Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі МЗС краінаў ЭЗ ухвалілі санкцыі адносна Расеі ў сувязі з атручэньнем Скрыпалёў


"Башыраў" і "Пятроў" у Солсбэры
"Башыраў" і "Пятроў" у Солсбэры

Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу на сустрэчы ў Брусэлі ў панядзелак узгаднілі санкцыі супраць асобаў, якія мелі дачыненьне да нападаў з выкарыстаньнем хімічнай зброі.

Гаворка ідзе пра замах на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у брытанскім Солсбэры і пра хімічныя атакі ў Сырыі. ЭЗ упершыню ўводзіць санкцыі ў сувязі з выкарыстаньнем хімічнай зброі.

У санкцыйны сьпіс уключаныя чацьвёра грамадзян Расеі. гэта супрацоўнікі расейскай вайсковай выведкі Анатоль Чапіга (вядомы як «Руслан Башыраў») і Аляксандар Мішкін ( «Аляксандр Пятроў»), а таксама цяперашні начальнік ГРУ Ігар Касьцюкоў і яго намесьнік Уладзімір Аляксееў. Таксама ў санкцыйны сьпіс трапілі 5 грамадзянаў Сырыі і адна сырыйская юрыдычная асоба.

Санкцыі прадугледжваюць замарожаньне рахункаў і візавыя абмежаваньні.

«Да прыняцьця рашэньня ЭЗ правёў доўгае і вельмі паглыбленае вывучэньне ўсіх законных падставаў. Гэта неабходна для аргумэнтацыі пры магчымым будучым судовым абскарджаньні. Я ўпэўненая, што цяперашняе ўвядзеньне санкцый было зробленае на вельмі трывалай законнай аснове», — заявіла вярхоўная прадстаўніца ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні.

У Маскве нэгатыўна ставяцца да гэтага рашэньня ЭЗ, заявіў журналістам прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў. Паводле яго, ніякіх канкрэтных доказаў ужываньня хімічнай зброі на тэрыторыі Вялікабрытаніі і датычнасьці да атручэньня Скрыпалёў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава ў Крамлі ня ведаюць. Усё, што вядома, гэта — «набор фатаграфій гэтых двух грамадзянаў, якія сталі знакамітымі» — сказаў Пяскоў.

Былы агент ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаныя высокатаксычным рэчывам «Навічок» у Солсбэры 4 сакавіка. Пасьля доўгага лячэньня яны выжылі. Памерла брытанская грамадзянка, якая, гледзячы па ўсім, выпадкова стала ахвярай «Навічка». Інцыдэнт прывёў да рэзкага абвастрэньня адносін паміж Вялікабрытаніяй і Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG