднаўленьне зімніку і вальераў патрэбныя будаўнічыя матэрыялы і сродкі на іх. «Нам трэба за лета адбудаваць зьнішчанае пажарам, каб узімку траўмаваныя птушкі былі ў цеплыні», — кажа яна.

Жанна спадзяецца на неабыякавых людзей. Зьвязацца з Сталяровымі можна праз гэтую спасылку. У прытулку цяпер жывуць больш за 80 птушак.

Аляксандар і Жанна Сталяровы пачалі ратаваць параненых і кінутых птушак ад 2013 году. У 2017-м зарэгістравалі прыватную некамэрцыйную прыродаахоўную ўстанову «Ахова прыроды». Набылі ў Майсеевічах, якія за 30 кілямэтраў ад Асіповічаў, сядзібу і прыстасавалі для прытулку.

За пяць гадоў сям’я Сталяровых уратавала больш за тры сотні птушак. Многія зь іх пасьля траўмаваньня ня змогуць вярнуцца ў дзікую прыроду. Большасьць пашкоджаньняў — вынік дзейнасьці чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG