«Выключна нэгатыўныя стэрэатыпныя ўяўленьні пра Сталіна, створаныя ў масавай сьвядомасьці грамадзтва, яшчэ цалкам ня выкараненыя», — гаворыцца ў афіцыйным адказе Нацыянальнай акадэміі навук ініцыятарам сьвяткаваньня 140-годзьдзя Сталіна.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падтрымлівае прапанову замяніць надпіс «Валгаград» на «Сталінград» на пастамэнце на плошчы Перамогі ў Менску. Праўда, у пытаньні ўсталяваньня бюста «правадыра» на «Лініі Сталіна» НАН прапануе зьвяртацца непасрэдна да кіраўніцтва комплексу.
Тэкст адказу ўзгоднены з трыма міністэрствамі
Адказ Акадэміі навук на калектыўны зварот нэабальшавікоў і старшыні «Ўсесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў» Васіля Зелікава бурна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. Тэкст яго ўзгоднены, як вынікае з самога ліста, з трыма міністэрствамі — замежных спраў, абароны і культуры.
«Прыведзеныя факты аб вялікім асабістым унёску І. В. Сталіна ў станаўленьне і ўмацаваньне беларускай савецкай дзяржаўнасьці неаспрэчныя і адпавядаюць рэчаіснасьці», — гаворыцца ў лісьце за подпісам намесьніка старшыні прэзыдыюму Акадэміі навук Аляксандра Сукалы.
Далей у лісьце сказана, што «выключна нэгатыўныя стэрэатыпныя ўяўленьні пра Сталіна, створаныя ў масавай сьвядомасьці грамадзтва ў другой палове 1950-х — пачатку 1960-х гадоў і ў 1990-я, яшчэ цалкам ня выкараненыя».
Кіраўніцтва НАН: «Дакумэнт падпісалі, камэнтаваць ня будзем»
Намесьнік старшыні прэзыдыюму Акадэміі навук Аляксандар Сукала пацьвердзіў Свабодзе, што адказ на зварот нэабальшавісцкіх рухаў і кіраўніка «Ўсесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў» Васіля Зелікава аб сьвяткаваньні 140-х угодкаў Сталіна падпісаў ён.
Свабода папрасіла доктара мэдычных навук, прафэсара-пэдыятра Аляксандра Сукалу патлумачыць сваю пазыцыю адносна ролі Сталіна.
«Гэтае пытаньне абмяркоўвалася ў аддзяленьні гуманітарных навук і мастацтваў, і такі мы падрыхтавалі адказ. А далей — без камэнтароў», — сказаў прафэсар-мэдык і паклаў слухаўку.
Дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч на пытаньне Свабоды, ці мае ягоная ўстанова адносіны да ліста, адказаў, што свае прапановы супрацоўнікі інстытуту выказвалі, але хто канкрэтна і якія прапановы — не ўдакладніў.
«Усе пытаньні — да аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў. Адказ рыхтаваўся там. Мы прапановы свае выказвалі, маем дачыненьне. Але камэнтаваць я нічога ня буду. Зьвяртайцеся не да нас, у аддзяленьне гуманітарных навук і мастацтваў».
Вучоны сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў акадэмік Аляксандар Каваленя адмовіўся пракамэнтаваць дакумэнт для Свабоды, спаслаўшыся на занятасьць.
Ігар Кузьняцоў: «Даніловіч і Каваленя выказваюць афіцыйную пазыцыю дзяржавы»
Гісторык Ігар Кузьняцоў, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій, перакананы, што гэты дакумэнт падрыхтаваны ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, а мэдык Аляксандар Сукала яго падпісаў як службовая асоба — намесьнік старшыні прэзыдыюму НАН.
«У мяне няма сумневу, што гэты адказ рыхтаваў Інстытут гісторыі. Гэта справа рук дырэктара Інстытуту гісторыі Вячаслава Даніловіча і вучонага сакратара аддзяленьня гуманітарных навук Аляксандра Кавалені. Яны выказваюць афіцыйную пазыцыю дзяржавы што да ролі Сталіна. Ну, а што тычыцца тэксту адказу, абаротаў, стылю — у мяне проста слоў няма...» — кажа Кузьняцоў.
На думку дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Кузьняцова, увагу і цікавасьць да асобы Сталіна праяўляюць ня толькі нацыянал-бальшавікі, кшталту Васіля Зелікава і ягоных паплечнікаў, але і афіцыйныя ўлады, прычым ужо даўно. Як прыклад гісторык Кузьняцоў прывёў адкрыцьцё «Лініі Сталіна» ў 2005 годзе.
«Потым было адноснае зацішша. Прынамсі, публічна ўлады нідзе не выказвалі сваіх меркаваньняў адносна ролі Сталіна, акрамя афіцыйнага адказу 90-гадоваму Ўладзімеру Мазаніку, бацька якога быў рэпрэсаваны і расстраляны і які дамагаецца ўсталяваньня памятнага знаку ахвярам сталінскіх рэпрэсій».
У 2014 годзе Мазаніку прыйшлі адказы, што «ўсталяваньне памятнага знаку ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьяўляецца немэтазгодным» — за подпісам міністра культуры Барыса Сьвятлова, старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца са спасылкай на меркаваньне дырэктара Інстытуту гісторыі Вячаслава Даніловіча.
«Для мяне гэта было ня дзіўна, цяперашні адказ Акадэміі навук — цалкам у гэтым рэчышчы», — кажа гісторык Ігар Кузьняцоў.
Дасьледчык сталінскіх рэпрэсій таксама кажа, што зусім ня зьдзівіцца, што 140-годзьдзе Сталіна, якое прыпадае на 2019 год, будзе адзначацца ў Беларусі з размахам.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.