12 сакавіка спаўняецца 105 гадоў адной з самых трагічных асобаў беларускага эмігранцкага Парнаса Ўладзімеру Клішэвічу.
Ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў, чалавек, які не знайшоў паразуменьня са сваімі таварышамі ў Амэрыцы, яркі, таленавіты паэт, які дзеля магчымасьці друкавацца і выдавацца дазваляў савецкай прапагандзе выкарыстоўваць сваё імя ў патрэбных ёй мэтах, наіўны і ў нейкай ступені безабаронны — Уладзімер Клішэвіч варты таго, каб пра яго самотную супярэчлівую асобу зьнялі фільм альбо паставілі спэктакль.
1. Лічыў, што эмігранты асуджаюць сябе на выміраньне
«Той, хто адарваўся ад сваёй Радзімы, асуджае сябе на паступовае духоўнае выміраньне. У чужой краіне нашы дзеці яшчэ гавораць на роднай мове, а ўнукі падпадаюць пад поўную асыміляцыю. Які б волат творчага духу сам па сабе ні быў, але калі ён адарваны ад роднай зямлі, ад свайго народу, ён паступова вычэрпвае самога сябе і ідзе да заняпаду. Такую шматгадовую эвалюцыю я перанёс на самім сабе» (У. Клішэвіч. Сьняцца дні мне залатыя. Менск, 1973).
2. Яго раздражняў Лос-Анджэлес
«Каміны цыбукі як уздымуць, / Цемрай горад закрыюць увесь. / І зьбіраецца гэтулькі дыму — / Хоць сякеру ў паветры павесь» (У. Клішэвіч. Сьняцца дні мне залатыя. Менск, 1973).
3. Іранізаваў са здаровага ладу жыцьця
«Хай Эскулапы нас бязбожна асудзілі,
А ўсё ж я сьмела запытаў бы іх:
А хіба ж тыя, што тытун курылі,
Жылі на сьвеце меней за другіх
І як прыемна у бяседзе блізкай
Глядзець на дымны воблакаў клубок,
Як пасьля чаркі сіняватай нізкай
Ад папяросы ўецца тоненькі дымок»
(Ул. Клішэвіч. Далячынь. Саўт-Рывэр, 1964).
4. Аўтар першай у гісторыі паэмы пра рэпрэсіі ў Савецкай Беларусі
У прадмове адзначалася, што «...аўтар намаляваў велічную і праўдзівую панараму беларускага сялянскага жыцьця ў эпоху царскага рэжыму, рэвалюцыяў, нэпу, калектывізацыі ды наагул усяе сталінскае пары, з яе нечувана-дзікім тэрорам ды безустаннымі расстрэламі нявінных людзей» (Ул. Клішэвіч. Васіль Каліна. Лёндан, 1965).
5. З пагардай выказваўся пра Максіма Горкага
«Зевс большевитского литературного Олимпа М. Горький вместе с другими подхалимами постарались строительство Беломорского канала показать в розовых красках, сознательно обходя молчанием то, что этот канал построен на костях тысячи заключенных, которые погибли от тяжелой работы и голода»
(Ул. Клишэвич. На Колыме (Воспоминания ссыльного). / Воспоминания. Ул. Клишэвич. На Колыме. Н. Гапанович. В Бамлаге. М. Сяднев. Клятва перед Тасканом. Койданава — Амма, 1998).
6. На прыкладзе Рыма прадракаў непазьбежную сьмерць кожнай імпэрыі
«Магутны Рым у прошлым велічава / Ішоў за Грэцыяй далёка ззаду. / Стварыў нашчадкам ён клясычнасьць права, / Клясычна сам прыйшоў да заняпаду»
(Ул. Клішэвіч. Далячынь. Саўт-Рывэр, 1964).
7. За год да арышту прадбачыў сваё зьняволеньне
У 1935 годзе паэт склаў такія радкі:
«Хваляваньні й нямая трывога
Назаўсёды кудысьці сплылі.
Абарвецца мая на зямлі
Камяністая хутка дарога.
Застываюць ужо мае крокі.
Сіл у целе амаль што няма.
