Сэрыю інтэрвію Свабоды з жыхарамі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, якія выбіраюць сабе прэзыдэнта, працягвае гутарка з бізнэсоўцам Сяргеем Жукоцкім.
Карэспандэнты Свабоды перад выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны наведалі вёскі за 15–40 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Жыцьцё беларусаў Гомельшчыны і ўкраінцаў Чарнігаўшчыны шмат у чым падобнае: нізкія пэнсіі і заробкі, дэпрэсіўны стан вёсак і гарадкоў. Розьніца — у думках, спадзяваньнях, жыцьцёвай філязофіі. Суразмоўцамі Свабоды былі бізнэсовец, пэнсіянэры, сьвятары, дзяржаўны службовец, юрыстка.
Сёньня гутарка з чарнігаўскім прадпрымальнікам Сяргеем Жукоцкім, уладальнікам апарт-гатэлю «Парасолька», які расказаў:
- За каго ня будзе галасаваць на выбарах прэзыдэнта.
- Чаму ня любіць «рускі мір».
- Хто не дае Ўкраіне рухацца наперад.
- Што бізнэсу трэба ад уладаў Украіны.
- Чаму Беларусь чакаюць новыя выпрабаваньні.
52-гадовы Сяргей Жукоцкі жыве ў Чарнігаве, мае сямейны бізнэс, частка якога — апарт-гатэль у цэнтры гораду. Ён актыўна займаецца спортам. У 2011 годзе Сяргей стаў чэмпіёнам сьвету ў бэнчпрэсе (выцісканьне са штангай) у Лас-Вэгасе. Дагэтуль займаецца бодыбілдынгам. Двое дарослых дзяцей — сын і дачка, абодва атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын цяпер дапамагае ў бізнэсе, дачка — адна з кіраўнікоў тэатру, які гастралюе ва ўсім сьвеце.
Пяць гадоў таму Сяргей Жукоцкі выкупіў пад’езд дому ў цэнтры Чарнігава, расьсяліў людзей з кватэраў. Было нялёгка, але даў рады. Цяпер ягоны гатэль практычна заўсёды запоўнены на 100%.
У ім бываюць госьці з усяго сьвету, Чарнігаў — горад старажытны, цікавы, а таксама транзытны, таму сярод гасьцей гатэлю тут шмат службоўцаў.(ФОТА-ЧАРНІГАЎ)
Пра выбары прэзыдэнта і шэрую масу
У інтэрвію Свабодзе Сяргей кажа, што будзе галасаваць «хоць за каго, толькі не за Парашэнку». Ён марыць, каб Украіна была «як мага далей ад «рускага сьвету».
«Я шмат паезьдзіў па сьвеце, ведаю, што такое «польскі сьвет», «чэскі сьвет», «амэрыканскі сьвет» — вось так хачу жыць, а ня ў «рускім сьвеце», — кажа чарнігаўскі бізнэсовец.
Сяргей Жукоцкі мяркуе, што «рэвалюцыі або нейкія зьмены робяць 2-3% насельніцтва».
«А потым прыходзіць вось гэтая шэрая маса і выбірае нам ідыёцкіх прэзыдэнтаў! Гэта робяць людзі, якім дай дзесяць капеек ці пачак грэчкі — і яны прадаюцца. Нам яны перашкаджаюць разьвівацца. У выніку нашы кліенты — тыя, хто мог бы наведваць рэстарацыі, забаўляльныя ўстановы, кіно, хто мог бы начаваць у гатэлі — зьяжджаюць. Застаецца шэрая маса, якая ходзіць на кірмаш і дахаты, нікуды больш. Яны нікуды ня езьдзяць, нічога ня бачаць — і краіна не разьвіваецца празь іх», — перакананы Сяргей.
Пра дачыненьні бізнэсу і ўлады
Бізнэсовец кажа, што хоча ад украінскай улады аднаго:
«Ня лезьце да нас, дапамагаць нам ня трэба, змагайцеся ў іншых месцах! Там, дзе яны змагаюцца з беднасьцю, — там куча бедных. Вось там хай і шчыруюць».
На думку Сяргея Жукоцкага, галоўная неабходная ўмова для разьвіцьця бізнэсу — нармальнае крэдытаваньне.
«Я хачу браць крэдыты пад 5%, а не 27%. Хачу, каб не было дурных праверак, адміністрацыйнага ціску», — зазначае бізнэсовец.
Жукоцкі кажа, што апошнімі гадамі моцна зьмяніліся і ўкраінскія бізнэсоўцы:
«Мы ужо не такія, што нехта нас будзе біць і шугаць, груба кажучы. Калі на мяне наехаць з боку ўлады — я вам пажарышча зладжу, а так, як раней, дзяржаве нешта аддаваць я ня буду. Яны нам нічога не далі, мы самі сябе пабудавалі, і таму ня маюць права нам нешта загадваць».
Сяргей Жукоцкі прыводзіць прыклад, як да яго прыходзіў генэрал з патрабаваньнем павесіць «нейкія камэры», бо гатэль у цэнтры гораду:
«Хто ён мне такі, каб загадваць? Хай сабе павесіць тыя камэры куды хоча!» — кажа ўласьнік чарнігаўскага гатэлю.
Пра беларусаў і бяду, якая іх чакае
Сяргей станоўча ставіцца да беларусаў, якія часта спыняюцца ў ягоным гатэлі. Пры гэтым ён мяркуе, што «наперадзе ў беларусаў вялікая бяда»:
«Бо ў нас тут, у Чарнігаве, вагон савецкіх людзей, а ў вас іх проста процьма! Нашы гэтыя савецкія людзі нам проста жахліва перашкаджаюць разьвівацца, а што казаць тады пра вас», — зазначае чарнігаўскі бізнэсовец.
Зь ягоных назіраньняў за тымі беларусамі, якія спыняліся ў яго, — «гэта адназначна чыста савецкія людзі», першае пытаньне якіх: «Што і дзе таньней?».
«Нават расейцы, зь якімі ў нас вайна, больш падобныя да нас мэнтальна, бо жывуць і разьвіваюцца, як і мы, ва ўмовах дзікага капіталізму. Вашы ж так чапляюцца да ўсяго! Просяць больш ручнікоў, каб быў халат і тэпці — за такія грошы, а цэны ў нас сьціплыя. Я магу даць і халат, і дзесяць ручнікоў, як яны просяць, — але кошт будзе тады зусім іншы. Папікаюць мяне, што бяру шалёныя грошы, маўляў, ні за што. Патрабуюць новую лядоўню, новую капу! Ды ведаю я, колькі такія паслугі каштуюць у Беларусі і па ўсім сьвеце. У мяне ж значна таньней», — кажа Сяргей.
Паводле яго, ні з эўрапейцамі, ні з расейцамі ў яго не было ніякіх пытаньняў. Беларусам і тое ня так, і гэта ня гэтак.
«Ох, вялікая ў вас бяда наперадзе з такімі людзьмі, з такім «гома саветыкусам», — кажа бізнэсовец.
Ён расказаў гісторыю, як жыў у яго беларус, здаецца, ні на што ня скардзіўся, а потым паставіў благія адзнакі гатэлю на Booking.com.
«Што цікава — празь нейкі час зноў прыехаў да мяне. Але я яму адмовіў у жытле. Гэта ў мяне было ўпершыню. Вось проста сказаў: да пабачэньня, я не хачу вас пасяляць», — дадаў Сяргей.