Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі незаконны абарот наркотыкаў займае першае месца сярод цяжкіх злачынстваў


Наркотыкі, ілюстрацыйнае фота
Наркотыкі, ілюстрацыйнае фота

У краіне прагучаў чарговы прысуд за наркотыкі: 14-гадовага падлетка асудзілі ў Горадні на 8 гадоў зьняволеньня за іх распаўсюд.

7 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшы інспэктар у асаблівых даручэньнях аддзелу арганізацыі працы інспэкцый у справах непаўналетніх упраўленьня прафіляктыкі галоўнай ўправы ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Раман Бардзееў паведаміў, што за першае паўгодзьдзе 2025-га супрацоўнікамі МУС спыненая дзейнасьць «больш за 25 інтэрнэт-крамаў, якія займаліся збытам наркотыкаў, абмежаваны доступ да больш чым 77 сайтаў, на якіх разьмяшчалася рэклама наркатычных крамаў».

Раней гэты ж самы прадстаўнік міліцыі паведаміў, што незаконны абарот наркотыкаў займае першае месца ў структуры ўчыненых падлеткамі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у першым паўгодзьдзі 2025 году (22,7%), піша Позірк.

Напярэдадні 14-гадовага падлетка асудзілі ў Горадні на 8 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Вырак вынес суд Кастрычніцкага раёну Горадні.

Падлетка прызналі вінаватым паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў). Згодна з рашэньнем суду, пакараньне падлетак будзе адбываць у выхаваўчай калёніі.

Як паведаміла горадзенская пракуратура, фігуранту згаданай справы інкрымінавалі абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы. Паводле сьледзтва, навучэнец адной з горадзенскіх школаў «ў складзе злачыннай супольнасьці ўдзельнічаў у незаконным абароце асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва 4-СМС масай каля 480 грамаў». За пэрыяд сваёй дзейнасьці непаўнагадовы атрымаў больш за 3 тысячы рублёў, гаворыцца ў паведамленьні пракурорскіх работнікаў.

Тэрмін пакараньня школьніку скарацілі на 1 год паводле закону аб амністыі. Прысуд ужо ўступіў у законную сілу.

Гэта толькі адзін з прыкладаў суворых выракаў за наркотыкі.

11 жніўня паведамлялася аб затрыманьні ў Магілёве 15-гадовай дзяўчынкі — распаўсюдніцы наркотыкаў. У момант затрыманьня пры ёй, а таксама ў схованках «выяўленае і сканфіскаванае асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва 4-СМС».

Сьледчы камітэт пачаў крымінальнае вядзеньне «за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту». Пакараньне за падобныя злачынствы — да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Крымінальная адказнасьць за іх надыходзіць з 14 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG