Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30 гадоў таму пачаўся страйк менскага мэтрапалітэну


Менскае мэтро, илюстрацыйнае фота
Менскае мэтро, илюстрацыйнае фота

Падзеі 17 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Гэты дзень у гісторыі

З 17 па 21 жніўня 1995 году адбыўся страйк працаўнікоў Менскага мэтрапалітэну — сяброў Свабоднага прафсаюзу, якія дамагаліся паляпшэньня эканамічных умоваў працы. Страйк быў жорстка здушаны ўладамі, яго ўдзельнікаў на гады ўнесьлі ў чорныя сьпісы.

Машыністы, іхныя памочнікі й сьлесары вагоннага дэпо Менскага мэтрапалітэну пратэставалі супраць парушэньня кіраўніцтвам мэтро калектыўнай дамовы й тарыфнага пагадненьня. Перамовы з прадстаўнікамі ўладаў, якія зьявіліся ў дэпо, не далі плёну. Тады ўлады знайшлі штрайкбрэхераў — машыністаў электрычак Беларускай чыгункі й цягнікоў маскоўскага мэтро, якіх спэцыяльным авіярэйсам з расейскай сталіцы даставілі ў Менск. Падземны рух быў адноўлены, але страйк працягваўся.

Пазьней пачаліся арышты, суды, звальненьні. Шэраг удзельнікаў страйку апынуліся за кратамі. 56 чалавек звольнілі, і цягам гадоў яны не маглі ўладкавацца на працу. Пазьней адпомсьцілі астатнім: з розных прычынаў урэшце звольнілі некалькі соцень чалавек. 1995 год у Беларусі вызначыўся масавымі выступамі працоўных, якія перадусім патрабавалі падвышэньня заробкаў. Страйк на Менскім мэтрапалітэне быў задушаны асабліва жорстка і паказальна для іншых. Загад аб задушэньні страйку даў тагачасны міністар унутраных справаў Юры Захаранка.

1655 — падпісаная Кейданская вунія паміж ВКЛ і Швэцыяй у часе 13-гадовай вайны.

1903 — амэрыканскі выдавец, журналіст Джозэф Пулітцэр заснаваў Пулітцэраўскую прэмію.

Мэдаль Пулітцэраўскай прэміі
Мэдаль Пулітцэраўскай прэміі

1920 — у Менску пачаліся перамовы аб міры паміж Савецкай Расеяй і Другой Рэччу Паспалітай.

1962 — першы забіты пры спробе перайсьці Бэрлінскую сьцяну. Усходненямецкія памежнікі забілі 18-гадовага Пэтэра Фэхтэра.

Памежнікі нясуць сьмяротна параненага Пэтэра Фэхтэра, 17 жніўня 1962
Памежнікі нясуць сьмяротна параненага Пэтэра Фэхтэра, 17 жніўня 1962

1980 — у польскім горадзе Гданьску ўлады прынялі 21 патрабаваньне страйкоўцаў.

1998 — расейскі ўрад абвясьціў дэфолт па фінансавых абавязаньнях.

2020 — звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, які ўзяў удзел у «Маршы свабоды». Каля 50 актораў напісалі заявы на звальненьне.

2020 — у Беларусі практычна на ўсіх прадпрыемствах ствараюцца страйкамы, патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі.

У гэты дзень нарадзіліся

1629Ян Сабескі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1857 Ян Цепляк, рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч Літвы і Беларусі.

1907 Зьдзіслаў Стома, беларускі актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі і СССР.

Зьдзіслаў Стома
Зьдзіслаў Стома

1943 Робэрт Дэ Ніра, амэрыканскі актор.

У памяці

1676 Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн, нямецкі пісьменьнік, аўтар папулярнага раману «Авантурнік Сімпліцысімус», аднаго з найвыбітнейшых твораў нямецкай літаратуры XVII ст.

1850Хасэ дэ Сан Марцін, кіраўнік вайны за незалежнасьць гішпанскіх калёніяў у Паўднёвай Амэрыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG