Белы дом даў адказ на спробы зьвязаць прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональда Трампа з прыхільнікам ідэі перавагі белай расы, якога вінавацяць у расстрэле паўсотні чалавек у двух новазэляндзкіх мячэтах.
«Прэзыдэнт не прыхільнік ідэалёгіі перавагі белай расы, — заявіў выканаўца абавязкаў кіраўніка апарату Белага дома Мік Малвэйні, выступаючы ў нядзельнай праграме на канале Fox News. — Ня ведаю, колькі разоў нам трэба гэта паўтараць. Давайце лічыць падзеі ў Новай Зэляндыі тым, чым яны ёсьць: жахлівым, злачынным, трагічным актам».
Меркаваны нападнік, 28-гадовы аўстраліец перад стралянінай у мячэцях у новазэляндзкім Крайстчэрчы апублікаваў 74-старонкавы маніфэст, у якім заявіў, што лічыць Трампа «сымбалем адроджанай самасьвядомасьці і агульнай мэты белых», але не падтрымлівае ягонай палітыкі. Заява нападніка паслужыла падставай для новай крытыкі ў адрас Трампа ў сувязі з тым, што ён нібыта недастаткова рашуча асуджае белых расістаў.
Калі ў пятніцу, пасьля нападаў у мячэтах, Трампа спыталі, ці адзначае ён рост белага расізму, прэзыдэнт адказаў:
«Я думаю, гэта невялікая група людзей, у якіх ёсьць вельмі сур'ёзныя праблемы».
Малвэйні дадаў, што лічыць несправядлівым называць нападніка прыхільнікам Трампа. А амбасадар ЗША ў Новай Зэляндыі Скот Браўн заявіў у выступе на CNN, што ня верыць словам пра Трампа ў маніфэсьце нападніка: маўляў, гэта «наскрозь прагнілы» чалавек.
Трампа шырока крытыкавалі пасьля мітынгу прыхільнікаў перавагі белай расы ў Шарлотсвілі, штат Вірджынія, у 2017 годзе, які скончыўся сьмерцю чалавека. Тады прэзыдэнт прыраўнаваў прыхільнікаў перавагі белай расы да ўдзельнікаў контракцыі, заявіўшы, што адказнасьць нясуць «абодва бакі» і што з абодвух бакоў былі «добрыя людзі».
Шэраг СМІ тым часам адзначае, што нападнік на Крайстчэрч плянаваў атаку так, каб яна разьляцелася па сацыяльных сетках: вёў жывую відэатрансьляцыю, рабіў анонсы нападу, у час страляніны згадваў самага папулярнага Youtube-блогера PewDiePie (аўтар каналу казаў: адчувае агіду ад таго, што ягонае імя прамовіў гэты чалавек), а ў «маніфэсьце» згадваў відэагульні Fortnite і Spyro the Dragon.
Як адзначаў The Verge, «гэтыя спасылкі здаюцца скіраванымі на стварэньне пэўных відаў наратыву ў сродках масавай інфармацыі, якія будуць трымаць тэрарызм у навінах».