Маскоўскі фонд «Русский мир» паведамляе на сваім сайце, што ў Беларусі мае адну структурную адзінку — «Русский центр» у Берасьці. У самім цэнтры сьцьвярджаюць, што гэта ня так. Свабода высьветліла, як сытуацыя выглядае насамрэч.
Пра «Русский центр» у Берасьці СМІ ўзгадалі падчас скандалу вакол фармулёўкі «польскае паўстаньне К. Каліноўскага» ў падручніку расейскай літаратуры для 8-х клясаў. Рэцэнзэнткаю падручніка, які выдала Міністэрства адукацыі Беларусі, была Тацьцяна Сянькевіч, загадчыца катэдры тэорыі і гісторыі расейскай літаратуры Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна. Менавіта яна кіруе берасьцейскім «Русским центром».
На сайце фонду «Русский мир» гэтыя ўстановы пазыцыянуюцца як рэсурсавыя цэнтры з багатым доступам да «вучэбна-мэтадычнай і навукова-папулярнай інфармацыі з Расеі». Мэта цэнтру — папулярызацыя расейскай мовы і культуры «як важных элемэнтаў усясьветнай цывілізацыі».
На першы погляд, цэнтар выконвае такую ж функцыю, як і прадстаўніцтвы ў розных краінах сьвету Брытанскіх радаў, Францускіх або Польскіх інстытутаў. Але ж сама філязофія «русского мира» моцна адрозьніваецца ад філязофіі, напрыклад, франкафоніі.
Чытаем на сайце фонду, што такое «русский мир»:
«...Гэта ня толькі рускія, ня толькі расіяне, ня толькі нашы суайчыньнікі ў краінах блізкага і далёкага замежжа, эмігранты, выхадцы з Расеі і іх нашчадкі. Гэта яшчэ і замежныя грамадзяне, якія размаўляюць на расейскай мове, якія вывучаюць або выкладаюць яе, усе тыя, хто шчыра цікавіцца Расеяй, каго хвалюе яе будучыня».
Фонд «Русский мир», дарэчы, быў створаны ўказам Уладзіміра Пуціна і атрымлівае фінансаваньне ў тым ліку і з фэдэральнага бюджэту.
І далей пра ідэалёгію:
«"Русский мир" — гэта сьвет Расеі. Пакліканьне кожнага чалавека — дапамагаць сваёй айчыне, рупіцца пра блізкага. Вельмі часта можна пачуць, што краіна магла б зрабіць для людзей. Але ані ня менш важна, што кожны з нас можа зрабіць для Радзімы. Ад настрояў утрыманства варта паварочвацца да ідэі служэньня Расеі».
БрДУ: «Русский центр» — адно з падразьдзяленьняў унівэрсытэту
Ці няма ў такім разе канфлікту інтарэсаў паміж ідэямі «русского мира» і задачамі дзяржаўнай беларускай ВНУ, на базе якой працуе гэты цэнтар у Берасьці?
Свабода паспрабавала скантактавацца з самой спадарыняй Тацьцянай Сянькевіч цягам некалькіх дзён. Набраўшы нумар «Русского центра», мы натрапілі на дэканат філялягічнага факультэту. Загадчыца катэдры, як сказала супрацоўніца дэканату, увесь час была занятая — «на парах, са студэнтамі і на нарадах». На пытаньні праз электронную пошту мы не атрымалі адказу цягам чатырох працоўных дзён. З пытаньнем пра магчымы канфлікт інтарэсаў мы зьвярнуліся ў рэктарат. Адтуль Свабоду накіравалі да супрацоўніцы ўнівэрсытэту, якая расказала пра «Русский центр».
— Як бы вы маглі патлумачыць, што «Русский центр», які працуе ў вашай ВНУ, зьяўляецца структурай замежнага фонду, створанага МЗС іншай дзяржавы? І ці ня бачыце вы канфлікту інтарэсаў, калі дэкан беларускай ВНУ працуе на замежную арганізацыю ў рамках сваіх абавязкаў выкладчыка?
