Палата абшчын парлямэнту Вялікабрытаніі вечарам 25 сакавіка прагаласавала за тое, каб забраць ад ураду Тэрэзы Мэй паўнамоцтвы вызначаць, якім будзе Брэксыт (выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ) і калі і на якіх умовах ён адбудзецца.
За гэтае рашэньне прагаласавалі 329 дэпутатаў палаты, у тым ліку 29 прадстаўнікоў кіроўнай партыі торы-кансэрватараў, якую ўзначальвае Мэй. Супраць — толькі 302 дэпутаты.
Рашэньне было прынятае з прычыны таго, што парлямэнт катэгарычна не задавальняе тое, як Мэй вядзе перамовы з ЭЗ наконт Брэксыту, і тое, пра што яна ў выніку здолела дамовіцца. У лістападзе летась Мэй заключыла пагадненьне, якое шмат хто ў парлямэнце палічыў правальным і занадта дарагім для Вялікабрытаніі:
- Паводле яго, «развод» абыдзецца Вялікабрытаніі ў суму ад 39 да 46 млрд фунтаў стэрлінгаў, якія мусяць быць заплачаныя Брусэлю, гэта значна больш, чым Мэй абяцала, калі пачынала перамовы.
- Ня будзе ніякай фактычнай мяжы паміж Ірляндыяй (якая па-ранейшаму застаецца чальцом ЭЗ і ўваходзіць у адпаведны мытны саюз) і Паўночнай Ірляндыяй, якая зьяўляецца часткай Злучанага Каралеўства. Паміж двума рэгіёнамі працягнецца свабоднае перамяшчэньне тавараў і людзей, што шмат хто ў Вялікабрытаніі лічыць непрымальным.
- Мэй ня здолела адстаяць паўнавартасны выхад Вялікабрытаніі з унутрыэўрапейскага мытнага саюзу: мытныя правілы ЭЗ працягнуць дзейнічаць для ўсіх тавараў, якія экспартуе або імпартуе Вялікабрытанія, і краіна ня зможа заключаць асобныя, больш выгадныя гандлёвыя дамовы з ЗША, Кітаем, Аўстраліяй ці Канадай.
- Вялікабрытанія будзе абавязаная на працягу ўсяго пераходнага пэрыяду выконваць правілы рэгуляваньня рынку, якія дзейнічаюць у ЭЗ, у тым ліку, экалягічныя абмежаваньні і абмежаваньні на вытворчасьць асобных відаў тавараў, у першую чаргу электронікі і прадукцыі сельскай гаспадаркі.
- Тры мільёны грамадзянаў краінаў ЭЗ, якія жывуць у Вялікабрытаніі, па-ранейшаму будуць мець права бязьвізавага ўезду і пражываньня і будуць паводле ранейшых правілаў атрымліваць мэдычнае абслугоўваньне і бясплатна лячыцца ў шпіталях брытанскай дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя.
Парлямэнт запатрабаваў ад Мэй палепшыць умовы пагадненьня і вярнуцца да перамоваў з ЭЗ, але радыкальна палепшыць угоду за апошнія месяцы прэм’ерцы не ўдалося. Тэрмін пачатку Брэксыту тым часам набліжаўся: пачатак «разводу» быў прызначаны на 29 сакавіка.
У вынікі на мінулым тыдні ЭЗ даў прэмʼеру толькі кароткую адтэрміноўку і даў ёй час яшчэ раз паспрабаваць дамовіцца з парлямэнтам і правесьці празь парлямэнт свой варыянт Брэксыту.
Калі б Мэй удалося гэта зрабіць, працэс выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ мусіў бы пачацца 22 траўня, а калі не — ужо 12 красавіка, але ў «жорсткім» варыянце, гэта значыць безь якога-небудзь пагадненьня.
Рашэньне парлямэнту ўзяць пытаньне Брэксыту пад свой кантроль азначае, што гэтая дамоўленасьць Мэй з ЭЗ скасоўваецца, і цяпер фармат зьдзелкі будзе вызначаць ня ўрад, а галасаваньне дэпутатаў — чый варыянт вырашэньня праблемы набярэ больш галасоў, той і будзе прадметам новага абмеркаваньня з ЭЗ.
На стале цяпер гэткія варыянты:
- ужо складзеная ўгода, пра якую Мэй дамовілася з ЭЗ,
- адтэрміноўка пачатку выхаду з ЭЗ на нявызначаныя тэрмін,
- новы нацыянальны рэфэрэндум наконт таго, ці патрэбны наогул Брэксыт,
- «мяккі» Брэксыт паводле нарвэскага варыянту, з захаваньнем у Вялікабрытаніі заканадаўства ЭЗ на нейкі пераходны пэрыяд,
- «жорсткі» выхад, адносіны як у Канады з ЭЗ, з заключэньнем асобнага мытнага пагадненьня,
- «жорсткі» выхад наогул без заключэньня якога-небудзь пагадненьня, гэта значыць поўны разрыў адносін.
Адзінага меркаваньня аб Брэксыце ў парлямэнце няма (як і ва ўсёй краіне). Апазыцыйная партыя лейбарыстаў і мэр Лёндану Садзік Хан — прыхільнікі таго, каб Брэксыту не было, і робяць жорсткі ціск на брытанскіх перамоўнікаў, патрабуючы адмовіцца ад выхаду з ЭЗ. Падобную пазыцыю займаюць шатляндзкія нацыяналісты і частка кансэрватараў. Разам з тым вялікая частка кіроўнай кансэрватыўнай партыі лічыць, што Брэксыт неабходны, але на лепшых умовах, а радыкальная партыя UKIP выступае за выхад з ЭЗ любой цаной.
У гэтых умовах ня выключаны таксама варыянт, што парлямэнт будзе распушчаны і будуць абвешчаныя новыя выбары, пасьля якіх пытаньне Брэксыту будзе вырашацца нанова.
Паводле некаторых дадзеных, Мэй прапаноўвала парлямэнту сваю адстаўку ў абмен на ўхвалу яе варыянту пагадненьня з ЭЗ, але гэтая прапанова была адхіленая.