Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў Беларусі накіравалі ў Менгарвыканкам зварот з просьбай дазволіць усталёўку памятнай дошкі на доме ў Менску, у якім была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, піша БелаПАН.
Як расказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, ён, Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі і Ігар Барысаў — лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — падалі зварот як фізычныя асобы.
Гісторыя з новай «дошкай БНР» цягнецца ўжо больш за год (а ўлічваючы першую «дошку БНР», цяпер усталяваную ў суседнім будынку з тым, дзе хочуць павесіць новую, дык 26 гадоў). Нягледзячы на папярэднюю згоду ўладаў, атрыманую 1 сакавіка 2019 году, афіцыйнага дазволу на ўсталёўку няма дагэтуль. Менскія ўлады спасылаюцца на нейкія «звароты грамадзянаў з нэгатыўным стаўленьнем да пытаньня».
Што важна ведаць пра «дошку БНР»
У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
- Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
- Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
- 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
- Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».