Сустрэча старшыні Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіла Мясьніковіча і прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды прайшла 13 лютага. Свабода параўноўвае афіцыйныя паведамленьні польскага і беларускага бакоў.
Польскі бок згадаў праблемы польскай меншасьці ў Беларусі
Паводле сайту прэзыдэнта Польшчы, у час перамоваў зь беларускай дэлегацыяй абодвума бакамі «была падкрэсьленая важнасьць добрасуседзкіх стасункаў дзеля бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне». Былі абмеркаваныя пэрспэктывы эканамічнай і культурнай супрацы.
Зь ініцыятывы Дуды бакі «абмеркавалі праблемы польскай меншасьці ў Беларусі і становішча польскіх сьвятароў, якія ажыцьцяўляюць служэньне там» (некаторым польскім сьвятарам забараняюць служыць у Беларусі, недзяржаўны Саюз палякаў адмаўляюцца рэгістраваць і замінаюць яму праводзіць імпрэзы).
Суразмоўцы, піша сайт польскага прэзыдэнта, выказалі надзею на вырашэньне спрэчных пытаньняў і далейшай актывізацыі эканамічнай супрацы.
Беларускі бок: Дуда хваліў «намаганьні Беларусі па прасоўваньні міру і бясьпекі»
Паводле прэс-рэлізу беларускага Савету Рэспублікі, Дуда «падкрэсьліў рост беларуска-польскіх кантактаў і іхную эфэктыўнасьць», а Мясьніковіч прапанаваў «актывізаваць палітычную, эканамічную, гуманітарную супрацу».
У адрозьненьне ад польскага боку, у прэс-рэлізе беларускага боку згадваецца абмеркаваньне інвэстыцыйнай супрацы, а таксама сьцьвярджаецца, што Дуда «высока ацаніў намаганьні Беларусі па прасоўваньні міру і бясьпекі ў Эўропе і беларускія ініцыятывы агулам».
«Міхаіл Мясніковіч дадаў, што беларускі бок турбуюць спробы неаб'ектыўнай ацэнкі некаторых гістарычных фактаў у дачыненьні да беларусаў Падляшша, — адзначаецца беларускім бокам. — Прэзыдэнт [Польшчы] адзначыў, што да пытаньняў, зьвязаных з гісторыяй, варта падыходзіць узважана. У кожным канкрэтным выпадку трэба пры неабходнасьці разьбірацца прадметна».
Акрамя таго, беларускі бок згадвае, што на перамовах «было адзначана» (кім, не ўдакладняецца), што Беларусь і Польшча ў 2019 годзе адзначаюць шэраг юбілейных датаў агульнай гісторыі: 450-годзьдзе Люблінскай Уніі, 200-годзьдзе кампазытара Станіслава Манюшкі і іншыя.
На сайце прэзыдэнта Польшчы ня згадваецца, што, як піша беларускі Савет Рэспублікі, «бакі адзначылі важнасьць дамовы аб сацыяльным забесьпячэньні, падпісаныя ў межах візыту парлямэнцкай дэлегацыі Беларусі ў Польшчу» (дамова рэгулюе выплаты пэнсіяў, страхавых выплатаў і дапамогі па беспрацоўі паміж дзяржавамі).
Пытаньне ў «Бурым»?
Якія менавіта ацэнкі гістарычных фактаў лічацца беларусамі неаб’ектыўнымі і ці зьвязана гэта з падзеямі ў Гайнаўцы, не ўдакладняецца. БелТА адзначае таксама, што Мясьніковіч у час сустрэчы з маршалам польскага Сэнату «праінфармаваў аб дзейнасьці польскай дыяспары ў Беларусі» і «падкрэсьліў, што Беларусь — краіна роўных магчымасьцей», а таксама «выказаў пажаданьне, каб і беларуская меншасьць у Польшчы адчувала сябе камфортна».
11-14 лютага парлямэнцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам наведае Польшчу. Мясьніковіч зьбіраўся наведаць Польшчу яшчэ 24 кастрычніка 2018 году. Візыт быў прымеркаваны да польска-беларускага эканамічнага бізнэс-форуму, які ў той дзень стартаваў у Варшаве.
Сустрэчу скасавалі ў апошні момант без удакладненьня прычынаў. Але ад некаторых палітыкаў у прыватных размовах можна было пачуць, што ён не паехаў таму, што польскія ўлады нібыта былі супраць таго, каб Мясьніковіч ускладаў кветкі да магілаў беларусаў, якія сталі ахвярамі Рамуальда Райса «Бурага».
Польская апазыцыя байкатавала Мясьніковіча
Мясьніковіч і беларуская дэлегацыя праводзілі перамовы з польскімі сэнатарамі і па-рознаму паведамлялі пра вынікі сустрэчаў. Беларускі бок ня згадваў, што сэнатары апазыцыйнай польскай партыі «Грамадзянская плятформа» (Platforma Obywatelska) выйшлі з залі падчас візыту беларусаў, бо «Польшча не павінна ганараваць у парлямэнце прадстаўніка рэжыму Лукашэнкі».
Візыт Мясьніковіча ў Польшчу адбываецца падчас трохдзённых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у расейскім Сочы.