На мітынгу 23 студзеня старшыня вэнэсуэльскага парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам — апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх перамог Нікаляс Мадура.
У часе акцыяў пратэсту загінулі ня менш за 4 чалавекі, некаторыя СМІ паведамляюць пра большую колькасьць ахвяраў — да 16. Інцыдэнтаў з грамадзянамі Беларусі ў Вэнэсуэле не зафіксавана, паведаміла беларускае Міністэрства замежных справаў.
Як адрэагаваў сьвет?
Сам Мадура пакуль не адмаўляўся ад прэзыдэнцкага крэсла.
Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам Злучаныя Штаты і амаль уся Лацінская Амэрыка (акрамя Балівіі і Кубы).
Эўразьвяз не прызнаў Гуайдо часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы і заклікаў правесьці новыя выбары, але падтрымаў парлямэнт і пратэстоўцаў. Падобнай пазыцыі прытрымліваецца Мэксыка.
Расея прызнае толькі Мадура.
Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
Хто такі Хуан Гуайдо?
5 студзеня 35-гадовага Гуайдо выбралі старшынём Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы — парлямэнту дзяржавы, апазыцыйнага да прэзыдэнта Нікаляса Мадура.
Паходзіць зь сям’і зь сярэдняй клясы, старэйшы з шасьці дзяцей.
Гуайдо вучыўся на інжынэра ва ўнівэрсытэце ў Каракасе, затым атрымаў адукацыю ў галіне дзяржаўнага кіраваньня ва ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона ў сталіцы ЗША і прыватным вэнэсуэльскім Інстытуце пэрспэктыўных дасьледаваньняў дзяржаўнага кіраваньня.
У 2009 годзе ён стаў сузаснавальнікам апазыцыйнай левацэнтрысцкай партыі «Народная воля» (Voluntad Popular) поплеч зь вядомым у Вэнэсуэле апазыцыянэрам Леанарда Лёпэсам (якога цяпер называюць мэнтарам Гуайдо).
У 2015 годзе Гуайдо быў выбраны ў Нацянальную асамблею ад свайго штату.
Патрабаваў пакараньня ўраду Мадура за парушэньне правоў чалавека, але прапаноўваў амністыю вайскоўцам, якія падтрымліваюць улады. У час пратэстаў 2017 году быў паранены ў шыю паліцэйскай гумовай куляй — застаўся шнар.
Калі і як у Вэнэсуэле пачаўся крызіс і наколькі ўсё кепска
Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Нікаляс Мадура. Праз эканамічную палітыку ягонага памерлага папярэдніка Уга Чавэса праблемы з харчамі і таварамі назіраліся ад 2005 году. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у эканамічных праблемах ЗША.
За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек.
90% насельніцтва аказаліся крайне беднымі, прадукты разьмяркоўваліся грамадзкімі радамі. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз кепскае харчаваньне зьменшылася на 11 кг.
Як разгортваўся палітычны крызіс
Нікаляс Мадура нарадзіўся ў 1962 годзе, ня мае вышэйшай адукацыі, працаваў кіроўцам аўтобуса, пакуль не пайшоў у палітыку. У 1998 годзе падтрымаў Уга Чавэса, стаў дэпутатам ад сталічнай акругі, затым у 2005 годзе старшынём парлямэнту, у 2006-м — міністрам замежных справаў. У 2013 годзе пасьля сьмерці Чавэса перамог на прэзыдэнцкіх выбарах.
Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысяч, а часам і сотні тысяч чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
Парлямэнт Вэнэсуэлы — Нацыянальная асамблея — кантралюецца апазыцыяй з выбараў 2015 году. У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але яго заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею.
У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але тую асамблею не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету. Апазыцыя правяла не прызнаны Мадура рэфэрэндум супраць канстытуцыйнай рэформы.
У 2018 годзе Мадура перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША (якія афіцыйна назвалі Мадура «ўзурпатарам улады»), Канада, Аўстралія і шэраг дзяржаваў Лацінскай Амэрыкі.
Чаму беларусы цікавяцца Вэнэсуэлай
Хоць беларускія ўлады нэўтральна выказваліся пра вэнэсуэльскі крызіс, але раней падтрымлівалі Мадура. На яго інаўгурацыі ў 2019 годзе была беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Ігарам Ляшэнкам.
Папярэдняга прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса лічыў сваім сябрам Аляксандар Лукашэнка. Па сьмерці Чавэса ў Беларусі абвяшчалі рэкордна працяглую трохдзённую жалобу, Лукашэнка асабіста лятаў на пахаваньне з сынам Мікалаем. У гонар Чавэса на ўскраіне Менску закладзены парк.
У пару прэзыдэнцтва Чавэса беларускія ўлады спрабавалі наладзіць шчыльную эканамічную супрацу з Вэнэсуэлай. За акіян пасылалі беларускіх будаўнікоў і інжынэраў, былі спробы пастаўляць нафту з Вэнэсуэлы ў Беларусь.
Ды пасьля сьмерці Чавэса таваразварот між Беларусьсю і Вэнэсуэлай упаў з 1,3 млрд даляраў да пары мільёнаў даляраў.