— Гэта адукацыйная, навукова-даведачная арганізацыя, інфармацыйна-дасьведчаная арганізацыя нашага ўнівэрсытэту.
— То бок яна цалкам належыць Берасьцейскаму ўнівэрсытэту, а ня фонду «Русский мир»?
— Цэнтар не зарэгістраваны як нейкая асобная арганізацыя. Гэта адно са структурных падразьдзяленьняў на базе філялягічнага факультэту. І ствараўся гэты цэнтар для таго, каб пашырыць магчымасьці ў рамках адукацыйнага працэсу. Маецца на ўвазе інфармацыйнае забесьпячэньне, доступ да бібліятэк, каб павялічыць якасьць ведаў у расейскай літаратуры і мове і якасьць выкладаньня. Цэнтар займаецца кансультацыйнай і мэтадычнай дапамогай пэдагагічнаму калектыву для таго, каб арганізаваць вучэбна-мэтадычную працу. Мэты гэтага цэнтру — палепшыць менавіта беларускую сыстэму адукацыі.
— На сайце фонду «Русский мир» напісана, што адзіны іхны цэнтар у Беларусі — у Берасьці, у вашым унівэрсытэце.
— Я не магу камэнтаваць інфармацыю, якая знаходзіцца на сайце нейкай арганізацыі. Я кажу пра тое, чым займаемся мы.
— У пляне вашага «Русского центра» на 2018 год, разьмешчаным на сайце ўнівэрсытэту, значыцца: «Інфармацыйнае суправаджэньне акцыяў, мерапрыемстваў, якія арганізуюцца Пасольствам РФ у РБ, Генэральным консульствам РФ у г. Берасьці, Берасьцейскім аддзяленьнем "Россотрудничества" ў РБ». На чым палягае вашае супрацоўніцтва?
— Наш філялягічны факультэт, як і іншыя факультэты, адной з галоўных задачаў ставіць мэту міжнароднага супрацоўніцтва. У гэтых кірунках такое супрацоўніцтва будзе ажыцьцяўляцца на роўных зь іншымі арганізацыямі. Тут нельга вылучаць нейкую адну арганізацыю, адукацыйная прастора адкрытая.
«Русский мир»: «Русские центры» — аўтаномныя арганізацыі
У пераліку дзейнасьці цэнтру ў Берасьці на гэты год: літаратурныя дыспуты, творчыя сустрэчы зь дзеячамі навукі, культуры, мастацтва розных краін, прагляд фільмаў, круглыя сталы, сэмінары для настаўнікаў, зімнія і летнія лягеры па расейскай мове, літаратурны вечар «Народ, издревле нам родной...» і супольныя з фондам «Русский мир» захады.
І на сайце самога ўнівэрсытэту побач з назвай «Русского центра» разьмешчаная эмблема толькі адной арганізацыі — менавіта фонду «Русский мир». Якое тады дачыненьне маскоўскі фонд мае да берасьцейскага цэнтру?
У прэс-службе фонду «Русский мир» у Маскве Свабодзе сказалі, што «Русские центры» ёсьць аўтаномнымі арганізацыямі. Аднак фонд дапамагае цэнтрам ня толькі кнігамі, але і фінансава.
— «Русские центры» — гэта, у сутнасьці, сумесныя праекты нашага фонду і розных навучальных установаў. Мы супрацоўнічаем на аснове Дамовы аб дапамозе і садзеяньні. Мы дапамагаем цэнтрам кнігамі, часам абсталяваньнем. «Русские центры» могуць зьвяртацца да нас па гранты.
— А ці зьвяртаўся па такія гранты берасьцейскі «Русский центр»?
— На жаль, асоба, якая магла б адказаць на гэтае пытаньне, знаходзіцца цяпер у службовай выправе ў Японіі.
— А ці ёсьць у вас патрабаваньні да «Русских центров»?
— У нас няма ніякіх патрабаваньняў. Мы займаемся папулярызацыяй расейскай мовы і культуры.
— У тлумачэньні на вашым сайце гаворыцца, што «Русский мир» — гэта і замежныя грамадзяне, якія размаўляюць на расейскай мове, і служэньне Расеі. Беларусы размаўляюць на расейскай мове, але наўрад ці зьвязваюць гэта з ідэямі «русского мира» і служэньня Расеі.
— Я магу толькі паўтарыць, што «Русский центр» у Берасьці падпарадкоўваецца рэктару. Мы дапамагаем толькі літаратурай. Але Беларусь і сапраўды сярод усіх краін, дзе ёсьць цэнтры, стаіць асобна. Цяжка спрачацца з тым, што расейская мова для беларусаў свая. Таму тут і ня можа быць ніякіх канфліктаў інтарэсаў.
Быў адзін рускі цэнтар, стаў другі — з расейскай фінансавай падтрымкай
На пытаньне пра фінансы адказ дае сам берасьцейскі ўнівэрсытэт. У архіве навінаў за 2014 год ёсьць паведамленьне пра адкрыцьцё цэнтру.
«3 сьнежня 2014 году ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя А. С. Пушкіна прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцьця «Русского центра» пры фінансавай падтрымцы Фонду «Русский мир». Арганізатарамі адкрыцьця зьяўляюцца катэдра тэорыі і гісторыі расейскай літаратуры і Фонд «Русский мир».
У гэтай цырымоніі ўдзельнічаў выканаўчы дырэктар маскоўскага фонду, консул Расеі ў Берасьці, а таксама кіраўнік берасьцейскага аддзелу прадстаўніцтва «Россотрудничества» у Беларусі.
«Русский центр» там існаваў фармальна без маскоўскага фонду, прынамсі год. Але назва была іншая — «Русский культурно-образовательный центр имени Пушкина».
Ад 2013 году цэнтар выдае інфармацыйна-літаратурны альманах для студэнтаў. У нумары за верасень 2014 году, за некалькі месяцаў да ўрачыстага адкрыцьця «Русского центра», у альманаху ўпершыню зьяўляецца эмблема фонду «Русский мир». Яна прысутнічае там дагэтуль. А назва «Русский культурно-образовательный центр имени Пушкина» з часам зьнікла з альманаху цалкам і была замененая проста «Русским центром».
Што стала з папярэднім цэнтрам — невядома. Выглядае, што цэнтар імя Пушкіна ня толькі зьмяніў назву, але і стаў сумесным з «Русским миром» праектам. У такім разе, урачыстае пераразаньне стужкі ў сьнежні 2014 годзе — гэта не рэбрэндынг, а адкрыцьцё новай установы.
Адбылося гэта літаральна празь некалькі месяцаў пасьля таго, як у Берасьці адкрылася прадстаўніцтва «Россотрудничества» — расейскага фэдэральнага агенцтва ў справах СНД, суайчыньнікаў, якія жывуць за мяжой, і міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва.
«Русский центр», які ўнівэрсытэт пазыцыянуе як уласную ўстанову, стаў ня толькі сумесным праектам з фондам «Русский мир», але і сярод сваіх мэтаў ставіць інфармацыйнае суправаджэньне акцыяў, якія ладзіць «Россотрудничество».
Кнігі па расейскай культуры, мове і гісторыі, іншыя матэрыялы сталі для Берасьцейскага ўнівэрсытэту бясплатнымі. ВНУ можа цяпер разьлічваць на гранты з Масквы. Узамен трэба было толькі пагадзіцца на супольны праект з «Русским миром».
Берасьцейскі ўнівэрсытэт супрацоўнічае з больш як паўсотняй замежных арганізацыяў. Амаль усе — навучальныя ўстановы. Са сьпісу вылучаюцца толькі польскі Інстытут садоўніцтва і кветаводзтва, Інстытут літоўскай мовы, італьянскі дзіцячы дабрачынны фонд і фонд «Русский мир».