Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўжо і 20 сэкундаў фізычнай актыўнасьці хапае для паляпшэньня здароўя? Так!


Усяго толькі 20 сэкундаў бадзёрага хаджэньня па лесьвіцы некалькі разоў у дзень можа быць дастаткова, каб палепшыць аэробныя паказьнікі нашага арганізму. Пра гэта ў газэце The New York Times піша Грэтхэн Рэйналдз.

Да такіх высноваў прыйшлі аўтары новага дасьледаваньня, праведзенага ў Канадзе. Высьветлілася, што падтрымліваць сваю фізычную форму можна, не выходзячы з офіснага будынка.

Што было вядома раней

Раней ужо было вядома, што кароткія інтэнсіўныя трэніроўкі прыносяць арганізму вялікую карысьць і не саступаюць у гэтым сэнсе працяглым фізычным нагрузкам.

Але тады ўсё роўна мова ішла пра падыманьне цяжкасьцяў і выкарыстаньне бегавых дарожак і велатрэнажораў. Гэта заўсёды забірае дадатковы час, каб дабрацца да месца трэніроўкі. Цяпер высьвятляецца, што для кароткай і вельмі інтэнсіўнай нагрузкі ня трэба хадзіць у фітнэс-клюбы і залі.

Першы этап новага экспэрымэнту

Аўтары новага экспэрымэнту ва Ўнівэрсытэце Гамільтана ў Антарыё паставілі сабе за мэту максымальна скараціць працягласьць трэніроўкі і спрасьціць яе форму так, каб гэта магла рабіць максымальная колькасьць людзей.

У выніку пад’ём па лесьвіцы быў выбраны як адзін з прыдатных варыянтаў. Узыходжаньне па лесьвіцы патрабуе фізычных намаганьняў і разам з тым не патрабуе шмат часу, бо сходы ёсьць у любым офісным будынку.

Пра офісныя будынкі вядзецца таму, што ў іх мноства людзей працуе седзячы, а шкода ад сядзячай працы ў наш час ужо агульнавядомая.

У 2017 годзе навукоўцы апублікавалі вынікі першага свайго дасьледаваньня. Аказалася, што жанчыны, якія вядуць сядзячы лад жыцьця, на 12% палепшылі сваю фізычную кандыцыю, тры разы на дзень робячы хуткія 20-сэкундныя ўзыходжаньні па лесьвіцы на працягу шасьці тыдняў.

Другі этап

Падчас апошняга экспэрымэнту было вырашана вывучыць, ці мэтазгодна разьбіваць трэніроўкі на кароткія «фізычныя перакусы» на працягу працоўнага дня.

Для новага дасьледаваньня, вынікі якога былі апублікаваныя ў гэтым месяцы ў часопісе Applied Physiology, Nutrition, and Metabolism, навукоўцы адабралі 24 здаровых, але малаактыўных студэнтаў і вывучылі іх фізычную кандыцыю.

Пасьля ім было прапанавана ня проста інтэнсіўна падымацца на свой паверх па лесьвіцы, але дадаткова два разы ў дзень ўзьбягаць па ёй — звычайна ў абед і пасьля яго, пад вечар.

Падчас кожнага пад’ёму ўдзельнікі рабілі 60 крокаў, праходзячы тры пралёты. Гэта займала ў іх 20 сэкундаў. Усе тры дзённыя пад’ёмы занялі 1 хвіліну.

Пасьля шасьці тыдняў экспэрымэнту аказалася, што яго ўдзельнікі на 5% палепшылі сваё фізычнае здароўе! Таксама ва ўдзельнікаў павялічылася сіла цягліц ног, яны сталі паказваць лепшыя вынікі падчас язды на роварах.

Падсумаваньне

Гэта сьведчыць пра тое, што пэрыядычныя забегі па лесьвіцы могуць быць эфэктыўнай трэніроўкай, сказаў вядучы аўтар дасьледаваньня прафэсар Марцін Гібал, камэнтуючы атрыманыя вынікі.

Навукоўцы не заклікаюць замяніць звычайную фізычную актыўнасьць і спартовыя ці аэробныя практыкаваньні на кароткія прабежкі па лесьвіцы.

Але разам з тым кажуць, што гэта можа быць адным з магчымых спосабаў для занадта занятых людзей, якія ня маюць дастаткова часу, каб схадзіць у трэнажорную залю, басэйн ці на актыўны шпацыр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG