На Каляды ў горадзе Джэнін, які знаходзіцца пад кантролем Палестынскае адміністрацыі, спалілі калядную ялінку і стаенку.
Чарговая атака з боку радыкальных ісламістаў стала новым пацьверджаньнем тэндэнцыі — у апошнія гады пачасьціліся выпадкі цкаваньня, застрашваньня і іншага паказваньня рэлігійнай нецярпімасьці да хрысьціянаў пад уладай Палестынскай аўтаноміі. Гэта ўсё прычыняецца да таго, што хрысьціянскае насельніцтва на гэтых землях працягвае імклівае скарачэньне.
На Царкву Сьвятога Адкупляльніка ў Джэніне напалі з запальнымі прыстасаваньнямі, а таксама спалілі калядную ялінку. Атаку засудзіў ксёндз Амэр Джубран ад імя парафіі назваў атаку «сплянаванай і выкананай бандытамі», а сам напад «ганебным і вартым асуджаньня». Ён лічыць, што напад парушае традыцыю мітнага суіснаваньня розных веравызнаньняў і культураў.
Як адзначае ізраільскае выданьне TPS-IL, у апошнія два гады, як здарыўся напад 7 кастрычніка ХАМАС на Ізраіль, шырокіх і адкрытых сьвяткаваньняў Раства на землях пад уладай Палестынскай аўтаноміі не праводзіцца.
У Бэйт-Джала мясцовыя ісламісты кралі маёмасьць, што належала хрысьціянам, а жыхары хрысьціянскай веры ў Шэхеме таксама адкрыта не адзначаюць сьвята празь небясьпеку нападаў з боку мясцовых мусульманаў.
Выданьне піша, што хрысьціянства імкліва зьнікае з тэрыторый, якія кантралююць улады Палестынскае аўтаноміі. За апошнія гады фіксаваліся фізычныя ўзьдзеяньні, выкраданьні людзей і крадзяжы маёмасьці.
Праблемы ў Бэтлееме
У Ерусалімскім цэнтры прыкладной палітыкі адзначылі, што ўлады горада Бэтлеем — аднаго з найважнейшых для хрысьціянскага сьвету, бо там нарадзіўся Ісус Хрыстос, сын Божы, — расказваюць, што горад адкрыты для турыстаў і талерантны да ўсіх веравызнаньняў. Аднак насамрэч, дадаюць у арганізацыі, становішча выглядае цалкам іначай — за тыдзень у горадзе фіксуюць 4-5 нападаў на хрысьціянаў з прычыны іхнага веравызнаньня.
Заснавальнік Ізраільскага хрысьціянскага арамейскага таварыства Шадзі Халуль гаворыць, што здарэньне ў Джэніне зусім ня рэдкае.
«Штогод яны спальваюць калядныя ялінкі. Штогод тая самая гісторыя — дзе б ні сьвяткавалася Раство, хрысьціянаў цкуюць і абвінавачваюць у тым, што тыя нібыта зьняважылі памяць іхных тэрарыстаў».
Асабліва актыўныя ісламісты ў такім мясцовасьцях як Джэнін, дзе хрысьціянская супольнасьць малая, а такіх захадаў бясьпекі, як у Бэтлееме, няма. У Бэйт-Джала, нягледзячы на атакі, захады бясьпекі дапамаглі хрысьціянам зьбірацца і сьвяткаваць Нараджэньне Хрыста, а вось у Газе падобныя сьвяткаваньні пакуль немагчымыя.
Як зьмяншаецца хрысьціянскае насельніцтва на Сьвятой зямлі
У 1922 годзе 11% усяго насельніцтва Сьвятой зямлі складалі хрысьціяне. Сёньня на землях, якія знаходзяцца пад уладай Палестынскай аўтаноміі, хрысьціянаў толькі 1%, і яны ня могуць жыць у спакоі праз пастаянныя напады.
Асабліва яскрава гавораць лічбы пра ўжо згаданы Бэтлеем. У сьвятым горадзе для хрысьціянаў гэтую веру ў 1950-м годзе вызнавала 50% насельніцтва. А вось у 2017-м, калі правялі апошні перапіс пры арабскіх уладах, хрысьціянаў было ўжо толькі 10%.
За апошнія восем гадоў, што прайшлі з часу таго перапісу, колькасьць хрысьціянаў пастаянна зьмяншалася. У Ерусалімскім цэнтры прыкладной палітыкі заявілі, што пасьля атакі ХАМАСу 7 кастрычніка 2023 году як мінімум 142 хрысьціянскія сям'і пакінулі акругу, каб пасяліцца ў больш спакойным месцы.
Пасьля тых падзеяў, бачачы, што ісламісты робяць зь юдэямі, свае высновы зрабілі рэлігійныя меншасьці краю — язіды, друзы і хрысьціяне. Яны зразумелі, што на тэрыторыі аўтаноміі яны, хутчэй за ўсё, ня маюць будучыні і пачалі шукаць новага месца для жыцьця.
Каб спыніць адток хрысьціянаў са Сьвятой зямлі, прадстаўнік арганізацыі заклікаў хрысьціянскі сьвет непасрэдна падтрымліваць палестынскіх аднаверцаў, а не Палестынскую аўтаномію ці цэрквы, якія тая кантралюе.
Рэакцыя Ізраілю
СМІ па ўсім сьвеце расказалі пра атаку Злучаных Штатаў на асяродкі і сховішчы радыкальных мусульманаў у Нігерыі пасьля таго, як тыя ня выканалі патрабаваньняў Дональда Трампа і не спынілі забойстваў мясцовых хрысьціянаў. Праблема скарачэньня хрысьціянскага насельніцтва востра стаіць на парадку дня таксама ў Афрыцы. Хрысьціянаў у Нігерыі і іншых афрыканскіх краінах рэгулярна выкрадаюць, забіваюць, спальваюць цэрквы. Пра падобныя атакі, напрыклад, у Нігерыі і Мазамбіку, часта паведамляе праваабарончая арганізацыя «Хрысьціяне ў патрэбе».
Што тычыцца становішча хрысьціянскіх вернікаў у Палестыне, дык частыя атакі на іх прыцягнулі пільную ўвагу кіраўніцтва Ізраілю. Прэм’ер-міністар краіны Бэньямін Нэтаньягу адзначыў, што Ізраіль — адзіная дзяржава ў цэлым рэгіёне, дзе ўлады дбаюць і забясьпечваюць спакой і розныя правы розным канфэсіям, у тым ліку хрысьціянскай.
У сваім звароце да хрысьціянаў Нэтаньягу адзначыў, што Ізраіль адзіная дзяржава Блізкага Ўсходу, дзе «хрысьціянская супольнасьць квітнее, а хрысьціяне могуць вызнаваць сваю веру з поўнымі правамі і ўва ўмовах свабоды».
Палітык зьвярнуў увагу на розьніцу хрысьціянскага жыцьця пад уладай Ізраілю і пад уладай Палестынскай аўтаноміі. Калі ў Ерусаліме, які пад ізраільскай уладай, штогод афіцыйна ставяць калядныя ялінкі, у Джэніне, што пад арабскай уладай, ялінку спалілі.
Паводле Нэтаньягу, хрысьціянская суполнасьць у Ізраілі расьце, а ва ўсіх суседніх дзяржавах, уключна з Іракам, Сырыяй, Турэччынай, Лібанам, колькасьць хрысьціянаў нязьменна падае.
Форум