Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прашу ўлічыць ацэнку з боку прэзыдэнта». Што сказалі ў апошнім слове абвінавачаныя ў «справе мэдыкаў»


Ігар Ласіцкі
Ігар Ласіцкі

Пракурор патрабуе для Ігара Ласіцкага шасьці гадоў пазбаўленьня волі. 1 лютага былы чыноўнік выступіў з апошнім словам, Свабода падае яго зьмест цалкам.

Ігар Ласіцкі быў затрыманы ў Менску ў сярэдзіне чэрвеня. Пасьля затрыманьня чыноўніка ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. 28 чэрвеня Ласіцкі напісаў яўку з павіннай, у якой расказаў пра ўсе выпадкі атрыманьня хабару — чатыры эпізоды з агульнай сумай хабару каля 35 тысяч даляраў.

Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога судзяць Ігара Ласіцкага, прадугледжвае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады. На папярэднім паседжаньні пракурор Шарсьнёў запрасіў для Ласіцкага пакараньне ў выглядзе 6 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

«Прызнаю сваю віну па ўсіх эпізодах»

«Глыбока паважаны высокі суд. Практычна пра ўсё, што я хацеў, напэўна, сказаць, ужо сказала мая абаронца, — сказаў у сваім апошнім слове Ігар Ласіцкі. — Я хачу толькі акцэнтаваць увагу на некаторых пазыцыях.

Гэта тое, што я сапраўды па ўсіх эпізодах прызнаю сваю віну. Ні ў якой меры не зьбіраюся аспрэчваць ніводнага эпізоду, выказанага ў матэрыялах маёй справы. Усе прызнальныя паказаньні я даваў самастойна і бязь ціску.

Ігар Ласіцкі з адвакаткай, 11 студзеня 2019 году
Ігар Ласіцкі з адвакаткай, 11 студзеня 2019 году

У сваю чаргу яшчэ хачу папрасіць прабачэньня ў высокага суду і дзяржаўнага абвінаваўцы за слабасьць, дапушчаную падчас першага паседжаньня. Шкадаваньне сябе, у прынцыпе, адно з пачуцьцяў, якія ціснуць. Але пра абставіны сваёй хваробы я расказаў не таму, што хацеў некага разжаліць альбо зрабіць іх асноўнымі матывавальнымі фактарамі маіх учынкаў.

Я проста хацеў зьвярнуць увагу высокага суду на падзеі, якія адбываліся ў маім жыцьці ў той час. Напэўна, у сукупнасьці тая сямейна-бытавая сытуацыя і прыём дастаткова сур’ёзных лекавых прэпаратаў, незадаволенасьць працай у выніку ўнутранага канфлікту не дазволілі мне захаваць кантроль і асьцярожнасьць і не дапусьціць тыя злачынствы, якія я ўчыніў.

«Прашу суд улічыць стан майго здароўя»

Ва ўсім учыненым раскайваюся глыбока і шчыра. Прашу высокі суд улічыць усе зьмякчальныя абставіны, якія ёсьць у матэрыялах справы. Зьвярнуць увагу на тое, што я ва ўсім прызнаўся самастойна, напісаў яўку з павіннай. У дадатак хачу, каб суд улічыў стан майго здароўя, а таксама шматгадовую дзейнасьць у сыстэме аховы здароўя, адзначаную ня толькі мясцовымі ўладамі і ведамствам, а таксама Нацыянальным сходам і прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

Пры вызначэньні пакараньня прашу высокі суд прымяніць магчымую паблажлівасьць. Дзякуй».

«Павіннай галавы не сьцінаюць». Краўчонак папрасіў у суду пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі

Былы галоўны лекар 12-й клінічнай стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімер Краўчонак праходзіў у адной справе з былым намесьнікам міністра Ігарам Ласіцкім. У ягонай справе каля дзясятка эпізодаў атрыманьня хабару на сумы ад 10 тысяч даляраў да 300 беларускіх рублёў. Пракурор запрасіў для Краўчонка 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці — гэта мінімальнае пакараньне, прадугледжанае адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэксу. У апошнім слове Краўчонак сказаў, што глыбока раскайваецца ў крымінальных дзеяньнях.

Уладзімер Краўчонак
Уладзімер Краўчонак

«Пра ўсе эпізоды я паведаміў добраахвотна з прычыны свайго добраахвотнага раскаяньня. Прыбытак, атрыманы мной злачыннным шляхам, цалкам вернуты ў бюджэт дзяржавы. 28 чэрвеня 2018 году я заключыў дасудовае пагадненьне аб супрацоўніцтве. Усе ўмовы ўказанага дасудовага пагадненьня мной выкананыя.

