Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сьмяротны вырак», — бацька выкрадзенага ў Гомлі і асуджанага ў Расеі ўкраінца Грыба


Паўло Грыб падчус суду, 22 сакавіка 2019 году
Паўло Грыб падчус суду, 22 сакавіка 2019 году

Таямніча зьніклы ў беларускім Гомлі і абвінавачаны ў Расеі ў спрыяньні тэрарыстычнай дзейнасьці ўкраінец Паўло Грыб асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі. Ад моманту ягонага афіцыйнага затрыманьня і да абвяшчэньня выраку мінуў год і сем месяцаў.

Увесь гэты час бацькі і адвакаты марна спрабавалі давесьці расейскай фэмідзе, што справа Паўла сфабрыкаваная. Яны лічаць прысуд незаконным і будуць абскарджваць яго ў апэляцыйным і касацыйным парадку. Калі гэта ня дасьць вынікаў, будуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека.

Паўло Грыб на знак нязгоды з выракам абвясьціў галадоўку. Яна можа ўскладніць стан ягонага здароўя — хлопец мае прыроджанае захворваньне, якое патрабуе штодзённага спэцыфічнага лячэньня; ва ўмовах расейскага зьняволеньня ён такога лячэньня не атрымліваў. За ўвесь час гэты час улады Расеі не дапусьцілі да маладога чалавека і ўкраінскіх лекараў. Абаронцы сьцьвярджаюць, што Паўло практычна асьлеп, стаў дрэнна арыентавацца і што ў яго пагоршылася памяць.

«Гэта сьмяротны вырак. Яму патрэбна тэрміновая апэрацыя»

Бацька асуджанага Ігар Грыб расказаў Свабодзе пра далейшыя крокі пасьля абвяшчэньня выраку і пра ролю Беларусі ў гэтай справе:

Ігар Грыб
Ігар Грыб

— Будзем падаваць апэляцыю. Адвакат падрыхтуе судовыя пазовы наконт неправядзеньня праверак паводле заяваў аб выкарыстаньні супраць яго сілавых сродкаў і зьбіваньня супрацоўнікамі сьледчых ізалятараў. Калі ня будзе пазытыўных рашэньняў, будзем падаваць касацыю і зьвяртацца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Будзем выкарыстоўваць усе магчымыя прававыя мэханізмы.

— Што вам вядома пра стан здароўя Паўла, ці была магчымасьць наведаць яго?

— Пазаўчора жонка сустракалася зь ім, атрымаўшы дазвол. У Паўла трымаецца высокая тэмпэратура, і калі яго напярэдадні прывезьлі на суд, ён заявіў, што яму вельмі кепска і ён ня можа браць удзел у судовым паседжаньні. Але судзьдзя дастаў даведку са сьледчага ізалятара і паказаў, што згодна зь ёй Паўло па стане здароўя можа браць удзел у пасяджэньні. Хоць, як казаў сын, ніхто ў СІЗА яго не аглядаў і лекар нават не падыходзіў.

На ягоныя заявы пра кепскае адчуваньне і тэмпэратуру ніхто не рэагуе. Яму патрэбна тэрміновая апэрацыя, яна жыцьцёва неабходная, а гэты прысуд, пасьля якога ён абвясьціў галадоўку, — гэта фактычна сьмяротны вырак Паўлу, бо яму катэгарычна нельга галадаць.

«Двудушная пазыцыя», — бацька Грыба пра ролю Беларусі ў справе

Павал Грыб у судзе, ліпень 2018 году
Павал Грыб у судзе, ліпень 2018 году

— Міністэрства замежных спраў Украіны двойчы накіроўвала беларускаму боку ноты, каб высьветліць абставіны ягонага зьнікненьня. Афіцыйнага адказу няма?

— Былі ноты ў 2017-м, калі Паўла толькі выкралі, потым была заява намесьніцы міністра замежных спраў Алены Зэркаль па гэтым пытаньні, і яна недвухсэнсоўна сказала, што гэта за краіна, дзе выкрадаюць грамадзян Украіны.

Паўла выкралі якраз праз тры тыдні пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сустракаўся з прэзыдэнтам Беларусі (у ліпені 2017 году адбыўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў — Свабода), на якой гаварылася пра нашую дружбу, супрацу паміж краінамі, што народы нашы брацкія, і праз чатыры тыдні пасьля гэтага Паўла выкрадаюць. Тады Зэркаль падкрэсьліла, што афіцыйная пазыцыя Беларусі, мякка кажучы, не супадае з тымі дзеяньнямі, які чыняцца ў адносінах да ўкраінскіх грамадзян на беларускай тэрыторыі.

— Вы разам са сваякамі іншых увязьненых украінцаў у Расеі неаднаразова сустракаліся зь Пятром Парашэнкам. Ці пыталіся вы яго, абмяркоўваў ён з Лукашэнкам сытуацыю з вашым сынам ці не?

