Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура: «Трамп сказаў, каб мяне забілі»


Нікаляс Мадура
Нікаляс Мадура

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура ў інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп загадаў яго забіць.

«Без сумневу, Дональд Трамп [...] сказаў ураду Калюмбіі, мафіі Калюмбіі, каб яны мяне забілі. Калі са мной аднойчы нешта адбудзецца, то Дональд Трамп і прэзыдэнт Калюмбіі Іван Дуке будуць несьці адказнасьць за ўсё, што са мной адбываецца», — сказаў Мадура.

Ён дадаў, што вэнэсуэльская армія працягвае яго падтрымліваць, дэманструючы «ўрок маралі, вернасьці і дысцыпліны».

Пры гэтым Мадура ня стаў камэнтаваць інфармацыю аб тым, што яго ахоўваюць супрацоўнікі расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў.

«У мяне няма камэнтароў пра гэта», — сказаў ён.

Напярэдадні агенцтва Reuters са спасылкай на дзьве крыніцы, блізкія да наймітаў, паведаміла, што байцы прыватных вайсковых кампаніяў прыбылі ў Вэнэсуэлу ў апошнія некалькі дзён для забесьпячэньня бясьпекі Мадура падчас масавых пратэстаў, якія падтрымліваюць ЗША.

У інтэрвію Мадура таксама заявіў, што гатовы да перамоваў з апазыцыяй.

«Я гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй, каб мы пагаварылі на карысьць Вэнэсуэлы — для міру і яе будучыні», — сказаў ён.

Мадура чакае, што гэтыя перамовы будуць праходзіць пры пасярэдніцтве шэрагу краінаў, у тым ліку — Расеі.

«Ёсьць некалькі ўрадаў, арганізацыяў у сьвеце, якія дэманструюць сваю шчырую заклапочанасьць тым, што адбываецца ў Вэнэсуэле, яны заклікалі да дыялёгу. Урады Мэксыкі, Уругваю, Балівіі, Расеі, Ватыкану, некаторыя эўрапейскія ўрады падтрымліваюць заклік да дыялёгу», — сказаў Мадура.

Ён таксама выказаўся за правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, але ідэю датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў не пракамэнтаваў.

Напярэдадні шэраг эўрапейскіх краінаў заклікаў Вэнэсуэлу абвясьціць аб правядзеньні датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў на працягу васьмі дзён. У адваротным выпадку заходнія лідэры прызнаюць Хуана Гуайдо прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.

23 студзеня кіраўнік парлямэнту Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо на тле масавых пратэстаў у некалькіх гарадах абвясьціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта краіны. Ён заявіў, што вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Нікаляс Мадура, несапраўдныя. Гуайдо заклікаў вэнэсуэльцаў не сыходзіць з вуліц, пакуль Мадура не адмовіцца ад улады.

Гуайдо прызналі легітымным кіраўніком дзяржавы ЗША, Канада, Бразылія, Пэру, Аргентына, Парагвай, Калюмбія, Эквадор, Коста-Рыка, Чылі, Панама і Вялікая Брытанія.

Расея, Турэчына, Кітай, Куба і Балівія лічаць прэзыдэнтам Мадура.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG