Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Лукашэнку і ня толькі. Што кажуць удзельнікі прэзыдэнцкай гонкі ва Ўкраіне пра Беларусь?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне завяршылася падача заяў патэнцыйнымі кандыдатамі на выбары прэзыдэнта 31 сакавіка.

Колькасьць ахвотнікаў узначаліць украінскую дзяржаву рэкордная за ўсю гісторыю незалежнасьці — 89 грамадзян зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію па рэгістрацыю, зь іх 30 ужо зарэгістравалі кандыдатамі на прэзыдэнта, 22-м адмовілі ў балятаваньні, у тым ліку і кіраўніку Камуністычнай партыі Ўкраіны Пятру Сіманенку.

Да 8 лютага Цэнтральная выбарчая камісія мае разгледзець дакумэнты яшчэ 37 прэтэндэнтаў на кандыдацтва.

У перадвыбарчых выступах кандыдаты факусуюцца на ўнутраных пытаньнях — барацьбе з карупцыяй і разьвіцьці эканомікі. Але закранаюць і сваё бачаньне адносін зь Беларусьсю. Усе прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны пагаджаюцца ў адным: іх дзяржава зацікаўленая ў незалежнасьці Беларусі, бо ў выпадку больш шчыльнай яе інтэграцыі з Расеяй гэта створыць дадатковыя пагрозы Ўкраіне.

Свабода сабрала найбольш цікавыя выказваньні кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны наконт Беларусі.

Парашэнка: «Лукашэнка — вялікі сябар украінскага народу»

Дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пакуль пазьбягае публічных выказваньняў наконт пэрспэктываў беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў пасьля выбараў — журналісты ня мелі магчымасьці зь ім паразмаўляць ні ў часе форуму, на якім ён абвясьціў пра сваё вылучэньне, ні калі ён падаваў дакумэнты ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Пятро Парашэнка падае дакумэнты на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты
Пятро Парашэнка падае дакумэнты на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты

За ўсю сваю кадэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Пятро Парашэнка не дазваляў сабе рэзкіх выказваньняў на адрас Беларусі, нават калі, здавалася б, для гэтага былі падставы — «шпіёнскі» скандал, выкраданьне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, які потым апынуўся ў ФСБ Расеі, выпадкі, калі ў Менску затрымлівалі вядомых украінскіх літаратараў, журналістаў, актывістаў і дэпартавалі іх зь Беларусі.

На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, што прайшоў летась у кастрычніку ў Гомлі, прэзыдэнт Украіны некалькі разоў падкрэсьліваў, што Лукашэнка «зьяўляецца добрым, даўнім і вялікім сябрам украінскага народу» і што ён Лукашэнку вельмі шануе і паважае.

У той жа час менавіта ў Гомлі Пятро Парашэнка заклікаў Расею прыбраць свае войскі з Украіны, заявіў, што менскія дамоўленасьці ўвойдуць у падручнікі па дыпляматыі, і падкрэсьліў, што на 100 адсоткаў давярае Лукашэнку.

Ляшко: «Я ва Ўкраіне буду як Лукашэнка ў Беларусі»

Алег Ляшко
Алег Ляшко

Кандыдаты на прэзыдэнта Ўкраіны, ацэньваючы сытуацыю ў Беларусі, часьцей разьдзяляюць сваё стаўленьне да краіны і да ўладаў. Часам яно істотна рознае.

Лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко заявіў, што хоча быць ва Ўкраіне такім прэзыдэнтам, як Аляксандар Лукашэнка ў Беларусі:

«Я ведаю, што ў Беларусі лекі таньнейшыя ў два разы, чым ва Ўкраіне. Я ведаю, што дарогі ў Беларусі лепшыя, чым ва Ўкраіне. Я ведаю, што прэзыдэнт Беларусі — гаспадар. Вось такім самым гаспадаром ва Ўкраіне будзе Ляшко, як Лукашэнка ў Беларусі, два гаспадары па суседзтве заўсёды дадуць рады сваім народам. Беларусы і ўкраінцы павінны быць разам».

Бясьсьмертны: «Лукашэнка пасьлядоўна зьнішчае Беларусь як дзяржаву»

Раман Бясьсьмертны
Раман Бясьсьмертны

Колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны перакананы, што Аляксандар Лукашэнка зьнішчае Беларусь як дзяржаву і беларусаў як адну з унікальных нацый у эўрапейскай супольнасьці.