Замяце хутка сьнегам зіма
Шлях трывожны і шлях адзінокі»
(Ул. Клішэвіч. Далячынь. Саўт-Рывэр, 1964).
8. Паказаў у вершах пакуты рэпрэсаваных пісьменьнікаў
У вершы «Менская турма» чытаем:
«Пад дзікі крык нямых разлучын
Там Цішка Гартны быў замучан.
Таўклі чырвоным каты ботам
Алеся Звонака й Чарота.
Спаткаў таксама лёс свой чорны
За кратамі паэт Кляшторны...»
(Ул. Клішэвіч. Далячынь. Саўт-Рывэр. 1964).
9. Абураўся, калі яго друкавалі разам з Лужанінам
У лісьце да Юркі Віцьбіча (канец 1949 — пачатак 1950 г.) Уладзімер Клішэвіч пісаў:
«А што за пераклічка з М. Лужанінам? Бачу „Дзьве вясны“. Гэта ня верш, а вяроўка, намыленая вяроўка ката на шыю беларускага народу. Лужанін быў у Нямеччыне, а пасьля езьдзіў, прапагандаваў і бласлаўляў НКВД у змаганьні зь беларускімі партызанамі. Каб ня быць галаслоўным, дасылаю Вам пра Лужаніна выразку з газэты „Новое русское слово“. Не хачу друкавацца там, дзе друкуюцца каты беларускага народу (М. Лужанін)»
(Л. Юрэвіч. Уладзімер Клішэвіч або Вернікі і Нэафіт. / Архіўная кніга. Нью-Ёрк, 1997).
10. Яму не падабалася філязофія Льва Талстога
«Твары ты ў сэрцы сваім Бога,
Не забівай жывых нікога,
Не супраціўся злу насільлем
(...)
Гучыць мараль такая зьдзекам
Ды ад яе кідае ў млосьць,
Калі ня маем чалавека,
Затое людзі ў сьвеце ёсьць...»
(Ул. Клішэвіч. Васіль Каліна. Лёндан, 1965).
11. Яго параўноўвалі зь Лермантавым і Грыбаедавым
Міхась Кавыль пісаў: «Я радуюся за цябе, за твой посьпех. У паэме «Васіль Каліна» /.../ ты мне нагадаў расейскага Лермантава зь ягоным «На смерть поэта» ды Грыбаедава зь ягоным «Горе от ума», дзе Чацкі гнеўна абвінавачвае: «А судзьдзі хто?»
(Л. Юрэвіч. Уладзімер Клішэвіч або Вернікі і Нэафіт. / Архіўная кніга. Нью-Ёрк, 1997).
12. Лічыў, што паэт ад даносаў ня зможа ўратавацца ня толькі ў «сталінскім», але і ў «капіталістычным раі»
У адным зь вершаў іранічна адзначаў:
«Кусаюць крытыкі як восы.
Як можаш толькі уцякай,
З кусаньнем зьвязаны даносы,
Даносы льюцца цераз край.
Аднолькава па ўсёй зямлі.
І дзе б паэты ні былі,
За імі пільна сочыць вока...»
(Ул. Клішэвіч. Далячынь. Саўт-Рывэр, 1964).
13. Пакутаваў ад цяжкай працы ў Брукліне
«Праца на фабрыцы ў Брукліне была цяжкая. Не заставалася часу на чытаньне кніг, знаёмства з горадам. Калі выпадае час і калі бывае натхненьне, а ў Амэрыцы, трэба сказаць, рэдка бываюць натхненьні, бо за працай сьвету божага ня бачу, тады я перакладаю сваё натхненьне ў словы — пішу верш. Прачытаю яго разоў два-тры, а пасьля падшываю ў свой „Збор твораў“»
(Зь ліста Ўладзімера Клішэвіча да Юркі Віцьбіча ад 28 сьнежня 1949 году) (Л. Юрэвіч. Уладзімер Клішэвіч або Вернікі і Нэафіт. / Архіўная кніга. Нью-Ёрк. 1997).
14. Напачатку 30-х пісаў, што Менск спаралізаваны страхам
«У Менску страх быў небывалы,
Крывёй замучаных давіла:
То Ігнатоўскага магіла,
То нож у печанях Купалы.
(...)
Ды што я думак не зьвяжу...
