Аляксей Вусікаў, жыхар вёскі Княжыцы, што ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці, з кузава легкавіка зрабіў уласную мадэль конкі. Ёю зьдзівіў аднавяскоўцаў і зьбянтэжыў шклоўскую ДАІ.
30-гадовы вынаходнік працуе жывёлаводам у сельгаспрадпрыемстве «Гарадзец», якім да прэзыдэнцтва кіраваў Аляксандар Лукашэнка. У вольны ад працы час вясковец любіць сьлясарыць. Падворак ягонай сядзібы нагадвае майстэрню.
Свабода сустрэлася зь вясковым вынаходнікам і распытала пра ягонае хобі і жыцьцё на вёсцы.
Конка зь нямецкай аўмашыны
Падворак Аляксеевай сядзібы застаўлены старымі сельскагаспадарчымі прыстасаваньнямі. За хатаю — ягоны «машынны двор» з удасканаленым самастойна земляробчым рыштункам. Матэрыял для сваіх вынаходак зьбірае на палях ды ў хатах, якія бураць.
На «машынным двары» і першая мадэль Аляксеевай «конкі». Яе ён называе «конемабілем». Другая мадэль — «конемабіль Audi 40» стаіць на падворку. Назву транспартнаму сродку на коннай цязе Аляксей прыдумаў сам. Часам сваю вынаходку ён называе «тачанкай».
Па ягоных словах, другую мадэль «конкі» рабіў з улікам хібаў першай. Яна з кузава нямецкай машыны Audi 80. Аўтамабіль аддаў Аляксею сусед. Маторны адсек вынаходнік адрэзаў, а салён мадэрнізаваў. У ім засталіся толькі два месцы.
«Паколькі засталася толькі палова кузава, то Audi 80 пераўтварылася ў Audi 40», — тлумачыць Аляксей, апавядаючы пра сваю вынаходку.
Звычайнай машыны ён ніколі ня меў і кажа, што такога жаданьня ў яго не было.
«Конь пад адхон не завязе, а вось аўтамабіль можа», — тлумачыць ён.
«Як выехаў упершыню, дык усе былі ў шоку. Міліцыя ня ведала, што рабіць»
Паводле Аляксея, важыць «конка» меней за 300 кіляграмаў, і яна лягчэйшая, чым драўляныя сялянскія калёсы. Вынаходнік пераконвае, што ў вільготнае надвор’е такія вазы «набіраюцца вільгаці і становяцца значна цяжэйшымі за ягоны транспарт».
У салёне «конкі» — невялічкая пячурка, якая ацяпляецца дровамі. Каб весялей ехалася, Аляксей прыладзіў магнітолу. Яе не выключае, пакуль знаходзіцца ў «концы» ці побач зь ёю. У салёне налеплены абразок ды выстаўлены дзяржаўны сьцяжок Беларусі. Замест сьпідомэтра — лейцы, якімі Аляксей паганяе кабылку Зорку.
«У першы раз, як выехаў, дык усе ў шоку былі. Такога дзіва ў вёсцы ня бачылі», — прыгадаў вынаходнік пробны выезд «конкі» два гады таму.
На ёй асьмеліўся наведацца нават у Шклоў. З Княжыц да раённага цэнтру напрасткі крыху болей за дзесяць кілямэтраў. У Шклове конемабіль спыніў супрацоўнік ДАІ і ня ведаў, што зь ім рабіць.
«Патэлефанаваў начальству. „Спыніў, — казаў міліцыянт, — гужавы транспарт з паловы машыны“. У яго перапыталі: „Як палова машыны?“. Той патлумачыў: „Палова машыны адрэзаная, а другая палова зробленая пад гужавы транспарт“. Пасьля паўзы начальства загадала міліцыянту, каб ён пахваліў мяне за вынаходзтва і адпусьціў», — падзяліўся Аляксей гісторыяй дэбютнага наведваньня на конемабілі Шклова.
«Раней езьдзілі князі. Цяпер конемабіль»
Аляксей мае сваю хату, купіў у крэдыт. Зь яе вакон відаць ажыўленую шашу, якая злучае Гомельшчыну, Віцебшчыну ды Магілёўшчыну. Ад Княжыц да Магілёва 45 кілямэтраў. Да Шклова шашою — дваццаць.
«Кажуць, што вёску назвалі Княжыцамі, бо дарогай празь іх калісьці езьдзілі князі. Спыняліся ў ёй. Вось цяпер я на сваім конемабілі разьяжджаю, чым ня гонар?» — з усьмешкай кажа Аляксей, паказваючы сваю гаспадарку.
Аляксей не з тутэйшых. Ён нарадзіўся ў вёсцы Магераўка, што ў Аршанскім раёне. 15 гадоў таму наважыўся перабрацца на Шклоўшчыну, бо тут «лягчэй было знайсьці працу». Аляксеевы бацькі памерлі. У Княжыцах багата яго радні.
Ён трымае курэй. Гадуе 13-гадовую кабылку Зорку. Яе купіў жарабём на сваёй малой радзіме і прывёў у Княжыцы, адолеўшы амаль трыццаць кілямэтраў. Гаспадарку вартуюць два сабакі.
