У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Ні слова па-беларуску няма нават у праграме мерапрыемстваў.
Паводле сайту russkiymir.ru, імпрэзы прайшлі у межах праекту «Твой мир — навек моя обитель», які рэалізуецца культурна-асьветніцкім таварыствам «Продвижение» пры падтрымцы фонду «Русский мир».
Ва ўнівэрсытэце ж цьвердзяць, што ўсё падрыхтавалі выключна выкладчыкі і студэнты.
Выкладчыца катэдры ўсясьветных моваў Аляксандра Дубінкіна сказала, што ўдзельнічала ў падрыхтоўцы конкурсу «СлавФэст», які праводзіцца ў ВДУ ня першы год. Гэта конкурс для замежных студэнтаў, якія вывучаюць расейскую мову як мову выкладаньня. На ім чытаюць творы расейскіх пісьменьнікаў.
«Але да дня роднай мовы ў ВДУ праводзяцца і імпрэзы, падрыхтаваныя катэдрай беларускага мовазнаўства», — падкрэсьліла спадарыня Дубінкіна.
Адзіны беларускамоўны конкурс у праграме названы па-расейску
Дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства, старшыня абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч кажа, што да Дня роднай мовы падвялі вынікі конкурсу студэнцкіх праектаў «Мой зямляк ва ўсясьветнай культуры».
«Найлепшымі былі прызнаныя праекты „Дзівосны сьвет дзядзькі Язэпа“, „Іван Хруцкі. Мой зямляк ва ўсясьветнай культуры“, „Пехатой да неба. Рыгор Барадулін як культурны брэнд Беларусі“, прысьвечаныя нашым знакавым асобам.
Праект меў беларускую назву, безумоўна. Чаму ў праграме ён запісаны па-расейску, я ня ведаю».
За апошнія гады катэдру беларускай філялёгіі на філфаку ВДУ некалькі разоў спрабавалі скасаваць.
Унівэрсытэцкая структура БРСМ правяла ў Інстаграме акцыю, удзельнікі якой чыталі на відэа беларускамоўныя вершы пад тэгам #мовагучыцьchallenge.
«Пра ўдзел „Русского мира“ мы ня чулі»
Большасьць імпрэзаў да Дня роднай мовы ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце прысьвяцілі мове расейскай:
- конкурс «Мой родной язык — русский»,
- навукова-мэтадычныя сэмінары па праблемах выкладаньня расейскай мовы,
- канфэрэнцыю «Феномен родного языка: философско-психологический, социокультурный и коммуникативно-лингвистический аспекты».
«Беларуская мова амаль не гучыць у сучаснай школе, тым болей — ва ўнівэрсытэтах. Паўсюль — толькі расейская. Менавіта яна стала і галоўным камунікацыйным сродкам, і мовай нашых навуковых досьледаў. Таму — такія назвы і такія мерапрыемствы, — сказала адна з выкладчыц, якая папрасіла не называць ейнага імя. — Пра ўдзел „Русского мира“ мы ня чулі, бо імпрэзы штогод рыхтуем самі», — дадала яна.
На яе думку, хутчэй можна казаць не пра ўдзел, а пра ўплыў «русского мира» — як зьявы, якая ўвайшла ў жыцьцё беларусаў з расейскага тэлебачаньня і пачала зьмяняць самасьвядомасьць.
Што да аб’яднаньня «Продвижение», то пра яго суразмоўцы ня чулі. Яно ня мае рэгістрацыі ў Віцебскім гарвыканкаме. Няма зьвестак пра ранейшую яго дзейнасьць. Гэтай структуры няма ў пераліку арганізацый-партнэраў фонду «Русский мир».