Яе паэзія — гэта надлом, адчай, сум і разам з тым спадзяваньне вырвацца з палону смутнаглядзтва.
Яе гераіні, ці то зусім маладзенькая дзяўчынка, якая толькі пачынае складаць вершы, ці нью-ёркская алькагалічка — роднасныя ў сваёй безабароннасьці і з аднолькава трагічнай накіраванасьцю рушаць да свайго трагічнага фіналу.
Яе адзінота па сваёй эмацыйнай вастрыні тоесная адзіноце Ван Гога, а ў яе экспрэсіўна-набалелай паэзіі адчуваецца блізкая гэтаму вялікаму галяндцу асуджанасьць на хуткі, трагічны фінал.
20 лістапада споўнілася б 70 гадоў адной з самых таленавітых і неадназначных беларускіх паэтак XX стагодзьдзя.
1. Яна не любіла свой працоўны стол
«У мяне заўсёды было адчуваньне, што Жэня не любіла пісьмовага стала. Ён стаяў, акуратны, без папяровага вэрхалу, але з пішучай машынкай /.../ а вершы ў яе заўсёды ляжалі на канапе на кухні, дзе мы нярэдка зьбіраліся... Падобна, што пісьмовым сталом яна рэдка карысталася...» (Раіса Баравікова. Паэзія. Душа. Айчына // Беларусь. 1998, № 12).
2. Зьдзіўлялася той лёгкасьці, зь якой складаліся ў юнацтве вершы
У траўні 1966 году пісала Васілю Жуковічу: «Што ў мяне новенькага? Мабыць, вясна, што сьветлым промнем уварвалася ў маё сэрца, і вершы. Разумееш, не магу не пісаць. Дзіўна неяк нават, што вершы пішуцца так лёгка... Няўжо ўсім так лёгка пішацца?» (Васіль Жуковіч. «Між двух лістападаў...» // Літаратура і мастацтва. 1998, 20 лістапада, № 47).
3. Рыгор Бярозкін іранізаваў з дэбютнага зборніка паэткі
«Некаторыя яе вершы льюцца з той аднастайнай "правільнасьцю", за якой жывога голасу ўжо амаль не чуваць. /.../ Дакладнае слова — яго яшчэ не хапае Янішчыц /.../. Добра, калі "голас дзеда цячэ ў цішыні", і зусім блага, калі "верш цячэ па целе сонным". Што гэта значыць? Альбо такое:
Грамы па вуліцах стукочуць,
Нібыта коньніца.
Разбавіла чарніла ночы
Тваёю белаю бяссоньніцай.
Хто "разбавіў чарніла ночы"? Коньніца? Сама паэтэса? І што за дзіўнае наогул суседзтва коньніцы з чарнілам! /.../ Маладая паэтэса паўтараецца ў кампазыцыях: у многіх вершах супадаюць першая і апошняя строфы...» (Рыгор Бярозкін. Празь першае лісьце // Маладосьць. 1971, № 5).
4. Зь яе першых вершаваных спробаў пасьмейваўся бацька
«Добра помню свае першыя літаратурныя «творы» ў выглядзе пісем, якія пісаліся ад імя непісьменнай жанчыны на многія балючыя і радасныя адрасы. Гэта былі і пісьмы-споведзі, і пісьмы-росшукі /.../ У сувязі з гэтым успамінаецца мне вечна скептычны жарт нябожчыка бацькі: «Законная насьледніца яго правасхадзіцельства ўгодніка Георгія (брат дзеда па бацькавай лініі калісьці служыў пісарам)» (Яўгенія Янішчыц. «Задумацца. І зноў узяцца за пяро...» // Літаратура і мастацтва. 1985 г., 8 сакавіка, № 10).
5. Зьдзіўляла сваім балючым успрыманьнем рэчаіснасьці
Аляксей Дудараў згадваў: «Яна вельмі балюча ўсё ўспрымала, нават дробязі. Магла плакаць з прычыны, што нейкі пісьменьнік не павітаўся». Маці Марыя Андрэеўна дадавала: «Жэня вельмі ранімая. Магла з-за "двойкі" праплакаць цэлы дзень» (Вера Шчэціна. Перарваны палёт Жэні Янішчыц // Чырвоная зьмена. 1998 г., 3 лістапада, аўторак).
6. Папярэджвала сяброўку-паэтку, каб паводзіла сябе асьцярожна з жанчынамі
«...А людзі цяпер (асабліва жанчыны!) вельмі хітрыя. Скажаш адно слова, а зьвяжуць пяць. Так што, Галечка, асьцярожна ў размовах, асабліва з бабамі. Тым больш, што ты паэтка, а, як вядома, гэтае слова ўмяшчае вельмі многа радасьці і журбы» (Галіна Каржанеўская. Шэсьць пісьмаў Жэні Янішчыц // Алеся. 1996, № 8).
7. Лічыла, што колькасьць жанчын-паэтак узрасла празь недахоп мужчын
«У нашай савецкай літаратуры, і ў асаблівасьці ў паэзіі, прыток жанчын-паэтэс адбыўся, як мне здаецца, усё-такі за кошт... мужчын, якія не вярнуліся зь мінулай вайны, мужчын, якія павінны былі нарадзіцца ў гады вайны і ў пасьляваенны час» (Яўгенія Янішчыц. «Задумацца. І зноў узяцца за пяро...» // Літаратура і мастацтва. 1985 г., 8 сакавіка, № 10).
8. Паэт Аляксей Пысін ня мог сабе дараваць, што яна трапіла ў Магілёве ў аўтамабільную аварыю
«А. Пысін вінаваціў сябе ў тым, што не перавёў Жэню на другі бок праспэкта Міру. Хацеў перавесьці, але Жэня адмовілася. Яны разам вярталіся пасьля сустрэчы з чытачамі. Разьвіталіся. Празь некалькі сэкунд Аляксей Васільевіч пачуў скрыгат тармазіўшага аўтамабіля. Жэню зьбіла машына хуткай дапамогі. Гэта адбылося 10 лютага [1976 г. — В. Дэ Эм]» (Тамара Аўсяньнікава. «За ўсё трэба плаціць...» // Вестник библиотек, 2015, № 1). Паводле ўспамінаў доктара Мікалая Ключыца: «Дарогу нам перабегла высокая, як бярозка, тонкая жанчына /.../ Дайшла да сярэдзіны дарогі. І раптам... Божачка ты мой! Быццам яе хто ўкусіў! У імгненьне вока павярнулася і назад — пад колы "хуткай". Тармазнуў Барыс Рыгоравіч. Ажно зарыпела на ўвесь праспэкт. /.../ Глухі ўдар аб капот. І на мокрым асфальце перад нашым аўтамабілем распласталася жанчына. Шчасьце яе, што мы ехалі павольна» (Тамара Аўсяньнікава. «За ўсё трэба плаціць...» // Вестник библиотек. 2015, № 1).
9. Паводле Вячаслава Рагойшы, была ініцыятарам разводу з паэтам Сяргеем Панізьнікам, але марыла, каб ён вярнуўся
Спадар Вячаслаў успамінаў: «Ведаю, што ня ён быў ініцыятарам разводу /.../ Можа, ён і вінаваты. Але развод ініцыявала яна. Нават сына перапісала з прозьвішча Панізьнік на Янішчыц. Але прайшоў час, я бачыў яе сумную. Часам, яна як бы між іншым пыталася, як там Сяргей. Ён доўгі час быў адзін, а пасьля ажаніўся. Ад другога шлюбу ў Панізьніка дачка Вераніка. А ў Жэні ня склалася асабістае жыцьцё. Любоўная лірыка Янішчыц — гэта сум, жальба, можа, і раскаяньне, можа і спадзеў на вяртаньне» (Тацяна Салдаценка. «У праёме імглы застаюся каханай!» // Звязда. 2010 г., 20 лістапада, субота, № 228).
10. Яе палохалі вострыя прадметы
«...яе "палохалі і разьдзіралі душу" /.../ нажніцы, шпрыцы, воўчыя ягады, вілы, іголкі, — можна даведацца з паэмы "Прызнаньне вачамі", зьмешчанай у зборнік 1987 году. Прычым усе гэтыя небясьпечныя прадметы зьяўляюцца толькі пасьля ўспамінаў пра няспраўджанае каханьне і пра немагчымасьць быць з каханым чалавекам» (Ольга Куртанич. Вечно летящая птица // 7 дней. 1998 г., 21 лістапада, № 47).
11. На пачатку 80-х адмовілася лётаць самалётамі
«Можа, крыху сьмешна прагучыць, наадрэз адмовілася ад паслуг Аэрафлёту. Стараюся езьдзіць толькі поездам або аўтобусам. Пагаворыш у дарозе зь людзьмі, насьмяесься і наплачасься — нібы народзісься на сьвет» (Яўгенія Янішчыц. «Падаруем зямлі вясну...» // Звязда. 1982 г., 8 сакавіка, панядзелак, № 57).
12. У сваёй творчасьці даводзіла, што ня дай бог дзяўчыне станавіцца паэткай
У вершы акурат пад назвай «Паэтэса» чытаем:
Яна раптоўнаму куплету
Зьдзівілася упершыню,
І захацелася ў паэты,
Нібыта птушцы ўвышыню.
Яна так лёгка ўлавіла
Рытмічны строй і рыфмы код.
Рыфмуе: «мілы — да магілы»
Ў няпоўных васямнаццаць год.
Дыктуе дзень на ўлоньні лета
Ёй пра палі і сенажаць.
...Дзяўчынцы хочацца ў паэты,
Што ў катаржанкі, — дзе ж ёй знаць?
Вось са сваім адкрытым сьветам
Яна бяжыць празь сенакос.
Дзяўчынцы хочацца ў паэты...
О, дай апомніцца ёй, лёс!
(Яўгенія Янішчыц. На беразе пляча. 1980).
13. Крыўдзілася, калі ў ЗША ня верылі ў міралюбівасьць Савецкага Саюзу
«Знаходзячыся за акіянам, увесь час задавала сабе пытаньне: а што ведае пра гераічныя і працоўныя вехі маёй краіны амэрыканскі чалавек? І пераконвалася: ведае пра нас вельмі мала, буржуазная прапаганда падае наша жыцьцё ў ілжывым сьвятле. Сьвядома нагрувашчваюцца цэлыя горы хлусьні і паклёпу на Краіну Саветаў. Спрабуюць даказаць недаказальнае — агрэсіўнасьць Савецкага Саюзу, хоць усім добра вядомая міралюбнасьць нашай дзяржавы. Пра гэта ня раз мы заяўлялі на ўсю плянэту вуснамі палымянага змагара за мір Генэральнага сакратара КПСС /.../ таварыша Л. І. Брэжнева» (Евгения Янищиц. Мира вам, люди! // Сельская газета. 1982 г., 1 студзеня, пятніца, № 1).
14. Палохала беларусаў «страшным» горадам Нью-Ёркам
«Пятая авеню. /.../ тут сустрэнеш натоўпы абадраных хлопцаў, якія ня вераць ні ўва што — хіпі, наркаманаў / ... / 47-я — "дыямэнтавая вуліца". Крамы тут маюць толькі адзін уваход, каб ня даць магчымасьці выкрадальнікам каштоўнасьцяў уцячы... І тым ня менш у рабаўніках / ... / недахопу няма — іх спарадзіў амэрыканскі лад жыцьця. 42-я стрыт — вітрына літаратурнай і кінэматаграфічнай парнаграфіі. / ... / Грынвіч-Вілідж — улюбёнае месца нью-ёркскай багемы. Хочаце купіць добрую карціну? Толькі ня тут! Гарлем — / ... / бачу маладую жанчыну зь бязмэтным, пустым позіркам. На выцертай трусінай кацавейцы прышпілена эмблема: "Я — алькаголік"» (Евгения Янищиц. Мира вам, люди! // Сельская газета. 1982 г., 1 студзеня, пятніца, № 1).
15. У брэжнеўскія часы лічыла, што ў «ЛіМе» няма чаго чытаць
«...прыкра, што так адбываецца з нашай газэтай, дзе што хочаш можна прачытаць і вычытаць, акрамя літаратуры і мастацтва. Амаль што няма добрых крытычных артыкулаў, мала друкуецца вершаў. Адным словам, як кажуць, далей у лес — больш дроў!» (Галіна Каржанеўская. Шэсць пісьмаў Жэні Янішчыц // Алеся. 1996 г., № 8).
16. Настолькі аберагала сына, што ні разу зь ім не пасварылася
Андрэй Янішчыц успамінаў: «Я ведаў, што ёй нялёгка, і стараўся не прыносіць непрыемнасьці. /.../ Адзінае, што я мог зрабіць, не хваляваць маму. /.../ Мне цяжка было зразумець, што адбываецца, калі б я быў старэйшы, можа, і дапамог бы ёй, падтрымаў. А так яна мяне засьцерагала ад праблем. Мы з мамай нават ні разу не пасварыліся» (Вера Шчэціна. Перарваны палёт Жэні Янішчыц // Чырвоная змена. 1998 г., 3 лістапада, аўторак).
17. На думку Раісы Баравіковай, яе трагічная сьмерць здарылася таму, што побач не было каханага мужчыны
Спадарыня Раіса ўспамінала: «Я ніколі не забуду дзень напярэдадні яе гібелі. Гэта быў чацьвер, 24 лістапада. /.../ я забегла да Жэні на працу, каб павіншаваць яе з былым юбілеем. Сяброўка сядзела за сваім рабочым сталом. Непадалёку, на падваконьніку, ляжалі чырвоныя кветкі. "Гэта мяне павіншаваў Мікола Мятліцкі", — неяк сумна прамовіла Жэня. /.../ На маю думку — гэта быў часовы надрыў, момант дэпрэсіі. /.../ за ўсёй гэтай трагедыяй ніякіх асаблівых катастроф не стаяла. /.../ калі жанчына жыве адна — я маю на ўвазе без мужчыны, які хаця б у адчуваньнях быў бы побач, — гэта накладае свой адбітак» (Сьвятлана Пазьняк. Душа разрывалася мільёнамі пачуцьцяў... // Чырвоная змена. 1998 г., 19 лістапада, чацьвер).
18. Менш як за паўгода да самагубства рабіла жыцьцярадасныя надпісы на сваіх кнігах
«...кнігу "Пара любові і жалю" /.../ Жэня падпісала мне толькі 12.06.1988 году. Гэтая дата стаіць пасьля слоў: "Раечка, хай будзе любоў і натхненьне да ста лят!!" Ні яна, ні я ня ведалі, што гэты год /.../ стане абрывам для Жэні» (Раіса Баравікова. Паэзія. Душа. Айчына // Беларусь. 1998 г., № 12).
19. Незадоўга да сьмерці радавалася, што ў яе адкрылася другое творчае дыханьне
Па ўспамінах Вячаслава Рагойшы:"За некалькі месяцаў да яе заўчаснай сьмерці я сустрэў яе на вуліцы. Кажа: ня ведаю чаму, але так пайшлі вершы — не пасьпяваю запісваць. Неўзабаве пасьля гэтага яе ня стала" (Тацяна Салдаценка. «У праёме імглы застаюся каханай!» // Звязда. 2010 г., 20 лістапада, субота, № 228).
20. Засмучалася паэзіяй маладых
«Ня можа не насьцярожваць у паэзіі самых маладых нейкая душэўная размытасьць, духоўная беднасьць, шматгадовае таптаньне на добра ўежджаных дарогах мастацкіх прыёмаў. Іншы раз пры чытаньні падобных твораў хочацца ўскрыкнуць: «Ну спатыкніся ж ты, эфэмэрна-плаўная бруя!» (Яўгенія Янішчыц. «Задумацца. І зноў узяцца за пяро...» // Літаратура і мастацтва. 1985 г., 8 сакавіка, № 10).
Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу супрацоўніцы Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры Вользе Гулевай.