У замаху на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры ўдзельнічалі больш за два чалавек, пры гэтым трэці падазраваны расеец дагэтуль можа знаходзіцца ў Брытаніі.
Такое меркаваньне са спасылкай на крыніцы ў спэцслужбах выказала брытанская газэта The Telegraph.
Па дадзеных выданьня, на той жа рэйс зь Лёндану ў Маскву, якім ляцелі меркаваныя агенты ваеннай выведкі Расеі з дакумэнтамі на імя Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова, быў зарэгістраваны яшчэ адзін грамадзянін Расеі з пашпартам на імя Сяргей Фядотаў. Аднак у апошні момант ён адмяніў рэгістрацыю на рэйс. Дадзеных аб тым, што ён пакінуў Брытанію ў іншы час, няма.
Адзначаецца, што Фядотаў прыляцеў у Брытанію ў той жа дзень, што і Пятроў з Башыравым, а нумар яго пашпарта толькі нязначна адрозьніваецца ад іх нумароў.
The Telegraph мяркуе, што Фядотаў таксама зьяўляецца агентам расейскай ваеннай разьведкі з дакумэнтамі на падстаўное імя. На думку крыніцы, ён мог застацца ў Брытаніі, даведаўшыся, што Скрыпаль і яго дачка Юлія пасьля замаху засталіся ў жывых.
Мяркуецца, што Фядотаў хутчэй за ўсё не езьдзіў у Солсбэры і таму не патрапіў на камэры відэаназіраньня. Яго роля ў атручваньні Скрыпалей, як і сапраўднае імя, пакуль застаюцца невядомымі.
- У сакавіку 2018 гадоў у брытанскім горадзе Солсбэры былі атручаны экс-супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія. Брытанскі прэм’ер Тэрэза Мэй пазьней заявіла ў парлямэнце, што Скрыпалі былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок» (А-234), распрацаваным у Расеі.
- Па дадзеных брытанскіх спэцслужбаў, апэрацыю супраць Скрыпалей правялі два супрацоўнікі ГРУ, якія заехалі ў Вялікабрытанію па пашпартах на імёны Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.
- Супраць Пятрова і Башырава ўвялі санкцыі ў ЗША.