А што калі б церазь мяжу
Да Польшчы ціха даць бы драла...»
(Ул. Клішэвіч. Васіль Каліна. Лёндан, 1965).
15. Марыў, каб Смаленск вярнуўся ў Беларусь
Пра гэта пісаў у паэме «Васіль Каліна»:
«Я пра Смаленск пішу каротка,
Ты сам падумай і разваж.
Смаленск! Ты слава нашых продкаў,
Смаленск! Ты сёньня гонар наш.
Падняць павінен тое ўнук,
Што ў дзеда высьлізнула з рук...»
(Ул. Клішэвіч. Васіль Каліна. Лёндан, 1965).
16. Сачанка ня мог апраўдаць, што Клішэвіч не пайшоў змагацца супраць нацыстаў
«Цяжка ды і немагчыма зразумець, а тым больш апраўдаць тое, чаму замест таго, каб змагацца з акупантамі, ён пайшоў да іх служыць — пачаў супрацоўнічаць у рэдакцыі „Газэты Случчыны“. У 1943 г. у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Германію»
(Б. Сачанка. Сьняцца сны аб Беларусі. Менск, 1990).
17. Яго заўчасную сьмерць лічылі невыпадковай
«Яго рэзка атакавалі (...) за намер вярнуцца ў БССР. (...) Удалося мне пачуць выказваньні двух беларусаў зь Беларусі і Амэрыкі, якія прыпісвалі заўчасную сьмерць Уладзімера Клішэвіча злачыннаму дзеяньню „нямецкіх паслугачоў“, „агентаў КДБ“»
(Алесь Барскі. Уладзімер Клішэвіч — паэт рэфлексійны. // Ніва. № 18, 1994).
18. Захапляўся мужнасьцю Чарвякова, які не пабаяўся ўчыніць самагубства
«Чакала тое ж Чарвякова,
Ён чуў пра йголкі і агонь.
З адвагай цьвёрдаю, бяз слова,
Цаляе куляю у скронь»
(Ул. Клішэвіч. Васіль Каліна. Лёндан, 1965).
19. Творчая нерэалізаванасьць і зайздрасьць «бліжніх»
Пра сваё жаданьне «ўхапіць паэтычную славу» прызнаваўся Масею Сяднёву:
«Таму жыць на зямлі нецікава,
Хочаш вер, а ня хочаш — ня вер.
Міма нас праляцела слава,
Як з-пад рук паляўнічага зьвер»
(Ул. Клішэвіч. Далячынь. Саўт-Рывэр, 1964).
У прадмове да сваёй «савецкай» кнігі «Сьняцца дні мне залатыя» пісаў:
«У мінулым годзе я наведаў Радзіму. Сустрэча са сваімі людзьмі, з роднай сталіцай — Менскам была маім другім нараджэньнем. Чулыя сяброўскія адносіны, цеплыня і шчырасьць даюць чалавеку ўпэўненасьць, бадзёры настрой, аптымізм, замілаванасьць да жыцьця. І ён, прыгнечаны зьнявагай і пагардай, адчувае сябе сапраўдным чалавекам, а ня нейкім мэханічным прыдаткам да варштату або да мятлы. З табой размаўляюць як з роўным, а не шушукаюцца за вуглом і не паказваюць за тваёй сьпінай язык. Мастацкае высоўваньне языка на свайго „бліжняга“ вельмі пашырана за мяжою сярод нацыяналістаў»
(У. Клішэвіч. Сьняцца дні мне залатыя. Менск, 1973).
20. У нэкралёгу на Ўладзімера Хадыку напрарочыў сабе лёс
«Уладзімер Хадыка належаў да тых беларускіх пісьменьнікаў, якія былі праз увесь час у няміласьці. Колькі вылілася памыяў, бруднай лаянкі на галаву гэтага таленавітага, з чыстым сумленьнем паэта! Колькі разоў „крытыкі“ Бэндэ і іншыя адводзілі сваю душу, мяшаючы яго з гразёю, труцячы ягонае асабістае жыцьцё. А за што?»
(Уладзімер Клішэвіч. Памяці паэта Ўладзімера Хадыкі. / На суд гісторыі. Менск, 1994).