Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каманда Зе!» — Хто і як працуе ў выбарчым штабе Ўладзіміра Зяленскага


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі стаў лідэрам у прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне — яго гатовыя падтрымаць 21,9% тых грамадзян, якія ўжо вызначыліся з выбарам і заявілі, што будуць браць удзел у галасаваньні на выбарах 31 сакавіка. Зяленскі апярэджвае бліжэйшых канкурэнтаў Юлію Цімашэнку — на 2,7%, і дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку — на 6,4%.

Лідэры могуць памяняцца ў любы момант, а канчатковы вынік будзе залежаць ад многіх фактараў, у тым ліку ад таго, як кандыдаты будуць агітаваць за сябе і супраць канкурэнтаў, ці будуць парушэньні, ці гатовыя будуць урэшце выбарнікі прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за сваіх кандыдатаў.

Свабода дасьледавала, якім чынам «Каманда Зе!» — так назваў сябе выбарчы штаб Уладзіміра Зяленскага — арганізоўвае выбарчую кампанію.

Хто за сьпінай у актора-кандыдата

Пасьля першай заявы Ўладзіміра Зяленскага пра намер балятавацца на прэзыдэнта яго пачалі называць «кандыдатам Каламойскага» — буйнога ўкраінскага бізнэсоўца, які пасварыўся з уладамі, калі яго адправілі ў адстаўку з пасады кіраўніка Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, а потым яшчэ і нацыяналізавалі ягоны «Прыватбанк».

Падставы для такіх абвінавачаньняў нібыта ляжаць на паверхні — перадачы кампаніі Зяленскага «Квартал 95» стала трансьлююцца на тэлеканале «1+1», уласьнік якога — Ігар Каламойскі. І кантракт на іх паказ разьлічаны да 2022 году. Апроч таго, вядома, што Зяленскі быў госьцем на сьвяткаваньні 55-гадовага юбілею алігарха ў Швайцарыі.

Але абодва — і Зяленскі, і Каламойскі — адмаўляюць, што вылучэньне ў прэзыдэнты — іхні агульны праект.

«Мною кіруюць толькі двое падлеткаў — гэта мае дзеці. Ігар Валер’евіч Каламойскі — мой бізнэс-партнэр, і зь ім камфортна, дарэчы, весьці бізнэс», — сказаў Зяленскі ў адным са сваіх інтэрвію.

«Калі хутка ахарактарызаваць нашы зь ім (зь Зяленскім) дачыненьні, я б сказаў, што я больш ягоная марыянэтка, чым ён — мая», — кажа Ігар Каламойскі.

Назва сэрыялу стала перадвыбарчым лёзунгам
Назва сэрыялу стала перадвыбарчым лёзунгам

Цяпер ясна, што актор загадзя рыхтаваўся да палітычных кампаній. У 2017 годзе Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала партыю «Слуга народу», назва якой узятая з аднайменнага камэдыйнага сэрыялу, створанага «Кварталам 95» у 2015 годзе. Аднак палітычная сіла стваралася не на пустым месцы, гэта быў так званы рэбрэндынг — пад новай назвай перарэгістравалі «Партыю рашучых зьмен». Паводле экспэртаў, такая «партыйная зьдзелка» магла каштаваць Зяленскаму ад 30 да 40 тысяч даляраў. Цяпер партыю ўзначальвае адзін з кіраўнікоў кампаніі «Квартал 95» Іван Баканаў. Ён жа стаў і кіраўніком выбарчага штабу Зяленскага.

Нестандартныя падыходы

Назіральнікі ў Кіеве жартуюць, што Зяленскі — адзіны кандыдат, які прымушае выбарцаў плаціць за сваю агітацыю: на працягу ўсёй выбарчай кампаніі «Квартал 95» мае графік выступленьняў па ўсёй Украіне — з захаду на ўсход і з поўдня на поўнач.

У ягоным выбарчым штабе падкрэсьліваюць, што Ўладзімір Зяленскі адным з апошніх уступіў у кампанію і, адпаведна, апошнім пачаў фармаваць сваю выбарчую каманду. Паводле Дзьмітрыя Разумкова, аднаго з палітычных кансультантаў актора, на гэты час заявы пра жаданьне далучыцца да «Каманды Зе!» напісалі 500 тысяч грамадзян.

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Паралельна ва ўсіх сацыяльных сетках пачалі ствараць афіцыйныя старонкі кампаніі. На гэты момант іх ужо больш за 20, і яны дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах Украіны. Некаторыя зь іх паўтараюць гісторыю партыі «Слуга народу» — яны ствараліся раней пад іншыя палітычныя кампаніі ды іншых палітыкаў.

Празь іх выбарчы штаб наўпрост наладзіў сувязь з карыстальнікамі Інтэрнэту — іх запрашаюць пісаць праграму, прымаюць прапановы па агітацыйнай кампаніі, ствараюць відэаролікі для выбаршчыкаў — як праверыць, ці ёсьць вы ў сьпісах для галасаваньня, як прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі або калі вы перасяленец з усходу. Такой асьветніцкай дзейнасьцю, напэўна, не займаецца ніводзін іншы кандыдат.

Як стваралі праграму Зяленскага

Выбарчая праграма рыхтавалася на падставе прапаноў грамадзян, якія пазьней апрацоўваліся вядомымі экспэртамі і былі трансфармаваныя ў юрыдычны дакумэнт, сказаў Свабодзе выканаўчы дырэктар Украінскага інстытуту будучыні Віктар Андрусіў, якога каманда Зяленскага запрашала для кансультацый, калі распрацоўваўся праграмны дакумэнт. Андрусіў мяркуе, што гэта адзін з наймацнейшых плянаў дзеяньняў з усіх, што былі прадстаўленыя кандыдатамі:

Віктар Андрусіў
Віктар Андрусіў

«Тое, што гэтую праграму называюць папулісцкай, мне здаецца абсалютна няправільным, бо ў ёй шмат антыпапулісцкіх рэчаў, напрыклад такіх, як продаж зямлі».

У той жа час, як сьведчыць практыка, якасная праграма — не зарука посьпеху, бо толькі невялікая колькасьць украінскіх выбарнікаў фармуюць свой выбар, ацэньваючы праграмныя дакумэнты кандыдатаў.

«Лёгіка і дынаміка выбарчай кампаніі ва Ўкраіне будзе залежаць непасрэдна ад кандыдатаў. Цяпер, напэўна, упершыню за шмат гадоў нельга спрагназаваць, хто выйграе на выбарах ці якімі будуць рэйтынгі празь месяц. Зяленскі — гэта прысуд дзейнай палітычнай эліце, бо ягоны электарат — гэта насамрэч той вар’яцкі антырэйтынг, які маюць ключавыя палітыкі Ўкраіны.

Я перакананы, што ягоная падтрымка захаваецца, і мне здаецца вельмі няправільным, калі спрабуюць прынізіць нейкую прафэсію, бо я ня надта разумею, чым прафэсія разьвіцьця кандытарскага бізнэсу лепшая за бізнэс гумару. Гэта вялікая памылка, у якой адлюстраваныя суб’ектыўныя погляды экспэртаў і журналістаў», — кажа Віктар Андрусіў.

Паводле экспэрта, вынік галасаваньня на выбарах будзе залежаць ад здольнасьці кандыдатаў абараніць выбар, ад дастатковай колькасьці як міжнародных, гэтак і мясцовых назіральнікаў на ўчастках, і ўрэшце ад прызнаньня выбараў дэмакратычнымі.

«І, вядома ж, ад барацьбы з подкупам, які ўжо пачынаецца ў межах усёй краіны, бо самі па сабе рэйтынгі адлюстроўваюць толькі грамадзкія настроі», — перакананы экспэрт.

Што кажа паліткансультант Зяленскага

Уладзімір Зяленскі анансаваў, што ў выпадку перамогі на выбарах плянуе працаваць на пасадзе прэзыдэнта толькі адзін тэрмін, каб зьмяніць сыстэму дзеля будучыні.

«Фэномэн Зяленскага ў тым, што ўкраінскае грамадзтва настолькі стамілася ад дзейных палітычных эліт, што выбірае іншага кандыдата. Уладзімір Зяленскі мае стоадсоткавую пазнавальнасьць, а гэта вельмі важны аспэкт для палітыка, — ён нефарматны ў добрым сэнсе, ён паводзіць сябе гэтаксама, як і ў жыцьці, а ня так, як яго спрабуюць прадставіць паліттэхнолягі, каб даражэй прадаць. І людзі гэта адчуваюць», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Разумкоў, паліткансультант Уладзіміра Зяленскага.

