Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На колькі беларускі рубель дэвальваваўся за год. І што гэта значыць


Напрыканцы 2018 году, паводле афіцыйных дадзеных Нацыянальнага банку Беларусі, 1 даляр пачаў каштаваць для беларусаў на 18 капеек даражэй (2,16), чым за яго плацілі ў студзені 2018-га. Калі перавесьці капейкі ў працэнты, то гэта амаль 8,5%. То бок на гэтулькі адбылася дэвальвацыя беларускага рубля адносна «зялёнага».

Сытуацыю для Свабоды камэнтуюць незалежныя эканамісты.

Жаліба: Дэвальвацыя — гэта аслабленьне курсу беларускага рубля

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Прафэсар Барыс Жаліба кажа, што дэвальвацыю (аслабленьне грашовай адзінкі) ня трэба блытаць з інфляцыяй (рост цэнаў).

«У дадзеным выпадку размова ідзе пра аслабленьне курсу нашай нацыянальнай грашовай адзінкі да даляра. Скажам, нейкі жыхар Беларусі ў студзені летась мог купіць на свае рублі адну тысячу даляраў. Але зь нейкіх прычын ён гэтага не зрабіў. А калі пайшоў у сьнежні ў банк, то за тую ж самую суму рублёў ён мог набыць толькі 920 „зялёных“. Вось што такое дэвальвацыя на 8%», — тлумачыць аналітык.

Марголін: Ужо няма сэнсу трымаць рублі ў банку

Леў Марголін
Леў Марголін

Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму пры такім аслабленьні рубля губляецца стымул мець рублёвыя ўклады.

«Возьмем найлепшы варыянт — дэпазыт на 13 месяцаў пад 13% гадавых. Калі зьмінусаваць 8%, то застаецца ў плюсе толькі 5%. Дадайце да гэтага афіцыйную інфляцыю летась у памеры 5,6%. У найлепшым выпадку нічога ня страціш. А рэальна дык яшчэ і прайграеш», — камэнтуе эканаміст.

Ён кажа, што галоўная прычына высокай дэвальвацыі — моцная прывязка беларускай эканомікі да расейскай:

«Падае расейскі рубель — разам зь ім падае і беларускі. Мы прывязаныя і да тых бонусаў, якія атрымліваем з Масквы. І калі яны сёлета істотна скароцяцца, то ня выключана, што беларускі рубель будзе „худнець“ хутчэй за расейскі».

Заіка: Прапаную скараціць заробак Лукашэнкі і колькасьць чыноўнікаў на 8%

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка гаворыць Свабодзе, што 8% — гэта вялікая лічба.

«У эканамічным мэханізьме краіны расхісталіся ніты і гайкі. А дэвальвацыя аслабляе і сам корпус».

Экспэрт дадае, што беларуская эканоміка для аналізу даволі закрытая. Але памер дэвальвацыі вельмі выразна паказвае яе стан.

«Таму ў мяне і нарадзіліся нават не адна, а дзьве прапановы. Першая — па выніках 2018 году зьменшыць заробак прэзыдэнта на 8%, і другая — на тыя ж 8% скараціць колькасьць чыноўнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG