23 лютага польскія нацыяналісты правялі шэсьце ў Гайнаўцы, дзе большасьць жыхароў беларусы і праваслаўныя.
Удзельнікі маршу прайшліся цэнтральнымі вуліцамі гораду й спыніліся каля Гарадзкога цэнтру культуры.
Абураныя маршам нацыяналістаў жыхары Гайнаўкі зладзілі жалобную сустрэчу й выставу ў памяць аб нявінных ахвярах карнай апэрацыі Рамуальда Райса. Сутычак паміж маніфэстантамі не адбылося, паведамляе беларуская служба Польскага Радыё.
Штогод удзельнікі шэсьця нясуць выявы Рамуальда Райса падчас маршу ў Гайнаўцы, які праводзіцца ў гонар Выклятых жаўнераў, то бок партызанаў антыкамуністычнага падпольля ў Польшчы пасьля ІІ сусьветнай вайны.
Перад маршам мясцовыя жыхары зладзілі ў Гайнаўцы жалобныя акцыі ў памяць бязьвінных ахвяраў.
Як паведамляе карэспандэнтка Радыё Рацыя Валянціна Лаеўска, «З самага ранку ў царкве ў Гайнаўцы прайшла літургія, пазьней паніхіда ў памяць бязьвінна загінулых, закатаваных і спаленых аддзелам Рамуальда Райса «Бурага». Сьвятар пасьля паніхіды адзначыў, што Буры быў злачынцам і нельга яго лічыць і называць героем. Пазьней у цэнтры Гайнаўкі прайшла акцыя «Вечная памяць», на яе сабралася каля 300 чалавек. Прыехалі палітыкі з партыі «Разам», прадстаўнік пасла Робэрта Тышкевіча, грамадзяне РП, якіх, дарэчы, затрымалі ў Варшаве. Іх аўтобус не прапусьцілі. Тады яны прыехалі на сваіх машынах. Прыйшлі жыхары Гайнаўкі. Прачыталі прозьвішчы тых, хто загінуў. Запалілі зьнічы памяці».
У пятніцу 22 лютага начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў марш нацыяналістаў памяці «выклятых жаўнераў» правакацыяй, «скіраванай на стварэньне напружанасьці, канфліктаў на нацыянальнай, рэлігійнай і гістарычнай глебе паміж беларусамі і палякамі».
Галоўны герой маршу, якога чацьвёрты год запар ушаноўваюць польскія нацыяналісты — Рамуальд Райс «Буры», камандзір антыкамуністычнага падпольля, які ў студзені і лютым 1946 году спаліў пяць вёсак з праваслаўным беларускім насельніцтвам на Гайнаўшчыне, забіўшы або спаліўшы жыўцом каля сямі дзясяткаў чалавек.
«Такіх злачынцаў нельга атаясамліваць з барацьбой за незалежнасьць Польшчы, іх дзейнасьць носіць рысы генацыду. З гэтай прычыны мы выступалі і выступаем супраць глярыфікацыі і ўшанаваньня памяці Рамуальда Райса і яго жаўнераў», — сказаў Анатоль Глаз.
МЗС Беларусі выказаў напярэдадні спадзяваньне, што польская грамадзкасьць выступіць супраць такіх мерапрыемстваў і яны будуць у далейшым забароненыя на заканадаўчым узроўні.