Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачоў» пад новай назвай дапусьцілі да ліцэнзаваньня ў першую футбольную лігу


Заўзятары «Крумкачоў», 2016 год
Заўзятары «Крумкачоў», 2016 год

Футбольны клюб «НФК» паведаміў, што яго дапусьцілі да ліцэнзаваньня ў першай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. Дзеля гэтага «Крумкачам» прыйшлося ахвяраваць назвай.

Фармальна допуск да ліцэнзаваньня яшчэ ня значыць, што ліцэнзію дадуць, але клюб сьцьвярджаў, што перашкодай у ліцэнзаваньні быў канфлікт у назьве «з самім сабой»: старыя «Крумкачы» ўжо не гуляюць, але новыя — ня той самы клюб, а фармальна асобны.

«Крумкачы» былі заснаваныя 20 сакавіка 2014 году. Каманда пасьлядоўна прайшла ўсе прыступкі: аматарскую другую лігу, паўпрафэсійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сэзон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі ў найвышэйшай лізе.

Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадзкіх адміністрацыяў, ні буйных прадпрыемстваў.

У 2018 годзе рашэньнем Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ) «Крумкачы» былі дыскваліфікаваныя з найвышэйшай лігі: менскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі за «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту — парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў і зрыў працэсу ліцэнзаваньня.

У «Крумкачоў» зьмяніліся заснавальнікі, каманда пад назвай «НФК Крумкачы» заявілася ў другую лігу, заняла ў выніку сэзону другое месца і атрымала падвышэньне ў рангу. Але легалізавацца ў першай лізе, дзе патрабаваньні рэглямэнту больш жорсткія, чым у аматарскім футболе, аказалася ня так проста: клюб з такой назвай ужо існуе.

Клюб вырашыў зьмяніць назву, зьбіраў прапановы ад фанатаў, спыніўся на «НФК», што прапануецца расшыфроўваць як «Незвычайна фантастычная каманда».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG