Ірляндзкая рэспубліканская армія ўзяла на сябе адказнасьць за рассылку бомбаў у канвэртах у Вялікабрытаніі на мінулым тыдні. Пра гэта піша газэта The Irish Times, якая атрымала паведамленьне ад арганізацыі.
5 сакавіка канвэрты з выбуховымі прыладамі былі выяўленыя ў аэрапортах Лёндан-Сіці, Гітроў і на вакзале Ватэрло, 6 сакавіка такі самы пакет быў дастаўлены ва ўнівэрсытэт Глазга. Як паведамілі газэце меркаваныя адпраўнікі пасылак, усяго былі адпраўленыя пяць канвэртаў — але пяты яшчэ ня знойдзены.
Паведамленьне пра сувязь пасылак з IRA разьмясьціў і Скотлэнд-Ярд. Там адзначаецца, што дасланыя поштай выбуховыя прылады падобныя на бомбы, якія раней рассылаліся людзьмі, зьвязанымі з ірляндзкімі тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Ірляндзкая рэспубліканская армія — арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай аб’яднаньне Паўночнай Ірляндыі, якая ўваходзіць у Вялікабрытанію, зь незалежнай Ірляндзкай рэспублікай. Арганізацыя існуе з 20-х гадоў XX стагодзьдзя, з моманту вайны за незалежнасьць Ірляндыі. Ад 1968 да 1997 году ўключна яна і яе прыхільнікі ўчынілі больш за дзесяць тысяч тэрарыстычных нападаў і іх спробаў на тэрыторыі Вялікабрытаніі і склала зброю. У тым самым годзе нязгодныя сябры арганізацыі сфармавалі групоўку «Сапраўдная IRA», якая дзейнічае да сёньняшняга дня.
Напружаньне ў Паўночнай Ірляндыі расьце на фоне перамоваў наконт выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу. У выпадку «жорсткага выхаду» ў рэгіёне могуць адбыцца выбухі гвалту, папярэдзіў у сваім дасьледаваньні ірляндзкі сэнатар Марк Дэлі. Мяжа паміж дзьвюма Ірляндыямі стане адзінай сухапутнай мяжой паміж каралеўствам, і яе вяртаньне можа прывесьці да ўсплёску ірляндзкага сэпаратызму.
Некалькі брытанскіх міністраў паведамілі Бі-Бі-Сі, што выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу без угоды можа прывесьці да выхаду Паўночнай Ірляндыі з каралеўства.
- Галасаваньне ў пытаньні аб пагадненьні наконт выхаду Брытаніі з ЭЗ заплянавана на вечар 12 сакавіка. Прэм’ер-міністарка Тэрэза Мэй, выступаючы ў парлямэнце, заявіла, што калі дэпутаты ня ўхваляць пагадненьне, Brexit можа не адбыцца.
- Калі дэпутаты сёньня адхіляць праект дамовы, у сераду, як абяцаў урад, парлямэнт вырашыць, ці выйдзе Брытанія з ЭЗ 29 сакавіка без усякага пагадненьня.