Пры вызначэньні майго пакараньня прашу высокі суд прымяніць да мяне артыкул 70 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі і прызначыць пакараньне больш мяккае, чым прадугледжвае такое злачынства.

Падчас судовага разбору высьветлена, што я не дапускаў нейкіх службовых злоўжываньняў пры правядзеньні службовых закупак мэдыцынскага абсталяваньня і вырабаў мэдыцынскага прызначэньня. Мэдыцынскае абсталяваньне і вырабы мэдыцынскага прызначэньня закупляліся пры поўным выкананьні працэдуры закупак. Важна адзначыць і тое, што падчас дзяржаўных закупак набывалася самае якаснае мэдыцынскае абсталяваньне.

«Грошы мне перадавалі добраахвотна»

Так, як службовая асоба я парушыў закон. Я не адмовіўся ад грошай, якія мне добраахвотна перадавалі прадстаўнікі камэрцыйных арганізацый. Менавіта за гэта я абгрунтавана прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці і згодны несьці абгрунтаванае крымінальнае пакараньне...

Разам з тым прашу высокі суд з улікам артыкулу 70 Крымінальнага кодэксу Рэспублкі Беларусь прызначыць мне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Прашу з улікам усіх абставінаў справы, з выкананьнем мной усіх абавязаньняў, якія вынікаюць з пагадненьня аб супрацоўніцтве і матэрыялаў, што маюцца ў справе, якія характарызуюць мяне як кіраўніка, работніка і чалавека, прызначыць мне асноўнае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на любы тэрмін, без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Альбо прызначыць мне папраўчыя работы на любы тэрмін, вызначаны судом.

Сяброўства ў «Белай Русі» — зьмякчальная акалічнасьць

Пры вызначэньні пакараньня прашу высокі суд улічыць зьмякчальныя акалічнасьці — яўку з павіннай, шчырае раскаяньне, актыўную дапамогу ў выяўленьні злачынстваў, мае адпаведныя паводзіны падчас папярэдняга сьледзтва і прымяненьне да мяне меры стрыманьня.

Мае паводзіны падчас гэтага судовага працэсу, поўную кампэнсацыю грашовых сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

Уладзімер Краўчонак у судзе 4 студзеня 2019 году
Уладзімер Краўчонак у судзе 4 студзеня 2019 году

Маю доўгую і добрасумленную працу ў сфэры аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, узнагароджаньне мяне мэдалямі за працоўныя заслугі, а таксама іншыя шматлікія адзнакі.

Характарыстыкі, якія маюцца ў справе, хадайніцтвы, мой актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, сяброўства ў «Белай Русі», прафсаюзе мэдыцынскіх работнікаў і іншых.

Наяўнасьць на ўтрыманьні дачкі-студэнткі, неабходнасьць даглядаць састарэлых бацькоў. Бацька, 85 гадоў, інвалід другой групы, практычна ня ходзіць два гады. Маці 83 гады, з учорашняга дня знаходзіцца на лячэньні ў Менскай абласной бальніцы.

Прашу высокі суд таксама ўлічыць, што я зьяўляюся ўрачом найвышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Працую ўрачом-стаматолягам у філіяле № 1 7-й стаматалягічнай паліклінікі.

З улікам майго шчырага раскаяньня ва ўчыненым запэўніваю высокі суд, што маё выпраўленьне можа быць забясьпечанае і без пазбаўленьня волі. Прымяненьне да мяне пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, дазволіць мне працаваць урачом-стаматолягам, што з улікам майго досьведу і кваліфікацыі прынясе дзяржаве і гармадзтву нашмат больш карысьці, чым маё знаходжаньне ў месцах пазбаўленьня волі.

Існуе прымаўка «Павіннай галавы не сьцінаюць». Тое, што я шчыра і глыбока павініўся ва ўчыненых мной злачынных дзеяньнях, падцьверджана матэрыяламі крымінальнай справы. Прашу высокі суд не сьцінаць павіннай галавы, не пазбаўляць мяне волі, а дазволіць працаваць на карысьць людзей і нашай дзяржавы», — заявіў падсудны Краўчонак.

Прысуд у справе Ігара Ласіцкага і Ўладзіміра Краўчонка будзе агучаны 8 лютага.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG