Прагноз Мінпрацы не выглядае надта аптымістычным — рост слабейшы, чым раней. Але папярэдні прагноз ураду яшчэ горшы: рост «каля нуля».
Плюс 3,5% за 2019 год
Па выніках 2019 году Міністэрства працы Беларусі чакае росту рэальных заробкаў беларусаў на 3,5%, перадае БелТА заяву міністаркі Ірыны Касьцевіч. У бюджэтнай сфэры чакаюць крыху большага росту — на 4,5% (сыстэму разьліку заробкаў бюджэтнікаў хочуць зьмяніць, праект указу ўжо падрыхтаваны). Гаворка тут ідзе не пра намінальныя заробкі (колькі рублёў налічана або атрымана на рукі), а менавіта пра рэальныя (колькі можна купіць за атрыманыя грошы).
Аляксандар Лукашэнка раней ставіў блізкую задачу рэальнага грашовага даходу: рост на 3,4% за 2019 год.
Раней расло хутчэй
Гэта меншыя тэмпы росту, чым былі раней. За 2018 год рэальныя заробкі вырасьлі на 10,2% (у бюджэтнікаў на 13,1%), за 2017-ы — на 6,9% (у бюджэтнікаў — на 4,6%). Чаму Мінпрацы чакае запавольваньня тэмпаў росту, не ўдакладняецца.
Усё яшчэ не «па пяцьсот»
Як за год зьмяніліся намінальныя заробкі, пакуль не паведамлялася: пакуль ёсьць зьвесткі толькі за лістапад. У лістападзе 2018 году сярэдні налічаны заробак (да вынятку падаткаў і збораў) склаў 994 рублі, што на 12,7% больш за лістапад-2017. Але гэта ўсё роўна ня 1000 рублёў, або 500 даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае беларусам ужо 12 гадоў. Тыя 994 рублі, паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, гэта 468,29 даляра. І адносна кастрычніка паказьнік ня вырас, а ўпаў на 5,7 рубля.
Урад не чакае амаль ніякага росту заробкаў
Дакладнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2019 год пакуль у Беларусі не публікавалася. Але праект прадугледжваў, што на канец году сярэдні заробак вырасьце да 1134,7 рубля, на 5,65% ад прагназаваных на сьнежань 1074 рублёў. Інфляцыя тым часам «не павінна перавышаць 5%» (так лічаць Нацбанк і Лукашэнка). Гэта значыць, у 2019-м у людзей намінальна будзе больш грошай, але застанецца амаль такая ж пакупніцкая здольнасьць — рэальны заробак амаль ня вырасьце.
Рост пэнсіяў можа таксама запаволіцца
Раней у перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» Касьцевіч казала пра такія задачы: давесьці заробкі ў бюджэтнай сфэры да ня менш як 80% ад сярэдніх па краіне, пэнсіі па ўзросьце — да 40% сярэдняга заробку. Гэта значыць, падлічыла яна, пэнсіі трэба падымаць ня менш як на 14% за 2019 год (за мінулы год яны намінальна вырасьлі на 20%, а рэальна на 16%). За сьнежань сярэдняя пэнсія па ўзросьце была роўнай 394 рублі.