— У мяне няма такой інфармацыі. Дакладна былі кантакты на больш нізкім узроўні. Але тут трэба ўлічваць вось што. Калі Паўло перасякаў мяжу зь Беларусьсю, то на той момант ён быў ужо ў міждзяржаўным вышуку, абвешчаным ФСБ Расеі. А паколькі Беларусь і Расея — саюзныя дзяржавы, то калі Расея абвяшчае ў вышук, то гэтыя базы дадзеных бачаць і памежнікі Беларусі. Таму памежнікі не маглі гэтага ня бачыць у той момант, калі Паўло перасякаў мяжу. Яны мусілі яго затрымаць яшчэ на мяжы, але гэтага яны не зрабілі.

Значыць, была адпаведная каманда не затрымліваць, а гэта азначае, што адпаведныя службы Беларусі ведалі аб гэтым. І тое, што ў Беларусі робяць заявы, што нічога ня ведаюць, нічога ня чулі пра Паўла і ня маюць да яго ніякіх прэтэнзій, гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці. Гэта хлусьня! І гэта вельмі лёгка давесьці. Гэтая двудушная пазыцыя ня робіць гонару Беларусі.

Дзень, калі Паўло быў у Гомлі, зьнік з матэрыялаў справы

Паўло Грыб у судзе, кастрычнік 2017 году
Паўло Грыб у судзе, кастрычнік 2017 году

— Але ў матэрыялах справы адсутнічаюць дакумэнты, што Паўло быў затрыманы ў Беларусі.

— Так, няма. Яго выкралі 24 жніўня, кінулі ў мікрааўтобус, скавалі рукі кайданкамі, потым перадалі іншай групе, якая вывезла яго за 400 кілямэтраў ад Гомля ў Ярцава Смаленскай вобласьці. Вось там, у Ярцава, Паўла трымалі ў нейкай спартовай зале, прыкаваным кайданкамі, і там ужо яго чакаў сьледчы, які афармляў ягонае афіцыйнае затрыманьне.

— Значыць, той дзень, калі ён быў у Гомлі, у справе адсутнічае?

— Нідзе пра гэта ня згадваецца, нідзе ня пішуць і не гавораць — уключаюць дурня. Прычым на судзе былі нібыта два сьведкі зь Беларусі, міліцыянты, якія давалі ілжэсьведчаньні, што яны Паўла затрымалі на нейкім вакзале, бо ён нібыта паводзіў сябе падазрона, яны яго затрымалі, праверылі і выявілася, што ён знаходзіцца ў вышуку.

Гэта ўсё хлусьня! Якім чынам ён мог паехаць за 400 кілямэтраў, калі ў яго ўжо быў зваротны квіток, і калі яго выкрадалі, ён ужо ішоў на вакзал з сустрэчы з той дзяўчынай, каб сесьці ў аўтобус і вяртацца ва Ўкраіну. Квіток ёсьць у матэрыялах справы, ёсьць дакумэнты адпаведныя, бо ў Беларусі можна набыць квіток толькі з пашпартам. Усе гэта ляжыць на паверхні, і ня трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зразумець рэчы, якія зрабілі сьледчыя ФСБ.

Рэакцыя МЗС Украіны: вырак незаконны

Міністэрства замежных спраў Украіны выказала «рашучы пратэст» у сувязі з асуджэньнем Паўла Грыба «паводле сфабрыкаваных абвінавачваньняў»:

«Расейскі бок груба парушыў нормы і прынцыпы міжнароднага права — ад грубага выкраданьня Паўла Грыба 24 жніўня 2017 году ў Гомлі (Рэспубліка Беларусь), утойваньня на працягу працяглага часу інфармацыі пра месца ягонага знаходжаньня, незаконнага ўтрыманьня пад вартай у Краснадары і Растове-на-Доне, абмежаваньняў у аказаньні неадкладнай мэдыцынскай дапамогі — і да неправамернага прысуду».

МЗС Украіны патрабуе скасаваньня выраку, вызваленьня ўкраінца і перадачы яго на радзіму. Адначасова Кіеў заклікаў міжнародную супольнасьць узмацніць ціск на Расею для вызваленьня Паўла Грыба і іншых грамадзян Украіны, незаконна асуджаных на тэрыторыі Расеі паводле палітычных матываў. Паводле розных дадзеных, у Расеі знаходзіцца каля сотні палітычных вязьняў-украінцаў, у тым ліку 24 маракі, захопленыя ў палон летась у Керчанскай пратоцы.

Адначасова Міністэрства замежных спраў Украіны дагэтуль чакае тлумачэньняў беларускага боку. Справа з выкраданьнем Паўла Грыба ў Беларусі ня зьнятая з парадку дня двухбаковых беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў. Менавіта на яе падставе Кіеў папрасіў стварыць належныя ўмовы бясьпекі ў часе галасаваньня на выбарах украінскага прэзыдэнта 31 сакавіка, якія будуць адбывацца на тэрыторыі ўкраінскіх консульскіх устаноў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG