Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачынаюць вяртаць мігрантаў у Мэксыку


Мігранты з Цэнтральнай Амэрыкі на шляху ў ЗША, паўднёвая Мэксыка, 21 студзеня 2019
Мігранты з Цэнтральнай Амэрыкі на шляху ў ЗША, паўднёвая Мэксыка, 21 студзеня 2019

Сёньня, 25 студзеня, першая група мігрантаў, якія папрасілі палітычнага прытулку пасьля перасячэньня мэксыканска-амэрыканскай мяжы, будзе вернутая ўладамі ЗША ў Мэксыку. Там мігранты будуць чакаць разгляду іх прашэньняў іміграцыйнымі ўладамі.

Працэдура разгляду прашэньняў аб прытулку зьмененая празь месяц пасьля таго, як міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Кірстэн Нілсэн абвясьціла: мігрантаў будуць адпраўляць назад у Мэксыку, пакуль заявы будуць разглядацца ў Злучаных Штатах.

«Мы апавясьцілі мэксыканскі ўрад аб нашых намерах. У адказ Мэксыка прыняла незалежнае рашэньне аб тым, што яны абавязваюцца прыняць неабходныя меры на сваім баку мяжы», — заявіла Нілсэн.

Новая палітыка накіраваная на барацьбу з штораз большай колькасьцю мігрантаў з Цэнтральнай Амэрыкі, многія зь якіх, атрымаўшы адмову ў наданьні прытулку, заставаліся на тэрыторыі ЗША нелегальна.

ЗША і Мэксыка дасягнулі ў лістападзе пагадненьня, згодна зь якім мігранты, якія яшчэ не перасеклі паўднёвую мяжу, застаюцца ў Мэксыцы, пакуль іх запыты аб наданьні прытулку разглядаюцца амэрыканскімі ўладамі. У мінулым Мэксыка адмаўлялася прымаць мігрантаў, за выключэньнем мэксыканцаў, высланых са Злучаных Штатаў.

Адміністрацыя Дональда Трампа і, у прыватнасьці, Міністэрства ўнутранай бясьпекі крытыкаваліся пасьля таго, як Белы дом абвясьціў пра зьмены ў іміграцыйнай палітыцы. Адно з новаўвядзеньняў — забарона на падачу заяваў аб наданьні прытулку для тых, хто знаходзіўся ў ЗША нелегальна, іншае — патрабаваньне падаваць запыты на прытулак з тэрыторыі Мэксыкі, да перасячэньня мяжы ЗША, і чакаць там адказу. Абодва рашэньні ўладаў цяпер аспрэчваюцца праваабаронцамі ў судах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG