Паштоўкі, прэс-сьняданак, калготы ды шкарпэткі, параўнаньне з жывёлай і мужчына ў вакне. Свабода сабрала 6 нечаканых віншаваньняў зь Міжнародным жаночым днём.
Што ў артыкуле?
- Праваабаронцы выпусьцілі паштоўкі за жаночыя правы.
- Ратавальнікі-высотнікі падняліся з кветкамі да вокнаў радзільнага дому.
- Банкіркі распавялі журналісткам, як дапамагаюць бізнэсоўкам.
- Conte падаруе калготы жанчынам, якія будуць ляцець «Белавіяй» 8 сакавіка.
- Фабрыка ў Берасьці вырашыла, што жанчынам таксама трэба «Сьвята шкарпэтак».
- Менскі заапарк прапанаваў параўнаць жанчын з жывёламі.
Паштоўкі супраць дыскрымінацыі
Праваабаронцы «Вясны» выпусьцілі альтэрнатыўныя паштоўкі да Міжнароднага жаночага дня. Сэрыя #FLOWERPOWER (моц кветак) ставіць сваёй мэтай нагадаць, што першапачаткова 8 сакавіка жанчыны выходзілі на дэманстрацыі і пікеты, каб дамагчыся сваіх правоў.
Паводле «Вясны», цяпер сьвята страціла сваю прававую афарбоўку і стала днём «дарэньня жанчынам кветак і іншых падарункаў». А жанчыны ў віншаваньнях чуюць пра сябе як пра «ўпрыгожваньне працоўных калектываў», пра сваю «пяшчоту і слабасьць».
Праваабаронцы прапаноўвалі браць паштоўкі задарма. На момант публікацыі яны атрымалі калі 300 замоваў. Паштоўкі стварыла прадстаўніца «Вясны» Дзіяна Пінчук, ілюстратарка Стася Сакалоўская, крэатар Алег Давыдчык і крэатарка Дарʼя Герасіменка.
Ратавальнік у вакне
Супрацоўнікі віцебскага ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый 7 сакавіка наведалі абласны радзільны дом. Два ратавальнікі з дапамогай альпінісцкага рыштунку падняліся з кветкамі да вокнаў палат, «выкарыстоўваючы акрабатычныя элемэнты».
«Віншаваньне суправаджалася воднай фэерыяй», — сьцьвярджае МНС Віцебскай вобласьці.
Акрамя кветак, ратавальнікі перадалі жанчынам даведкі пра бясьпеку, а таксама правялі ў радзільным доме канцэрт.
«Кава з экспэртам»
Жаночае прадпрымальніцтва, карʼера ў прыватнай ці дзяржаўнай структуры — пра падтрымку мерапрыемстваў у гэтай галіне журналісткам і блогеркам распавялі ў межах Карпаратыўнага ўнівэрсытэту Белівэстбанку. Напярэдадні 8 сакавіка банк запрасіў на прэс-сьняданак журналістак і блогерак. Сустрэча ў межах праекту «Кава з экспэртам» была прысьвечаная працоўнай і бізнэс-камунікацыі і пытаньню выбару паміж працай і сямʼёй.
Жанчынам у самалётах «Белавіі» падораць калготы
Брэнд Conte падрыхтаваў 4000 калготаў для пасажырак рэйсаў «Белавіі», піша Marketing.by. Гэтым жанчынам абяцаюць зьніжку 30% у інтэрнэт-краме брэнду, калі яны выкладуць здымак падараваных калготаў у інстаграм з хэтштэгам #летаюэлегантно.
У Берасьці зрабілі «шкарпэткі для аргазму»
Брэсцкі панчошны камбінат вырашыў прадаваць жаночыя шкарпэткі разам з духамі.
Паводле прадпрыемства, апошнімі гадамі ў інтэрнэце зьяўляюцца дасьледаваньні, што жанчына атрымлівае аргазм, калі займаецца сэксам у шкарпэтках. Парфума ж у гэтай сытуацыі павінна дапоўніць «прастору каханьня».
Напярэдадні 23 лютага камбінат атрымаў розгалас у мэдыя і сацсетках праз падарункавы набор «прэзэрватыў + мужчынскія шкарпэткі».
Заапарк прапанаваў параўнаць жанчын з жывёламі
Сьледам за забаўляльна-спартовай праграмай «Зімовы прызыў» да 23 лютага Менскі заапарк абвясьціў «жартаўлівы» конкурс:
- Падпісацца на старонку Менскага заапарку ў сацыяльных сетках «Укантакце» або Instagram.
- Зрабіць фота жонкі, сяброўкі, сваячкі або проста знаёмай і выкласьці ў гэтыя сеткі з хэштэгам #zookrasa.
- Напісаць у камэнтарах, да якога гадаванца Менскага заапарку яна падобная і чаму.
На момант публікацыі ў конкурсе праз Instagram паўдзельнічалі пяць карыстальнікаў, «УКантакце» — ніводны.