«Рыгоравіча паважаюць»
Аляксей робіць жывёлаводам на фэрме ў суседняй Слабодцы. Цялятнік належыць сельгаспрадпрыемству «АСБ-Агра Гарадзец». Ад 1987-га і да абраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе тады яшчэ саўгасам «Гарадзец» кіраваў Аляксандар Лукашэнка. Праз тры гады, як яго паставілі дырэктарам, ён стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.
Якім быў Лукашэнка дырэктарам саўгасу, Аляксей ня ведае. На пытаньне, што кажуць пра тагачаснае гаспадараньне кіраўніка дзяржавы, суразмоўца адказвае: «Стаўленьне да Рыгоравіча паважлівае. Людзі ўдзячныя, што няма вайны і бомбы ня сыплюцца на нас».
Любоў да коней — ад дзеда-цыгана
Ад Аляксеевай хаты да месца працы — два кілямэтры. Туды езьдзіць на сваёй «концы». Цяпер у вёсцы ўспрымаюць яе спакойна. Аўтамабілісты на шашы вітаюць машыну на коннай цязе ўсьмешкамі і сыгналяць ёй. Міліцыя больш не спыняе.
«Маці казала, што мой дзед, ейны бацька, быў цыганом, ад яго мне перадалася любоў да каней. Са сваёй Зоркай я 13 гадоў працую на зямлі. Кабылка дужа цікаўная. Як што ёй падабаецца, дык адразу цягнецца да гэтага. Каняка жвавая. У яе ажно кроў кіпіць, як запрагаю яе ў конемабіль», — кажа Аляксей, накідваючы на Зорку аброць.
Сьлясарыць суразмоўца навучыўся ў бацькі. Той да сьмерці працаваў трактарыстам і «мог з кепскага зрабіць цацку». Назіраючы за бацькам, сын і пераняў ягоную навуку. Аляксей мае брата і дзьвюх сясьцёр. У іх свае сем’і.
Адшукаць жонку на вёсцы няпроста
Аляксей прызнаецца, што ў вёсцы адшукаць жонку — задача ня простая. Дзяўчаты зьяжджаюць у горад. Суразмоўца разам з тым думае, што спаткае сваю нарачоную неспадзявана, бо «часьцяком наведваецца і ў іншыя вёскі».
«Я прывык жыць адзін. У мяне коні. Мая Зорка і саўгасны жарабок. Зь імі весялей. Ды й я ж пастаянна ў працы», — кажа пра сваё халасьцяцкае жыцьцё Аляксей.
Паводле яго, цяпер на сяле застаюцца дажываць свой век пэнсіянэры ды тыя, хто неўзабаве стане імі.
«У вёску моладзь не загоніш, — кажа ён. — Вы ж ведаеце, які заробак у сельскай гаспадарцы. Хто захоча за 600 рублёў працаваць? Дык гэта яшчэ добра, калі столькі. А цэны якія цяпер?.. Каб далі зарабляць, дык, можа б, заставалася моладзь на вёсцы».
На пытаньне, колькі зарабляе сам, суразмоўца адказвае: «Выходзіць 500 рублёў».
«Калі ўсе зьедуць у горад, дык ня будзе каму рабіць на сяле»
Аляксей адзначае, што вёска дужа зьмянілася за ягоны нядоўгі век. Хто ня зьехаў у горад, выправіўся на заробкі ў Расею. Сам жа ў горадзе ня жыў. Заўважае, што гарадзкое жыцьцё не для яго. Па сканчэньні 9 клясаў далей вучыцца ня стаў, а адразу пайшоў рабіць на фэрму.
«Калі ўсе зьедуць у горад, дык ня будзе каму рабіць на сяле. У горадзе асабліва не разгонісься. У ім жа каня ня будзеш трымаць. А я без каня як бяз рук», — даводзіць Аляксей свой погляд на жыцьцё, кіруючы «конемабілем» на вясковай дарозе.
Аляксеева мара даглядаць коней не ажыцьцявілася. У калгасах цяпер іх адзінкі, а вяскоўцы наагул не трымаюць гэтых жывёлаў. Суразмоўца прызнаецца, што ўтрымліваць каня нялёгка. Аднаго сена яму трэба за лета нарыхтаваць пад тону. «Але як не ленавацца, дык усё па сілах», — зазначае ён.
Каней на вёсцы няма, але бязь іх ніяк
Тым часам «конемабіль» Аляксея выяжджае зь вясковай дарогі на асфальтаванае палатно шашы. Ягоная кабылка жвава трусіць па ўзбочыне. Гаспадар кажа, што яму падабаецца быць патрэбным людзям. Ягоны земляробчы рыштунак і майстэрня са зваркай запатрабаваныя ў вёсцы. Конь жа застаецца для вяскоўцаў галоўнай цягавай сілай.
«Людзі, як і раней, бульбу садзяць канём. Не сказаць, каб зямлі ў вяскоўцаў было шмат, але і тыя 10-15 сотак трэба нечым абрабляць. Усё пад плуг з канём. А я ж зь людзьмі жыву і для іх», — адзначае Аляксей.
Ён цьвердзіць, што другая мадэль ягонага «конемабіля» не апошняя: абяцае папоўніць свой «аўтапарк» яшчэ больш дзіўнай машынай і сельскагаспадарчымі прыстасаваньнямі.