«Я не адмаўляюся ад ніводнага слова, якое я выказваў на адрас Лукашэнкі. Гэта чалавек, які пасьлядоўна зьнішчае Беларусь як дзяржаву і беларусаў як адну з унікальных нацый у эўрапейскай супольнасьці», — сказаў Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію Свабодзе.

Гнап: «Я лічу Лукашэнку дыктатарам, гэта ганьба для Беларусі як эўрапейскай краіны»

Дзьмітры Гнап
Дзьмітры Гнап

Дзьмітры Гнап, аўтар расьсьледаваньня пра забойства Паўла Шарамета, лічыць беларускага кіраўніка «дыктатарам, які ўстанавіў у Беларусі аўтарытарызм, а то і таталітарны рэжым, рэжым поўнага кантролю». І ў выпадку сваёй перамогі абяцае патрабаваць ад беларускіх уладаў, каб тыя паважалі правы і свабоды грамадзян.

«Я лічу прэзыдэнта Лукашэнку дыктатарам, які ўстанавіў у Беларусі прынамсі аўтарытарызм, а то і таталітарны рэжым, рэжым поўнага кантролю. Для мяне, чалавека, які зьяўляецца перакананым прыхільнікам дэмакратычных і лібэральных каштоўнасьцяў, дзеяньні цяперашняй беларускай улады цалкам непрымальныя. Гэта ганьба для такой вялікай эўрапейскай краіны, вялікага эўрапейскага народу, якімі ёсьць Беларусь і беларускі народ.

У выпадку перамогі, зразумела, мы будзем выбудоўваць стратэгічныя дачыненьні, але ўсё роўна настойваць і патрабаваць ад беларускіх уладаў, каб яны паважалі правы і свабоды грамадзян. І будзем кожны раз гэта казаць», — заявіў Дзьмітры Гнап у інтэрвію Свабодзе.

Кашулінскі: «Трэба ўзмацніць беларуска-ўкраінскую мяжу»

Руслан Кашулінскі
Руслан Кашулінскі

Крытычна да беларускай улады ставіцца і адзіны кандыдат ад нацыяналістычных сіл, намесьнік кіраўніка партыі «Свабода» Руслан Кашулінскі. Ён абураны тым, што дзейнае кіраўніцтва Ўкраіны ігнаруе факты, калі Беларусь дапамагае Расеі пазьбягаць эўрапейскіх санкцый, і прапануе ўзмацніць беларуска-ўкраінскую мяжу:

«Трэба ўзмацняць мяжу, але гэта не азначае, што павінна быць матэрыяльная сьцяна, як у Амэрыцы. Гэта павінны быць Узброеныя сілы, якія могуць у вельмі кароткія тэрміны эфэктыўным чынам адбіць наступ, бо Беларусь — хаўрусьніца Масквы, і магчымасьць таго, што Масква ў любы спосаб можа паглынуць Беларусь, велізарная. Колькі часу вытрымае Лукашэнка манэўраваць — і колькі Пуцін дазволіць яму манэўраваць?»

У той жа час Руслан Кашулінскі, як і ўсе іншыя кандыдаты, перакананы, што Ўкраіна зацікаўленая ў незалежнай Беларусі.

Цімашэнка: «Постсавецкія краіны будуць набліжацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў»

Юлія Цімашэнка
Юлія Цімашэнка

Юлія Цімашэнка перакананая, што беларускі народ — эўрапейская нацыя, будучыня якой у Эўропе.

«Я перакананая ў тым, што крок за крокам усе краіны, якія выйшлі з Савецкага Саюзу, будуць набліжацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, у тым ліку да вельмі цеснай супрацы з тымі краінамі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.

Украіна будзе ня толькі сама праходзіць гэты шлях — набліжэньне і сяброўства ў Эўразьвязе, а мы будзем рабіць так, каб усе краіны эўрапейскага кантынэнту рана ці позна мелі магчымасьць стаць часткай адной (эўрапейскай) сям’і», — сказала лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка. Наўпрост ацэньваць дзеяньні беларускіх уладаў яна пазьбягае.

Налівайчанка: «Украіна, Беларусь і Польшча — пояс бясьпекі»

Валянцін Налівайчанка
Валянцін Налівайчанка

Яшчэ адзін колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка, які таксама балятуецца на прэзыдэнта, перакананы, што ўкраінская дыпляматыя павінна так працаваць, каб Беларусь займала пазыцыю, выгадную самой Беларусі і яе грамадзянам, а ў выніку — і Ўкраіне:

«Украіна, Беларусь і, калі хочаце, нават Польшча ды іншыя краіны, — гэта якраз ланцуг або пояс бясьпекі і свабоднага мірнага жыцьця, суіснаваньня хай нават розных дзяржаўных ладаў і поглядаў. І ў гэтым супадаюць нацыянальныя інтарэсы і Беларусі, і Ўкраіны».

Аднойчы Валянціну Налівайчанку ўжо ўдалося выправіць крызісную сытуацыю ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях — пасьля таго як тагачасны прэзыдэнт Віктар Юшчанка паабяцаў распаўсюджваць дэмакратыю ў Беларусі.

Зяленскі: «У прэзыдэнтаў выдатнае пачуцьце гумару»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

З пэўнымі складанасьцямі ў аднаўленьні дыялёгу зь беларускімі ўладамі давядзецца сутыкнуцца ў выпадку перамогі аднаму з фаварытаў гонкі, актору і бізнэсоўцу Ўладзіміру Зяленскаму. У сваёй творчасьці ён неаднойчы высьмейваў Аляксандра Лукашэнку, але спадзяецца, што той мае пачуцьцё гумару:

«Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя».

Садавы: «Беларусь захапіла ўкраінскі рынак будаўніцтва дарог»

Андрэй Садавы
Андрэй Садавы

Лідэр партыі «Самапомач» (укр. «Самопоміч»), мэр Львова Андрэй Садавы мяркуе, што эканамічныя дачыненьні зь Беларусьсю — пытаньне нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны. Паводле яго, Беларусь «захапіла ўкраінскі рынак» грамадзкага транспарту і будаўніцтва дарог — дзякуючы эфэктыўнай сыстэме дзяржаўнай падтрымкі ўласных вытворцаў на ўзроўні беларускага ўраду, і такі досьвед можа быць прыкладам для Ўкраіны.

«За ўвесь час, каб будаваць і рамантаваць магістраль Кіеў — Адэса, было выкарыстана 1,5 мільярда даляраў. Калі б мы замовілі гэта немцам, яны б пабудавалі бэтонку за 350 (мільёнаў) і далі б яшчэ 30 гадоў гарантыі і абслугоўвалі б яе. А чаму мы ўвогуле не будуем у краіне бэтонныя дарогі? Гэта ж таньней, сыравіна наша і абслугоўваньне прасьцейшае. А можа таму, што нам, некаму ў краіне, выгадней набываць бітум у Беларусі? Беларусь у нас цяпер лідэр па вытворчасьці бітуму. Або гэта не пытаньне нацыянальнай бясьпекі? Калі мы можам лякалізаваць вытворчасьць гэтай прадукцыі тут, то чаму мы гэтага ня робім?», — сказаў Андрэй Садавы.

Сьвежы рэйтынг кандыдатаў

4 лютага ўпершыню за выбарчую кампанію сацыёлягі абнародавалі новыя дадзеныя апытаньня. Яно адметнае ня толькі вялікай колькасьцю апытаных (у іх узялі ўдзел 10 тысяч рэспандэнтаў, а ня 2 тысячы, як звычайна), але і тэрмінамі правядзеньня — з 19 па 30 студзеня, калі Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала большасьць фаварытаў гонкі.

Лідэрам прэзыдэнцкага рэйтынгу ўпершыню стаў Уладзімір Зяленскі — яго гатовыя падтрымаць 21,9% тых грамадзян, якія ўжо вызначыліся з выбарам і будуць браць удзел у галасаваньні.

Юлію Цімашэнку падтрымліваюць 19,2%, Пятра Парашэнку — 14,8%, Юрыя Бойку — 10,4%, Анатоля Грыцэнку — 8,4%, Алега Ляшка — 6,5%, Яўгена Мураева — 3,4%, Андрэя Садовага — 2,4%. Рэйтынг усіх іншых кандыдатаў меншы за 2%.

Гэтае апытаньне супольна правялі чатыры сацыялягічныя лябараторыі: цэнтар «Соціальний Моніторинг», Украінскі інстытут сацыяльных дасьледаваньняў імя Ярэменкі, кампанія «Інфо Сапієнс» і група «Рейтинг»

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG