Пра зварот беларусаў да прэзыдэнткі Літвы паведамляе «Наша ніва».
«Беларуская грамадзкасьць з хваляваньнем сочыць за працэсам перапахаваньня паўстанцаў 1863–1864 гадоў, знойдзеных на гары Гедыміна, — гаворыцца ў звароце. — Тыя паўстанцы — нацыянальныя героі ня толькі Літвы і Польшчы, але і Беларусі. Сярод іх Кастусь Каліноўскі — сымбаль змаганьня Беларусі за сваю незалежнасьць, чалавек, які выдаваў першую газэту на беларускай мове. Яго прыклад натхняе і цяперашняе пакаленьне беларускай моладзі на барацьбу за свабоду і самавызначэньне.
Паўстанцы — літоўцы, беларусы, палякі — разам змагаліся з царскімі акупантамі, разам аддавалі сваё жыцьцё, разам размаўлялі па-беларуску, па-літоўску, па-польску, каб Літва, Беларусь, Польшча сталі свабоднымі.
Магілы паўстанцаў будуць месцам паломніцтва маладых беларусаў. Дзеля будучыні Беларусі важна, каб надпісы на іх былі і на беларускай мове. Просім улічыць гэта пры вырашэньні пытаньняў перапахаваньня. Гэта дапаможа збліжэньню беларускага і літоўскага народаў, якія маюць супольную тысячагадовую гісторыю».
У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедыміна выявілі парэшткі 17 паўстанцаў. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму дасьледнікі не маглі доўгі час вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.
Парэшткі ідэнтыфікавалі 2-3 тыдні таму мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фотаздымкам. Кажа прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас.
«Паводле нашай грубай ацэнкі, з дакладнасьцю 95% мы можам пацьвердзіць, што адны з гэтых парэшткаў належаць Кастусю Каліноўскаму».
Зараз усе парэшткі знаходзяцца на факультэце мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту. Пазьней іх перададуць дзяржаўнай камісіі і перапахаваюць у капліцы на віленскіх могілках Росы. Пахаваньне адбудзецца, калі ў капліцы завершыцца рэстаўрацыя.