Падзеі 22 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
22 студзеня 1863 году Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве пачаў паўстаньне супраць расейскага царызму. Праз 10 дзён да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Паўстаньне мела на мэце адмяніць падзелы Рэчы Паспалітай. Яно было жорстка задушана ўладамі ў 1864 годзе. Гэта стала штуршком для разьвіцьця беларускай нацыянальнай гісторыі і літаратуры.
Ці сапраўды паўстаньне Каліноўскага было польскім?
Таксама ў гэты дзень
1919 — адбылося абʼяднаньне Ўкраінскай і Заходнеўкраінскай народных рэспублік.
1973 — Вярхоўны суд ЗША легалізаваў аборты.
1980 — быў затрыманы і адпраўлены ў высылку Андрэй Сахараў, расейскі і савецкі фізык, праваабаронца і палітычны дзяяч.
У гэты дзень нарадзіліся
1561 — Фрэнсыс Бэкан, ангельскі філёзаф, навуковец і грамадзкі дзяяч.
1890 — Ільдэфонс Бобіч, каталіцкі сьвятар, прыхільнік беларусізацыі касьцёлу.
1898 — Сяргей Эйзэнштэйн, савецкі рэжысэр, сцэнарыст, тэарэтык кіно і пэдагог.
1935 — Аляксандар Мень, праваслаўны сьвятар, багаслоў, аўтар кніг па багаслоўі, гісторыі хрысьціянства і іншых рэлігій.
У памяці
1901 — памерла Вікторыя, каралева Вялікай Брытаніі. Вікторыя прабыла на троне звыш 63 гадоў — больш, чым любы іншы брытанскі манарх. Яе звалі «Бабуляй Эўропы». Вялікая колькасьць дынастычных шлюбаў, якія заключылі яе дзеці і ўнукі, узмацніла ўплыў Вялікай Брытаніі на кантынэнце.
1978 — памёр Алесь Салавей, беларускі паэт.
2012 — памёр Яўген Шатохін, беларускі мастак.
2014 — ад агнястрэльнага раненьня ў сэрца ў Кіеве загінуў Міхаіл Жызьнеўскі, актывіст Майдану і герой Нябеснай сотні.