Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Устаньце з-за стала і станеце разумнейшымі


Газэта The New York Times апублікавала артыкул дырэктара адной з амэрыканскіх клінік псыхафармакалёгіі доктара Рычарда Фрыдмана, прысьвечаны новым высновам мэдыкаў што да ацэнкі фізычнай актыўнасьці людзей і яе ўплыву на фізычнае і псыхічнае здароўе.

Новае дасьледаваньне

Мы ведаем, піша Фрыдман, што працяглае сядзеньне за сталом зьвязана з рызыкай сардэчна-судзінных хваробаў і дыябэту. Але вось нядаўняе дасьледаваньне паказала, што сядзеньне таксама дрэннае і для мозгу.

Выснова мэдыкаў вельмі сур’ёзная — доўгае сядзеньне настолькі шкоднае, што нават рэгулярных фізычных практыкаваньняў можа быць недастаткова, каб нівэляваць шкоду ад сядзеньня.

чым больш часу вы праводзіце ў крэсьле, тым горш для здароўя мозгу, і тым горш гэта для навучаньня і памяці

Дасьледаваньне, праведзенае ва Ўнівэрсытэце Каліфорніі ў Лос-Анджэлесе, паказала, што сядзячы лад жыцьця зьвязаны са зьменшанай таўшчынёй мэдыяльнай скроневай долі, якая ўтрымлівае гіпакамп — вобласьць мозгу, якая мае вырашальнае значэньне для навучаньня і памяці.

Дасьледчыкі апыталі групу з 35 здаровых людзей ва ўзросьце ад 45 да 70 гадоў пра ўзровень фізычнай актыўнасьці і сярэдняй колькасьці гадзін кожны дзень, праведзеных седзячы, а затым сканавалі іх мозг магнітна-рэзанансным тамографам. Аказалася, што таўшчыня мэдыяльнай скроневай долі зваротна карэлюецца з узроўнем рухомасьці — у тых, хто сядзіць больш, скроневая доля была самай тонкай.

Высновы

Адпаведна, можна зрабіць выснову, што чым больш часу вы праводзіце ў крэсьле, тым горш для здароўя мозгу, і тым горш гэта для навучаньня і памяці.

Вядома, дасьледаваньне ня можа 100-адсоткава даказаць, што гэтая сувязь зьяўляецца прычыннай. Цалкам магчыма, што людзі з ужо існуючымі пазнавальнымі праблемамі могуць весьці больш сядзячы лад жыцьця. Але самі аўтары дасьледаваньня кажуць, што такое тлумачэньне малаверагоднае.

фізычныя практыкаваньні, нават зьнясільваючыя, ня могуць быць дастатковай абаронай ад шкоднага ўзьдзеяньня сядзеньня

Затое вельмі інтрыгуючым вынікам новага дасьледаваньня аказаўся такі: фізычныя практыкаваньні, нават зьнясільваючыя, ня могуць быць дастатковай абаронай ад шкоднага ўзьдзеяньня сядзеньня.

Вось гэтую выснову аўтараў і камэнтуе Рычард Фрыдман. Ён нагадвае, што ў старажытнай Грэцыі нават існавала філязофская школа гіпапатэтыкаў, назва якой узьнікла ад грэцкага слова περι-πατέω — хадзіць вакол. Гэта былі пасьлядоўнікі Арыстоцеля, які, як вядома, любіў чытаць лекцыі, прагульваючыся са сваімі вучнямі.

Хадзіць ці стаяць

Паводле Фрыдмана, пакуль няясна, што чалавеку спрыяе ў вэртыкальным становішчы — большы прыток крыві да мозгу, або сама нестандартная для думаньня поза разбурае лінейнае мысьленьне і спрыяе больш асацыятыўнаму разумоваму працэсу.

вы не павінны нават шмат рухацца, каб павысіць пазнавальную функцыю — хітрык у тым, што дастаткова проста стаяць

У кожным выпадку, робіць выснову Фрыдман, вы не павінны нават шмат рухацца, каб павысіць пазнавальную функцыю — хітрык у тым, што дастаткова проста стаяць.

І гэта пацьвердзіла яшчэ адно нядаўняе дасьледаваньне. Некалькі дзясяткаў амэрыканскіх старшаклясьнікаў на працягу 27 тыдняў вучыліся за стаячымі партамі. У канцы дасьледаваньня навукоўцы выявілі значнае паляпшэньне функцый выканаўчай і працоўнай памяці.

І вось цяпер, заканчвае свой артыкул доктар Фрыдман, вы можаце ўстаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG