Партыя БНФ і «Арт Сядзіба» 4 сакавіка падалі новую заяўку на дэманстрацыю, мітынг і канцэрт да 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Чаму падалі новую заяўку?
Падчас размовы з журналістамі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «сьвяткаваньня БНР на „Дынама“ ня будзе», дадаўшы, што для правядзеньня «падобных акцый» існуе плошча Бангалор.
У сваёй першай заяўцы «Арт Сядзіба» і Партыя БНФ прасілі дазвол на мітынг і канцэрт да Дня Волі на стадыёне «Дынама». Адказу на гэтую заяўку на момант публікацыі няма, сказаў Свабодзе дырэктар «Арт Сядзібы» Алесь Сьнег.
Калі не Бангалор, то дзе?
Заяўнікі просяць дазволіць правесьці 24 сакавіка дэманстрацыю ад плошчы Свабоды да пляцоўкі каля Палацу спорту, дзе адбудзецца канцэрт і мітынг. Або наадварот: шэсьце ад Палацу спорту і канцэрт на пл. Свабоды.
Што важна ведаць пра падрыхтоўку Дня Волі-2019?
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА