Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ролік «Россия для русских» і парнаграфію пакаралі 2 гадамі турмы


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя нацыяналістаў «Русский марш» у Маскве, 2012 год
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя нацыяналістаў «Русский марш» у Маскве, 2012 год

29-гадовы жыхар Касьцюковічаў Раман Г. пакараны Магілёўскім абласным судом за распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюджваньне ў інтэрнэце матэрыялаў парнаграфічнага зьместу.

1 сакавіка суд вынес яму вырак: 2 гады і 1 месяц пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.​

За што асуджаны?

У 2014 годзе на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» мужчына разьмясьціў без абмежаваньня доступу відэаролікі пра «канфлікт расейцаў з асобамі каўкаскай нацыянальнасьці»:

  • «Кавказцы решили сплясать лезгинку на митинге по убийству русского кавказцами»;
  • «Почему я националист»;
  • «Россия для русских»

17 сьнежня 2018 году гэтыя відэаматэрыялы Касьцюковіцкі раённы суд прызнаў экстрэмісцкімі.

У абвінавачаньні гаворыцца, што яны зьмяшчаюць «сцэны прапаганды, а таксама заклікі да гвалтоўных дзеяньняў да груп асобаў паводле прыкмет расавай і нацыянальнай прыналежнасьці».

Пазыцыя абласнога суду і абвінавачваньня

Паводле выраку абласнога суду Раман Г. прызнаны вінаватым у «наўмысных дзеяньнях, скіраваных на ўзбуджэньне расавай і нацыянальнай варажнечы паводле прыкмет расавай і нацыянальнай прыналежнасьці».

Абвінавачваньне прасіла пакараць падсуднага 2 гадамі і 7 месяцамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Пазыцыя абвінавачанага

Абвінавачаны сваю віну прызнаў. ​У апошнім слове ён прасіў суд не караць яго жорстка, бо ў яго маленькія дзеці. Казаў, што разьмяшчаў відэаролікі «бяз злога намеру і нікому не хацеў нашкодзіць».

Як вынікала з паказаньняў Рамана, ён нэгатыўна пачаў ставіцца да асобаў каўкаскай нацыянальнасьці «пасьля таго, як яго пабілі ў Маскве, дзе ён быў на заробках. Сьледзтву казаў, што білі яго «каўказцы».

У Маскве ён пазнаёміўся зь дзяўчынай, зь якою ўвесну 2012 году хадзіў на «Русские марши». Тады чытаў у інтэрнэце «літаратуру пра рухі, якія выступалі супраць розных рас, што жывуць у Расеі», а таксама захапіўся пэрсанажам расейскага гістарычнага міту Яўпаціем Калаўратам. На знак пашаны да яго ў 2014 годзе ён зрабіў тату.

Арыштавалі яго 21 сьнежня 2018 году. У судовай залі трымалі ў клетцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG