Стан трох украінскіх маракоў, параненых пры затрыманьні караблёў Расеяй у Керчанскай пратоцы, выклікае сур’ёзныя асьцярогі, асабліва ў будучыні. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіла віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага інстытуту амбудсмэна Ніна Карпачова.
Яна ўчора наведала ўкраінцаў у СІЗА «Лефортово» сумесна з упаўнаважанай па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Тацьцянай Маскальковай.
Ніна Карпачова нагадала, што раней ад імя Эўрапейскага інстытуту прасіла перадаць пацярпелых пры затрыманьні маракоў украінскаму боку ў якасьці «акцыі гуманізму», каб яны не сталі інвалідамі.
Карпачова распавяла, што яны з Маскальковай падчас наведваньня бачылі наступствы раненьняў і мэдычную дакумэнтацыю. Амбудсмэны прыйшлі да высновы, што ва ўмовах сьледчага ізалятара «Лефортово» правесьці дадатковае мэдычнае дасьледаваньне, якое павіннае праводзіцца на высокатэхналягічным абсталяваньні, проста немагчыма. Гэта трэба рабіць па-за межамі папраўчай установы, настойвае Карпачова.
Яна заявіла, што кіраўніцтва «Лефортово» пачула амбудсмэнаў. Рыхтуюцца тры хадайніцтвы ў маскоўскае ўпраўленьне аховы здароўя. Там павінныя вырашыць, у якіх профільных установах будуць праводзіць дадатковае абсьледаваньне, а магчыма, і лячыць грамадзян Украіны.
Пры гэтым Карпачова ацаніла маральны стан маракоў як станоўчы. Умовы ўтрыманьня ўкраінцаў у сьледчым ізалятары таксама не выклікалі ў амбудсмэнаў нараканьняў. Яны адпавядаюць міжнародным стандартам, ёсьць гарачая і халодная вада, доступ да сьвежага паветра, тэлевізар, лядоўні. На харчаваньне маракі таксама не скардзяцца і заяўляюць, што яно значна лепш, чым у шпіталі «Матросской тишины», дзе яны знаходзіліся пасьля затрыманьня.
На пытаньне Радыё Свабода пра магчымасьць наведваньня маракоў украінскімі лекарамі Ніна Карпачова адказала, што нічога немагчымага няма, нагадаўшы пры гэтым, што сама не адразу атрымала доступ да зьняволеных. Яна выказала спадзеў на тое, што група з такіх спэцыялістаў будзе падрыхтаваная і дапушчаная да ўкраінскіх маракоў.
У канцы студзеня стала вядома, што трое ўкраінскіх вайскоўцаў, якія атрымалі раненьні пры захопе ўкраінскіх караблёў расейскімі памежнікамі ў Чорным моры ў канцы лістападу 2018 году, пераведзеныя з мэдсанчасткі маскоўскага СІЗА «Матросская тишина» ў сьледчы ізалятар «Лефортово», дзе ўтрымліваюцца астатнія арыштаваныя ўкраінскія маракі. 24 украінскія маракі застануцца пад арыштам да красавіка. Іх абвінавачваюць у незаконным перасячэньні мяжы Расеі. Самі маракі, як і ўкраінская дзяржава, лічаць сябе ваеннапалоннымі. Вызваліць іх патрабуюць ЗША і Эўразьвяз. Міністры замежных справаў ЭЗ у лютым гатовыя абмеркаваць пашырэньне санкцый супраць Масквы ў сувязі з працягам утрыманьня ўкраінскіх маракоў.