Паводле статыстыкі Белстату, беларускі экспарт каменнага вугалю ў суседнюю Ўкраіну вырас за год у 980 разоў, антрацыту — у 340 разоў. Свабода паспрабавала разабрацца, як такое магчыма, калі ў Беларусі няма радовішчаў гэтых карысных выкапняў.
Неверагодны рост экспарту
Беларусь ня мае сваіх радовішчаў каменнага вугалю і антрацыту, апроч бурага вугалю (агульны аб’ём — каля 150 мільёнаў тон). Тым ня менш летась пачала актыўна экспартаваць гэтыя выкапні. Прынамсі паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі.
Як паведамляе Белстат (PDF), беларускі экспарт (продаж) каменнага вугалю ў 2018 годзе склаў 853,9 тысячы тон (у 2017-м — 164,9 тысячы тон) на суму 74,9 млн даляраў. Зь іх
- ва Ўкраіну пайшло 588,5 тысячы тон (супраць 0,6 тысячы тон у 2017 годзе) на 50,3 млн даляраў (63 тысячы даляраў у 2017-м),
- у краіны Эўразьвязу — 265,4 тысячы тон (у 2017-м — 163,4 тысячы тон),
- у тым ліку ў Польшчу — 261,9 тысячы тон (у 2017-м — 163,3 тысячы тон).
Імпарт каменнага вугалю склаў 1648,5 тысячы тон, у тым ліку
- з Казахстану — 374,9 тысячы тон,
- з Расеі — 1273,5 тысячы тон,
- з Украіны — 69,9 тоны.
Антрацыту зь Беларусі экспартавалі ў 2018 годзе 107,3 тысячы тон на суму 9,3 мільёна даляраў (у 2017 годзе экспарт складаў усяго 0,3 тысячы тон).
- З гэтай колькасьці 102,2 тысячы тон на 8,8 мільёна даляраў было пастаўлена ва Ўкраіну (у 2017 годзе — 0,3 тысячы тон).
Імпарт антрацыту ў Беларусь, паводле Белстату, склаў 173 тысячы тон.
- З Расеі ў гэтай колькасьці — 172,8 тысячы тон.
- З Украіны паставак, паводле статыстыкі, не было.
Украіна мае патрэбу найперш у антрацыце
Антрацыт адрозьніваецца ад каменнага вугалю павышаным утрыманьнем вугляроду, гэта добрае паліва з падвышанай цеплааддачай. У доменных печах і для кацельняў выкарыстоўваюць менавіта антрацыт.
Украіна мае патрэбу найперш у антрацыце, які здабываюць у самаабвешчаных ЛНР і ДНР. Энэргакампаніі пачалі пераводзіць блёкі ЦЭС, якія раней працавалі на антрацыце, на газавыя маркі вугалю. Аднак яго здабыча не пасьпявае за ростам спажываньня газавага вугалю, таму паўстаў дэфіцыт і гэтага віду паліва.
Дзяржорганы Беларусі вугалем «не займаюцца»
У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю карэспандэнту Свабоды сказалі, што вугалем не займаюцца.
Гэтак жа адказалі і ў Міністэрстве энэргетыкі Беларусі.
«Мы з вугалем не працуем. Наколькі я ведаю, мізэрную колькасьць увозіць чыгунка, нейкія аб’ёмы вугалю ўвозяць аблвыканкамы праз ацяпляльныя аб’яднаньні „Аблпаліва“ („Облтоп“). Але гэта зноў жа не Міністэрства энэргетыкі. У нашага міністэрства вугальных станцый няма і няма магутнасьцяў, якія працуюць на вугалі», — сказаў Свабодзе намесьнік начальніка аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і міжнароднага супрацоўніцтва Мінэнэрга Вячаслаў Сас.
Сьлед ЛНР-ДНР
У жніўні 2018 году ў беларускіх СМІ выказваліся падазрэньні, што ў Эўропу празь Беларусь трапляе вугаль ад данбаскіх сэпаратыстаў у абыход Украіны. Асноўным спажыўцом гэтага вугалю называлі Польшчу. Таксама выказваліся меркаваньні, што Беларусь выступае транзытнай краінай для гэтай сыравіны.
У 2017 годзе прадстаўнікі ЛНР казалі, што зь беларускім бокам вядуцца перамовы аб пастаўках вугалю. Аднак тагачасны віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка абверг гэтую інфармацыю і заявіў журналістам, што перамоваў з ЛНР аб куплі вугалю ўрад Беларусі не вядзе.
Прадстаўнік адной кампаніі з энэргетычнага сэктару ў размове з карэспандэнтам Свабоды выказаў вэрсію, што пастаўкамі вугалю займаюцца камэрцыйныя структуры. Нібыта ва Ўкраіну вязуць вугаль пераважна ўкраінскія кампаніі, а ў Эўропу — расейскія. Яны маюць статус рэзыдэнтаў Беларусі, але беларускага капіталу ў іх няма.
Паводле бізнэсоўца, магчыма, вугаль з Данбасу і трапляе ў Польшчу.
«Але калі нехта возіць, то па дакумэнтах вугаль расейскі. А які ён дэ-факта — данецкі ці расейскі — я ня ведаю», — сказала крыніца.
Ва ўкраінскай статыстыцы беларускага вугалю няма
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, у 2018 годзе ўкраінскія кампаніі набывалі каменны вугаль у краінах Эўразьвязу, Афрыкі і амэрыканскага кантынэнту, а таксама толькі ў трох краінах СНД — Казахстане, Малдове і Расеі.
Антрацытавы вугаль, які выкарыстоўваецца ў цеплаэнэргетыцы, пастаўлялі з Расеі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Польшчы, Паўднёвай Афрыкі. Прычым найбольшы аб’ём як каменнага, гэтак і антрацытавага вугалю летась увозіўся менавіта з Расеі — адпаведна 15,009 мільёна тон на 1,8 мільярда даляраў і 3,624 мільёна тон на 387,3 мільёна даляраў.
Чаму ў статыстыцы не адлюстраваныя пастаўкі вугалю зь Беларусі, у Дзяржаўнай службе статыстыкі Ўкраіны адмовіліся камэнтаваць і рэкамэндавалі зьвярнуцца да іх з афіцыйным запытам «у сувязі з такім важным пытаньнем».
Паводле заканадаўства дзяржаўны орган мае на адказ пяць працоўных дзён.
Дырэктар энэргетычных праграмаў Цэнтру ўсясьветнай эканомікі і міжнародных дачыненьняў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Валянцін Зямлянскі мяркуе, што вугальныя пастаўкі зь Беларусі ва Ўкраіну ў 2017 годзе сапраўды маглі ня трапіць у афіцыйную статыстыку з прычыны нязначнага аб’ёму — усяго 600 тон.
«Але ж калі пастаўкі дасягнулі 600 тысяч тон, то яны абавязкова мусілі быць адлюстраваныя ў статыстыцы. Бо гэта амаль пятая частка ад агульнага аб’ёму патрэбаў украінскіх кампаній», — адзначыў экспэрт.
Паводле яго, гаворка хутчэй ідзе пра тое, што беларуская кампанія ў дадзеным выпадку магла выступіць рээкспартэрам вугалю, набытага ў Расеі.
Хто закупляў вугаль у Беларусі
Ва Ўкраіне ёсьць два найбольшыя спажыўцы вугалю. Прыватная кампанія «ДТЭК», якая належыць алігарху Рынату Ахметаву, і пакуль яшчэ дзяржаўная кампанія «Центренерго» (летась яе плянавалі прыватызаваць, але конкурс скасавалі, бо пасьля выключэньня беларускай кампаніі «Нафтабітумны завод» застаўся толькі адзін прэтэндэнт). Абедзьве гэтыя кампаніі — найбуйнейшыя з тых, што займаюцца генэрацыяй электраэнэргіі і цяпла.
У кампаніі «ДТЭК» Свабодзе сказалі, што не рабілі паставак вугалю зь Беларусі і ня маюць ніякіх беларускіх кампаній-контрагентаў.
«Хачу зьвярнуць увагу, што вугаль ёсьць розных відаў — той, што выкарыстоўваецца ў мэталюргіі, і той, што выкарыстоўваецца ў энэргетыцы. Наколькі мне вядома, мы не імпартавалі вугаль зь Беларусі», — сказаў Свабодзе кіраўнік дэпартамэнту па карпаратыўных камунікацыях «ДТЭК» Максім Асауляк.
У «Центренерго» на адпаведны запыт Свабоды на момант выхаду публікацыі не адказалі. У першай палове 2019 году кампанію павінны прыватызаваць — гэта замацавана ва ўхваленым летась у сьнежні Мэмарандуме зь Міжнародным валютным фондам.
Сьляды вядуць да атачэньня Парашэнкі?
Паводле ўкраінскіх СМІ, «Центренерго» цяпер кантралюецца Ігарам Кананенкам — шматгадовым бізнэс-партнэрам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. У 2016 годзе кампанія апынулася ў цэнтры скандалу, калі высьветлілася, што яна праз расейскага контрагента набывала вугаль на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласьці пад маркай вугалю з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Украінскія экспэрты не выключаюць, што менавіта пасьля гэтага скандалу кампанія вымушаная была перафарматаваць схемы пастаўкі вугалю з Данецкай і Луганскай абласьцей — пусьціўшы яго празь беларускую кампанію. Такім самым шляхам вугаль у Беларусі маглі набываць і дробныя цеплаэлектрацэнтралі.
Магчыма, новы мэханізм пэўным чынам плянавалася зьвязаць і з прыватызацыяй «Центренерго». Пасьля выключэньня з конкурсу беларускай кампаніі «Нафтабітумны завод», якая належыць беларускім бізнэсоўцам Аляксандру Шакуціну і Мікалаю Вараб’ю, заставаўся толькі адзін удзельнік — кампанія «Укрдонінвест». Яе ўласьнік, выхадзец з Данбасу Віталь Крапачоў, ужо за прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі выкупіў «вугальныя» актывы сына Віктара Януковіча — Аляксандра.
Як сьведчаць вынікі расьсьледаваньня ўкраінскага праекту Радыё Свабода «Схемы», Віталь Крапачоў неаднойчы сустракаўся зь Ігарам Кананенкам, якога ўкраінскія СМІ называюць куратарам усяго энэргетычнага сэктару Ўкраіны.
Адметна, што прыватызацыя кампаніі мелася адбыцца ў пэрыяд, калі ў 10 абласьцях Украіны было ўведзена ваеннае становішча. Тады Сяргей Лешчанка, колішні журналіст інтэрнэт-выданьня «Українська правда», а цяпер дэпутат Вярхоўнай Рады (прычым трапіў ён у парлямэнт паводле сьпісаў «Блёку Пятра Парашэнкі») абвінаваціў прэзыдэнта Ўкраіны ў намеры выкупіць дзяржаўнае прадпрыемства на падстаўных асобаў.