Ад 1 чэрвеня 2019 году набудуць моц зьмены ў правілы футболу, прынятыя ў суботу Міжнароднай радай футбольных асацыяцыяў (IFAB). Зьмены не такія радыкальныя, як уведзеныя летась відэапаўторы, але дробязяў набраўся цэлы шэраг.
- Нават ненаўмысная гульня рукой будзе лічыцца парушэньнем, калі гэтым палявы гулец здабыў кантроль над мячом. Гэта значыць, і гол ня будзе залічаны нават тады, калі гульня рукой была абсалютна выпадковай.
- Але парушэньнем ня лічыцца трапляньне мяча ў руку гульца каманды, якая абараняецца, калі тая рука ўпісваецца ў «натуральны сылюэт» — ня выстаўленая ўбок ад торса. Калі выстаўленая — парушэньне будзе.
- Футбаліст, які выходзіць з гульні праз замену, мусіць пакідаць поле ў найбліжэйшым месцы, а не ў тэхнічнай зоне — калі апынуліся ў момант замены далёка, не павінны ісьці праз усё поле.
- Жоўтыя і чырвоныя карткі цяпер могуць паказваць ня толькі гульцам, а і іншым прадстаўнікам камандаў, у тым ліку трэнэрам. Дагэтуль не было да канца зразумела, якія правы маюць судзьдзі ў дачыненні трэнэраў, якія кепска сябе паводзяць.
- Пасьля выбіваньня ад брамы палявым гульцам ня трэба чакаць, пакуль мяч выйдзе са штрафной пляцоўкі — можна гуляць адразу па ўдары.
- У час штрафнога ўдару гульцам каманды ў атацы нельга падыходзіць бліжэй як на 1 мэтар да «сьценкі» з абаронцаў другой каманды.
- Падчас пэнальці брамнік абавязаны трымаць толькі адну нагу на лініі варотаў, а ня дзьве, як было раней.
- Калі мяч трапіў у судзьдзю, гульня будзе спыняцца і аднаўляцца праз «спрэчны мяч» (калі судзьдзя ўкідвае мяч перад двума гульцамі з розных камандаў).