Міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч і дырэктар Менскай Міжнароднай кніжнай выставы адказалі, чаму на прадстаўнічым кніжным форуме беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч прадстаўленая на расейскім нацыянальным стэндзе.
На пытаньне Свабоды, чаму на беларускіх стэндах не знайшлося месца для кніг Сьвятланы Алексіевіч і чаму для сустрэч зь ёй заўсёды на выставе адводзяцца маленькія памяшканьні побач з гучнымі выступамі артыстаў, міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч адказаў:
«Па-першае, гэта беларуская выстава, яна праводзіцца ў Беларусі. Наколькі я памятаю, Сьвятлану Алексіевіч запрасіла маскоўскае выдавецтва „Время“, якое зьяўляецца ўдзельнікам выставы ў праграме Расейскай Фэдэрацыі. І з улікам вашай заўвагі сёлета пляцоўка, дзе пройдзе прэзэнтацыя і аўтограф-сэсія ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі паважанай Сьвятланы Алексіевіч, будзе дастаткова шырокая, наколькі гэта магчыма».
Аляксандар Карлюкевіч паведаміў, што днямі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» са згоды Алексіевіч выйшаў сыгнальны экзэмпляр новага перакладу на беларускую мову кнігі «У вайны не жаночы твар». Пераклаў кнігу Валянцін Акудовіч.
Дырэктар выставы Дзьмітры Макараў дадаў, што любы выдавец, любы пісьменьнік можа падаць сваю заяўку на ўдзел у агульнай праграме: «Што запрасілі — усё прадаставілі, улічылі ўсе пажаданьні, у тым ліку і залю выдзелілі тую, што прасілі для Алексіевіч».