Паводле Разумкова, ужо на ўзроўні сыстэмы выбарчай кампаніі Зяленскі і ягоная каманда дзейнічаюць насуперак звыклым стандартам, і менавіта таму апанэнтам актора вельмі складана зь ім змагацца.

«Выбарчы штаб — не віртуальная структура. Ён існуе і разгортваецца. Калі б у нас было столькі часу і такія рэсурсы, як у нашых апанэнтаў, было б прасьцей. Але тады гэта была б тыповая выбарчая кампанія, і атрымаць цяперашнюю падтрымку выбарнікаў за такі кароткі час Зяленскаму не ўдалося б. Сам Зяленскі вельмі шчыльна працуе ў штабе. Гэтая структура сплянаваная гарызантальна, а не па вэртыкалі, калі ёсьць кіраўнік і ягоныя намесьнікі па кірунках. Новы мэханізм прыносіць больш пазытыўны вынік. Разгортваюцца і рэгіянальныя каманды», — кажа Дзьмітры Разумкоў.

Паліткансультант падкрэсьліў, што гісторыі аб тым, што Зяленскі пачаў рыхтавацца да выбараў зь першай сэрыі «Слугі народу», не адпавядаюць сапраўднасьці. Як і тая інфармацыя, што да працы ў выбарчым штабе запрасілі амэрыканскіх паліттэхнолягаў:

«Не было ніякіх замежных груп, якія б выконвалі тэхналягічныя функцыі — гэта вельмі дарагая прыемнасьць, і ў рамках нашага абмежаванага бюджэту мы ня можам сабе гэтага дазволіць».

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Паводле слоў Разумкова, менавіта ўдзел Зяленскага ў выбарах дапамог адрадзіць у моладзі жаданьне ўдзельнічаць у палітычных працэсах краіны:

«Нават калі паглядзець сацыялёгію розных службаў, то колькасьць маладых людзей, якія будуць браць удзел у выбарах, вырасла ў паўтара раза. Гэта вельмі сур’ёзны паказчык, і я мяркую, што ў першую чаргу дзякуючы таму, што зьявіліся новыя постаці, ключавая сярод якіх — Зяленскі».

Дзьмітры Разумкоў падкрэсьліў, што пасьля выбараў згодна з заканадаўствам будуць абнародаваныя справаздачы аб выдатках на кампанію:

«Але гэта будуць абсалютна іншыя лічбы ў параўнаньні з нашымі апанэнтамі — з тае простае прычыны, што мы ня будзем плаціць людзям за тое, што яны будуць назіральнікамі, мы ня будзем займацца скупляньнем галасоў, мы ня будзем ладзіць „чорныя кампаніі“ і іншыя рэчы, якія выкарыстоўваюць нашыя апанэнты. З улікам таго, што вялікая колькасьць грамадзян заявіла аб жаданьні працаваць нашымі валянтэрамі, гэтыя сумы будуць істотна меншыя, чым мы звыклі бачыць на іншых кампаніях».

Інфармацыя ад назіральнікаў

Грамадзянская сетка «ОПОРА» абнародавала першую справаздачу па выніках доўгатэрміновага назіраньня за выбарчай кампаніяй.

Паводле назіральнікаў, Уладзімір Зяленскі, нягледзячы на лідэрства ў сацыялягічных апытаньнях, адстае ад сваіх канкурэнтаў па маштабах агітацыйнай актыўнасьці.

Апроч таго, Уладзімір Зяленскі пакуль што застаецца адзіным кандыдатам, які не выкарыстоўвае ў сваёй агітацыйнай кампаніі друкаваную прадукцыю, не праводзіць традыцыйных вулічных кампаній і не наведвае рэгіёны. Прадстаўнікі ягонай каманды таксама ніводнага разу не былі заўважаныя ў перадаваньні тавараў ці паслуг выбарнікам ад імя кандыдата. Не фігуруе прозьвішча Зяленскага і ў заявах, якія назіральнікі накіроўвалі ў паліцыю аб фактах парушэньня выбарчага заканадаўства.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG