Агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў расейскіх спэцслужбах паведаміла 7 лютага, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка нібыта даручыў украінскім спэцслужбам весьці распрацоўку прарасейскага палітыка і лідэра руху «Украінскі выбар — права народа» Віктара Медзьвядчука.
Паводле крыніцы, якую цытуе «Інтэрфакс», Служба бяспекі Украіны таксама нібыта атрымала ўказаньне «арганізаваць замах на Медзьвядчука, задзейнічаўшы выканаўцаў з «Правага сэктару» «ў мэтах яго застрашваньня альбо фізычнай ліквідацыі ў залежнасьці ад разьвіцьця перадвыбарчай сытуацыі ва Украіне».
Напярэдадні пра тое, што ўлады Украіны рыхтуюць замах на Мядзьведчука, заявіў зьбеглы ў Расею экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.
«У мяне прайшла такая інфармацыя. Я чуў, што створана нейкая спэцыяльная група з 12 чалавек, якая ў гэтым пляне працуе. Я ня ведаю, ці толькі па Медзьвядчуку. Можа, і па іншых. Можа, і па мне. Але такая інфармацыя ёсьць», — заявіў Януковіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.
Сам Медзьвядчук напярэдадні заявіў расейскаму тэлеканалу «Вести», што «абсалютна нічому ня дзівіцца» у сувязі з інфармацыяй аб тым, што на яго нібыта рыхтуецца замах:
«Я жыву ў гэтай атмасфэры апошнія пяць гадоў, і пагрозы фізычнай ліквідацыі ў мой адрас кожны год гучаць ад тых ці іншых нацыянал-радыкалаў, — сказаў ён. — Уладзе не падыходзіць мая пазыцыя па абароне інтарэсаў паўднёвага ўсходу Ўкраіны і расейскамоўнага насельніцтва там, не пасуюць мае прынцыповыя погляды і тое, што я раблю ў краіне. Улада лічыць мяне сваім ворагам».
5 лютага Генэральная пракуратура Ўкраіны пачала справу супраць Віктара Медзьвядчука паводле артыкулаў «Дзржаўная здрада» і «Замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і дзяржаўны лад краіны». Справа зьвязана з заявамі бізнэсмэна на партыйным зьезьдзе 29 студзеня: ён казаў пра неабходнасьць стварэньня «аўтаномнага рэгіёну Данбас» у складзе Ўкраіны.