Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась 12 сакавіка выказаўся за прыняцьце ў Беларусі праграмы дзеля захаваньня традыцыйных каштоўнасьцяў і падставаў беларускага грамадзтва. Пра гэта ён заявіў падчас разгляду праекту канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі, піша БелТА.
Што такое «традыцыйныя каштоўнасьці», Зась не ўдакладніў. Гэтае азначэньне зьявіцца ў канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі, якую плянуюць зацьвердзіць цягам 18-24 сакавіка, піша «Звязда».
«Важная тэма, якая сёньня прагучала — гэта абарона традыцыйных каштоўнасьцей і асноваў. Гэтаму прысьвечаны цэлы разьдзел у Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі. І гэта прапануецца лічыць адным з галоўных абʼектаў для абароны ў інфармацыйнай прасторы», — сказаў Зась.
Паводле яго, інфармацыйная прастора ў Беларусі адкрытая і «прастрэльваецца» з усіх кірункаў.
Аляксандру Лукашэнку 12 сакавіка прадставілі праект Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Тэкст праекту не публікуецца. Сьцьвярджаецца, што ў распрацоўцы бралі ўдзел працаўнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты, навукоўцы, экспэрты і «прадстаўнікі вядучых СМІ».
БелТА сьцьвярджае, што ў дакумэнце «адлюстраваныя сучасныя выклікі і пагрозы, якія фармуюцца ў інфармацыйнай сфэры і ўяўляюць небясьпеку для канстытуцыйных асноваў і жыцьцядзейнасьці дзяржаваў: маніпуляваньне масавай сьвядомасьцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасьцей, размываньне нацыянальнага сувэрэнітэту, няўстойлівасьць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя».
У праекце канцэпцыі прапісанае паняцьце «інфармацыйнага сувэрэнітэту» як «неад'емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыцьцяўляць незалежную зьнешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забясьпечваць інфармацыйную бясьпеку».